Ці мела Каложская царква вежу-званіцу?

Выгляд Каложы па версіі Ул. БачковаВыгляд Каложы па версіі Ул. БачковаПачынаючы з другой паловы ХІХ ст. археолагі, гісторыкі і архітэктары стварылі каля дзясятка розных варыянтаў магчымага першапачатковага выгляду старажытнай Барысаглебскай царквы ў Гродне.

Усе гэтыя варыянты маюць некаторыя агульныя рысы, але наогул вельмі моцна адрозніваюцца адзін ад другога. І гэта зразумела – нават першыя выявы царквы на гравюрах другой паловы XVI ст. ужо паказваюць нам храм, які страціў свой пачатковы выгляд за чатыры стагоддзі існавання.

У дадатак да ўсяго ў сярэдзіне ХІХ ст. храм настолькі моцна разбурыўся, што мы страцілі магчымасць нават даследаваць гісторыю перабудоваў паўднёвай і часткі заходняй сцяны будынка, а таксама раскапаць ягоныя падмуркі ў гэтым месцы. Ацалела толькі некалькі малюнкаў Каложскай царквы, зробленых незадоўга да разбурэння. Усе яны, калі паглядзець на заходні фасад храма, адлюстроўваюць адну вельмі цікавую акалічнасць – гэты фасад царквы быў не сіметрычны. З правага боку (калі стаць тварам да храма) добра відаць вельмі шырокую, нехарактэрную для царквы лапатку. З левага ж боку лапатка звычайная, вузкая, такая самая як і на іншых сценах Каложы. З даследчыкаў, якія спрабавалі аднавіць выгляд храма, на гэтую акалічнасць звянуў увагу, здаецца, толькі Ул. Бачкоў, які на сваёй рэканструкцыі прадоўжыў гэтую лапатку-плоскаць невялікай плоскай вежачкай, якая “вырастае” са сцяны. Такія “плоскія” званіцы характэрныя для пскоўскай архітэктуры, на такую званіцу нельга было ўзлезці, званар стаяў на зямлі.

Аднак, на наш погляд, канцэпцыю Ул. Бачкова можна істотна дапоўніць. І зрабіць гэта можна з увагі на некалькі фактаў. Прыгледзімся да малюнкаў храма напярэдадні разбурэння. Фасад царквы досыць густа пакрыты маёлікавымі крыжамі, адзін крыж бачны і на захаванай дасюль вузкай лапатцы фасада. А вось на шырокай знішчанай праз нейкі час паводкам частцы сцяны нябачна ніводнага крыжа, толькі камяні, ды і тое нейкія дробныя, размешчаныя зусім хаатычна.

Чаму ж такая вялікая частка галоўнага фасада храма, не была ўпрыгожана крыжамі? Мы, на жаль, ужо ніколі не зможам даследаваць гэтую сцяну, яе будаўнічы матэрыял і гісторыю, аднак цалкам можна дапусціць, што шырокая лапатка ў ХІІ ст. не была знешняй сценкай царквы. Гэта была ўнутраная сцяна чатырохкутнай вежы-званіцы, якая моцна выступала з аб’ёму царквы. Такому дапушчэнню ёсць яшчэ адзін доказ – падмурак храма ў Ваўкавыску, які цалкам справядліва адносяць да гродзенскай архітэктурнай школы. Гэты падмурак акурат быў закладзены з разлікам на тое, што храм будзе мець такую званіцу. Несіметрычнасць галоўнага фасада царквы на Каложы – доказ таму, што і наша гродзенская царква мела такую званіцу, а ваўкавыскі храм з’яўляецца найбліжэйшым “сваяком” Каложы. Можа нават больш блізкім, чым Ніжняя Царква на Замкавай гары.

Андрэй Вашкевіч
harodnia.com

 

 


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

 

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)