Падарожжа па мясцінах роднага краю

18 кастрычніка 2014 года маладыя прыхаджане Каложскай царквы разам са святаром Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы протаіерэем Георгіем Роем здзейснілі краязнаўчую паездку ў Шчучынскі раён, каб бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй хрысціянскай веры ў Беларусі, культурай і гісторыяй роднага краю. Першым месцам, куды прыбылі калажане, стаў праваслаўны храм-крэпасць Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Мураванка. Гэты храм, пабудаваны ў XV-XVI стагоддзях у стылі позняй готыкі, па праве адносіцца да ліку найбольш цікавых на беларускай зямлі. Удзельнікі экскурсіі не толькі пачулі падрабязны аповед пра гісторыю храма-крэпасці, але і атрымалі ўнікальную магчымасць падняцца ў абарончыя вежы царквы, што выклікала ва ўсіх удзельнікаў паездкі непадробную цікавасць.

Затым экскурсія працягнулася, і вандроўнікі наведалі шэраг каталіцкіх храмаў: касцёл Яна Хрысціцеля ў в. Старыя Васілішкі (XVIII стагоддзе) і касцёл святых Пятра і Паўла ў в. Васілішкі (пач. XX стагоддзя), у якіх айцец Георгій на практычных прыкладах паказаў адрозненні ва ўнутранай прасторы праваслаўнай царквы і касцёла. У касцёле св. Пятра і Паўла ўвагу падарожнікаў прыцягнулі штучна зробленыя пячоры, у якіх паказана скульптурная кампазіцыя пакланення валхвоў немаўлятку Ісусу. Храмы, у якіх пабывалі калажане, адносяцца да розных канфесій, эпох і архітэктурных стыляў: готыкі, позняга барока і неаготыкі, аднак кожны па-свойму цудоўны. А на зваротным шляху падарожнікі агледзелі плаціну Гродзенскай ГЭС. Па заканчэнні экскурсіі, маладыя вандроўнікі пераканаліся, наколькі багатая культура беларускага краю і падзяліліся наступнымі ўражаннямі:

- Недарэчна захапляцца прыгажосцю чужых краін, не ўбачыўшы ўсё хараство сваёй Радзімы. Мы імкнемся наведаць знакамітыя іншаземныя гістарычныя помнікі, забываючы пра свае святыя, але менш знакамітыя і таму менш наведваемыя месцы. Такім цікавым месцам стала для мяне царква Мураванка (Дар'я Вьюнова).

 

- Пад вялікім уражаннем я застаўся пасля наведвання храма абарончага тыпу ў Мураванцы. Уздымаючыся па вузкіх вінтавых лесвіцах царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, я нібы перанёсся ў эпоху Сярэднявечча. Гэтая царква сапраўдная крэпасць: таўшчыня сцен дасягае двух метраў, па ўсім яе перыметры размешчаныя дзясяткі байніц, а з вежаў мясцовасць выдатна праглядаецца на некалькі кіламетраў. Таксама мяне здзівіла тое, што храм пабудаваны ў заходнееўрапейскай архітэктурнай традыцыі, што больш уласціва менавіта каталіцкім храмам (Аляксандр Перагудаў).

 

- Гэтая неверагодная вандроўка раскрыла краявід багаццяў нашай зямлі. Лясы, праз якія мы ехалі, сваім хараством адкрывалі шлях да помнікаў нашых продкаў. Трыўмф восені, што ўрэшце рэшт перамагла лета, надаваў царкве і касцёлам шарм асобасці і велічнасці. Агаліліся ня толькі дрэвы, але і пакой, які абвяшчалі дамы Бога. А колькі таямніц хавае ў сабе Мураванка? Ад тых, хто і калі яе закладаў, да тых, чые душы і дагэтуль знаходзяць тут спакой ад пакут. Гісторыя хавае адказы ў спіралі вечнасці. Спіралепадобная лесвіца ёсць і ў вежы храма. Аднак колькі мы не падымаліся, вецер уносіў тое, што хацеў схаваць, затое адкрываў спакойную сучаснасць наваколля, без грыму гармат і гвалту над людзьмі. У двух касцёлах, дзе мы былі, была адна рэч, якая падкрэслівала сакральнасць гэтых месцаў. Гэта былі вітражы. Колькі самых розных колераў і іх адценняў ажыўляў сонечны свет. Яны падштурхалі маліцца і праслаўляць імя Божае, кім бы ты ня быў. На адным з вітражоў акрамя біблейскіх матываў быў малюнак сучаснай моладзі з торбамі, якая гуртавалася вакол святара. І гэта так здзівіла. Чырвоны касцёл св. Пятра і Паўла яшчэ здалёк уразіў сваё стромкасцю і вышынёй. Сама па сабе восень была казкай, аднак увайшоўшы туды, я зразумеў што гэта ўжо іншы свет. Алтар з тысячамі водгукаў фіялетавых фарбаў прымаў жыццё з такіх жа багата аздобленых шклом вітражоў. Тут была сярэднявечнасць. Я быў сведкам італьянскага ці французскага праслаўнення Спадара Бога на зямлі. Нездарма, калі мы прыехалі, яго так старана прыбяралі прыхаджане, а адна з іх – бабуля – шчыра запрашала ўвайсці, прамаўляючы, што такога касцёлу мы яшчэ не бачылі. І сапраўды. Гэта адно з тых месцаў, куды хочацца вяртацца. Я адкрываў для сябе ісціны, да якіх немагчыма дакрануцца не пабачыўшы гэтых мясцін. Я не пашкадаваў, што быў у гэтых мясцінах, бо час не праведзены дарма – пражыты час (Антось Арцюх).