Пра сваю творчасць распавядае паэт і музыка старшыня Каложскага брацтва Анатоль Калкоўскі.
Пра аўтарскую, гэтак званую бардаўскую песню, ужо шмат сказана і напісана. Але што ўяўляе сабой аўтарская песня рэлігійнага, хрысціянска-праваслаўнага зместу і чым яна адрозніваецца ад аўтарскай песні свецкай (турыстычнай, ваенна-патрыятычнай і г.д.)?
А адрозніваюцца яны вельмі моцна і, найперш, зместам, як тэкставым, гэтак і музычным. Аўтарская песня духоўнага зместу заўсёды настаўляе: кліча да Бога, да пакаяння, міласэрнасці, любові і іншых дабрачыннасцей. З майго пункту гледзішча, любая песня мусіць быць настаўленчай. Калі ж песня не навучае, то яна пераўтвараецца ў марнаслоўе. Аўтарская песня рэлігійнага зместу з’яўляецца, свайго роду, казанню.