Аўтарская песня. Праваслаўны погляд

Пра сваю творчасць распавядае паэт і музыка старшыня Каложскага брацтва Анатоль Калкоўскі.

Пра аўтарскую, гэтак званую бардаўскую песню, ужо шмат сказана і напісана. Але што ўяўляе сабой аўтарская песня рэлігійнага, хрысціянска-праваслаўнага зместу і чым яна адрозніваецца ад аўтарскай песні свецкай (турыстычнай, ваенна-патрыятычнай і г.д.)?

А адрозніваюцца яны вельмі моцна і, найперш, зместам, як тэкставым,  гэтак і музычным. Аўтарская песня духоўнага зместу заўсёды настаўляе: кліча да Бога, да пакаяння, міласэрнасці, любові і іншых дабрачыннасцей. З майго пункту гледзішча, любая песня мусіць быць настаўленчай. Калі ж песня не навучае, то яна пераўтвараецца ў марнаслоўе. Аўтарская песня рэлігійнага зместу з’яўляецца, свайго роду, казанню.

Некаторыя кажуць, што не варта ў аўтарскіх песнях закранаць царкоўную тэматыку. Маўляў, у царкоўных песнапеннях ёсць усё неабходнае дзеля нашага выратавання. Я згодны, што царкоўнае песнапенне немагчыма нічым замяніць. Але аўтарская песня духоўнага зместу не з’яўляецца спробай замены царкоўных песнапенняў. Яна з’яўляецца нібыта мастком ад свецкасці да царкоўнасці. Не ўсе ж могуць адразу ўспрыняць і зразумець вучэнне Хрыста. Ёсць людзі, якім незразумелая мова Царквы. А аўтарская песня ў нейкай ступені палягчае гэта. Шмат хто можа запытацца, а чаму менавіта аўтарская песня, а ні якая іншая ўзяла на сябе гэтую функцыю? Я адкажу так. Таму што аўтарская песня з усіх іншых сучасных песенных жанраў заўжды мела найбольш глыбокі, душэўны змест. Вядома ж, ёсць і выключэнні, гэтак званыя блатныя песні.

Чым жа для мяне, чалавека, які сам піша песні духоўнага зместу, з’яўляецца мая творчасць? Пісаць я пачаў каля 15 гадоў назад. Спачатку спрабаваў на чужыя вершы сачыняць мелодыі. Потым, па міласці Божай, пачаў прабаваць пісаць і свае тэксты. Усё гэта было яшчэ да майго ўцаркаўлення, і мае песні насілі свецкі характар. Але калі я прыйшоў да веры, характар маіх песень пачаў змяняцца. Па меры ўцаркаўлення яны набывалі іншае гучанне, іншую сэнсавую афарбоўку. Першы мой публічны выступ перад вялікай аудыторыяй адбыўся на праваслаўным відэалекторыі ў кінатэатры імя А.С. Пушкіна. Некалькі разоў я таксама выступаў на радыё “Гродна”, удзельнічаў у вечары музыкі і паэзіі, які арганізавала Свята-Барыса-Глебскае (Каложскае) брацтва ў Новым замку. З боку, вядома, лепш відаць, што ў сябе нясуць мае песні, як уздзейнічаюць на душы слухачоў. Таму рабіць вывад аб сваіх песнях я не стану. Але проста хачу сказаць, што для мяне мае песні – гэта і размова з Богам, а значыць малітва, і слова да бліжняга, і размова са сваёй душой.

 


Старшыня Свята-Барыса-Глебскага брацтва Анатоль Калкоўскі. 2002 г.