"Cтварэнне іконы не проста творчая праца, гэта хрысціянскі подзвіг"

Піша Ірына Новік у “Твой стыль”.

Вышываныя іконы ручной працы гарадзенскай майстрыхі Галіны Курносавой можна пабачыць у царкве Каложскай іконы Божае Маці. Пра жыццёвыя сцежкі, якія прывялі яе да Бога, пра спакусы у творчым пошуку іканапісца, пра сям’ю і падтрымку добрых людзей “Твайму Стылю” распавялі аўтарка выставы і яе муж, а таксама протаіерэй Георгій Рой.

Галіна Пятроўна Курносава:

- Вышываць я пачала выпадкова. У сорак сем гадоў мне прыйшлося сысці з працы па стану здароўя, у мяне аднялася правая рука. Вышываць трэба было, каб руку распрацоўваць, бо яна падымалася толькі на пятнаццаць градусаў. Тады я не думала, што буду вышываць менавіта іконы. Шчыра кажучы, я ў той момант вельмі пала духам, бо неяк нечакана і рэзка ўсё гэта адбылося. Я нават не думала, што ўвогуле буду жыць.

Але аднойчы мне ў рукі патрапілі маленькія іконы - пісаныя абразы. Мне іх прынесла адна знаёмая. Я тады нічога не разумела ў іконах – чые там выявы, што напісана, але гэтыя абразы вельмі мяне ўразілі. І я вырашыла іх вышыць, каб пакінуць ад сябе дзецям на добры ўспамін. Вось так усё і пачалося, з Боскаю дапамогаю і пайшло, зараз шаснаццаць год ужо, як я вышываю.

Аднаго разу я ў шпіталі ляжала, а ў той самы час там на лячэнні быў зараз ўжо пакойны айцец Пётр (Каліноўскі). Ён пабачыў мае працы, блаславіў мяне і адвёў у царкву Сабора Ўсіх Беларускіх Святых. Ён стаў мне духоўным бацькам, з яго дапамогаю праца стала больш асэнсаванай, духоўна паглыбленай. І ў гэтую пару ў мяне ужо многа пытанняў узнікла, ён дапамагаў мне разбірацца, што і як.


Напрыклад, мяне непакоіла, што лікі на маіх вышываных іконах падобныя да маіх знаёмых ці блізкіх, так атрымлівалася, не ведаю чаму, я хвалявалася, можа тут нешта не так. Але ён мне распавёў, што так атрымліваецца таму, што чалавек створаны па вобразу і падабенству Боскаму. Яго падтрымка і дапамога прывялі мяне на гэты шлях. І я зараз хачу падзякаваць нашай праваслаўнай царкве за яе давер, за блаславенне, за духоўную падтрымку. Усім святарам хачу падзякаваць, найперш айцу Анатолію Ненартовічу, які зараз з’яўляецца настаяцелем храма Сабора Ўсіх Беларускіх Святых, айцу Аляксандру з Уладзімірскай царквы, куды хадзілі яшчэ мае бабуля і мама, дзе вянчаліся мае дзеці.

Протаіярэй Георгій Рой:

- Працэс стварэння іконы гэта не проста творчая праца, гэта хрысціянскі подзвіг. І я ведаю, што праца іканапісцаў, людзей, якія ствараюць іконы, яна ў пэўнай ступені духоўна небяспечная, спакусы розныя узнікаюць… Пра гэта сведчаць і кажуць людзі. Таму, каб стварыць святы вобраз, пераадолець гэту спакусу, патрэбна пэўная духоўная моц, духоўная засяроджанасць чалавека. І сапраўды, заўсёды бачыш, якую духоўную сілу нясе той ці іншы вобраз, якая духоўная праца была зроблена, а не толькі творчая. Бывае і так, што выкананне творча дасканалае, але як бы сказаць… не кранае. А бывае, што і пры наяўнасці нейкіх недасканаласцяў вобраз мае моцную духоўную сілу. І калі нехта бярэ на сябе такі подзвіг, гэта выклікае павагу і радасць, што ёсць людзі, гатовыя прайсці гэты шлях. Гэта сведчыць, што яны сапраўды імкнуцца да Бога, бо без такой духоўнай працы, без шчырага імкнення выніку немагчыма дасягнуць.

Галіна Пятроўна Курносава:

- Тэхіка, ў каторай я выконваю свае працы, называецца "старажытнае вонкавае и залатное шытво", гэта адзін са спосабаў вышывання процягам, які выкарыстоўваўся прыкладна да пятнаццатага стагоддзя. Але акрамя авалодання тэхнікай, для майго станаўлення як майстра важнай была і застаецца падтрымка сям’і. Мой муж, Аляксей Уладзіміравіч Курносаў, трывае мяне і маю працу. Ён някепска малюе и дапамагае мне, а яшчэ афармляе вышытыя працы – палатно нацягнуць, рамкі зрабіць – гэта ўсё яго рукамі робіцца. Я вельмі яму ўдзячна. І ўсім людзям, хто мяне падтрымлівае, таксама хацела б выказаць вялікую падзяку. Ведаеце, ікону немагчыма стварыць аднаму. Праз людзей, праз бібліятэкі прыходзяць кнігі, матэр’ялы… гэтыя каменьчыкі, пэрлы каштоўныя, гэта ўсё людзі ахвяравалі на іконы, адна я б гэтага не зрабіла.

Аляксей Уладзіміравіч Курносаў:

- Мне гэтае жончына захапленне вельмі падабаецца. Яе творчая праца звязана не толькі з мастацкімі аспектамі, але і з духоўнай працай. Дзякуючы гэтаму я таксама далучыўся да царквы, стаў больш чытаць духоўнай літаратуры, жыццяў святых, пачаў разбірацца ў іконах. Гэта ўсё узбагачае жыццё, бо ў выхаванні нашага пакалення такога не было. А аказалася, што гэты пласт гісторыі і духоўнага жыцця велімі цікавы і глыбокі. Дзякуючы жонцы і я змог да яго дакрануцца і вельмі рады, што мы маем такі занятак.

Наведаць выставу можна да 6 жніўня.