Гістарычныя аповеды. Аповед пяты. Каложскі манастыр. Час выпрабаванняў

Карта Гародні 1706 года (фрагмент з Каложскім манастыром)Карта Гародні 1706 года (фрагмент з Каложскім манастыром)Уважлівы чытач памятае, што апошні аповед закончыўся спрэчкай паміж праваслаўнымі і грэка-каталікамі, каму павінен належаць манастыр. І, як ведаеце, канчаткова  манастыр застаўся за апошнімі. Але гісторыя не заканчваецца на гэтым. Лёс падрыхтаваў шмат выпрабаванняў манастыру, і сёння мы працягнем нашу гістрычную вандроўку.

У 1630-я гады манастыр набыў «две уволоки земли в Бакштах» (верагодна, сёння гэта аграгарадок у Шчучынскім раёне). Архімандрыт Каложскага манастыра аднавіў там царкву, і ,як сведчыць І. Кульчынскі, па прадстаўленні мітрапаліта ён атрымаў ад яго міласці караля Уладзіслава IV прывілей, згодна якому «Бакштанская церковь … придана была навсегда монастырю».

Кожны раз, ледзь манахі і набожныя міране паспявалі аднавіць манастырскія пабудовы і наладзіць мірнае жыццё, дзе нішто не адцягвае ад працы і малітвы, як зноў і зноў з'яўляліся інтэрвенты і руйнавалі манастыр, які для іх не ўяўляў ніякай каштоўнасці. Размяшчэнне манастыра было даволі ўдалым – цудоўная пазіцыя для стральбы і назіральны пункт за каралеўскім замкам, які размешчаны на суседнім узгорку. І гэтым, зразумела, карысталіся войскі, што абложвалі замак. Існуе паданне, што ў адну з войнаў, у якой царква страціла свой дах і скляпенні сцен, яна была даверху засыпаная пяском, наверх былі паднятыя гарматы, з якіх войскі суперніка абстрэльвалі замак. Хто гэта быў: маскоўскія войскі або шведскія і ў якім стагоддзі гэта было, сёння цяжка сказаць. Ды і ці было наогул?

Укладальнік «Хроники» архімандрыт Ігнацій Кульчынскі пры напісанні сваёй працы акрамя афіцыйных дакументаў манастырскага архіва карыстаўся і нататкамі манаха Карла Матусевіча, які жыў у канцы XVII - пачатку XVIII стагоддзяў. Гэтыя нататкі прадстаўляюць жывую цікавасць, паколькі напісаныя ад імя непасрэднага сведкі тых даўніх падзей.

Пасля спусташальнай вайны з Расіяй у 1654-1667 гадах царква і манастыр (роўна як і ўвесь край) доўгі час стаялі апусцелымі і спустошанымі. Вось як апісваў манастырскае жыццё тых гадоў манах Карл: «В то время (канец 1670-х гадоў – заўв. аўт.) церковь стояла пустою, без дверей и окон, летом служила  логовищем для скота». «Хроника» сцвярджае, што новапрызначаны архімандрыт Іасафат Агурцэвіч знайшоў манастыр апусцелым і вельмі бедным; не знайшоўшы сродкаў для аднаўлення царквы і манастырскіх пабудоў «…он занемог от огорчения и, после кратковременнаго управления жалкою архимандрией, скончался». З запісаў Карла Матусевіча вынікае, што «сей его м[онах], не найдя в Коложском монастыре никакой постройки, не найдя даже кола, к которому мог бы, приехавши, привязать лошадь, жил в городе в частных домах до тех пор, пока получал с фольварка провизию, но когда уже и в фольварке не доставало, он уехал в Супрасль, где и отдал Богу душу».

Да гэтага ж перыяду адносяцца і ўспаміны, якія прыпісваюцца віленскаму базыльяніну айцу Яну Альшэўскаму: «Позор нам не дает описать то, что в недавние времена было с местом Коложа, которое в таком запущении оставалось: подворье заросло крапивой, церковь не имела покрытия, а только четыре стены; ужасом для всего города было, что я видел своими глазами во время Гродненского сейма 1693 года, когда в городе во в всех церквях громко звучала хвала Богу и лишь одна наша церковь пустая стоит».

Аднак свята месца пустым не бывае. Новы архімандрыт, брат нябожчыка Іасафата, Сімяон Агурцэвіч, паводле «Хроники» «…прежде всего построил … для себя и для братии дом, который стоит еще и ныне (у 1738 годзе – заўв. аўт.), хотя уже подгнивший. Затем возобновил, хотя и не вполне, разоренную церковь. Отдав некоему еврею Лейбе в аренду фольварок Чещевляны с принадлежностями, а также кирпичный завод и всю юрисдику, он поручил какому-то мирянину, по имени Гервасию, наблюдать за восстановлением церкви и входить по сему предмету с жидом-арендатором». Паводле той жа «Хроники», «…в то время был большой недостаток в монахах … [и архимандрит поместил] в монастыре одного иеромонаха и определив ему известное количество провианта … большое счастье было для монастыря, если бы сей прелат пожил дольше». Але пасля яго смерці ў 1698 годзе манастыр быў абрабаваны яго далёкімі родзічамі...

Карл Матусевіч, які стаў манахам у гэты час, «…нашел монастырь пустым и необитаемым, ибо ни одного монаха не было здесь, ни даже человека для прислуги. Церковь была постоянно заперта, а ключ от нея хранился у какого-то человека, жившего в полумиле». Але дзякуючы руплівасці гэтага манаха, манастыр аднавіўся.

Старадаўні Каложскі абраз Божае МаціСтарадаўні Каложскі абраз Божае МаціЗ канца XVII стагоддзя (аднак хутчэй за ўсё некалькі раней, паколькі ў тыя гады манастыр быў разбураны) ў манастыры захоўваўся цудатворны абраз Божай Маці Каложскай. Абраз быў вывезены з манастыра з пачаткам Першай сусветнай вайны, а пасля незваротна страчаны. Дарэчы, у той жа час і манастыр спыніў сваё як мінімум пяцісотгадовае існаванне... Сёння ж існуюць толькі фатаграфіі арыгінала і спіс цудатворнага абраза. Можа з вяртаннем іконы атрымае новае нараджэнне і манастыр? ...

У 1705 годзе падчас Паўночнай вайны Гродна быў заняты рускімі войскамі. 16 верасня таго ж года ў наш горад прыбыў Пётр I, які размясціўся разам з каралём Аўгустам II Моцным ў каралеўскім замку. У горадзе былі сканцэнтраваныя гвардзейскія і драгунскі палкі, пяхота. Практычна адразу пачалося спешнае ўзвядзенне ліній абароны, для чаго выкарыстоўваліся мураваныя пабудовы манастыроў і храмы, паміж якімі і капаліся акопы і траншэі. Архімандрыт Каложскага манастыра Фларыян Воўк-Ланеўскі (а ён адначасова з’яўляўся архімандрытам і Супрасльскага манастыра) занепакоіўся аб захаванні сваіх святынь. Скарыстаўшыся тым , што рускі цар знаходзіўся ў Гродне, архімандрыт Воўк-Ланеўскі знайшоў магчымасць з ім сустрэцца і выклапатаў царскі ўказ, у якім Пётр прадпісваў сваім войскам «…церквам, монастырям, маетностям, фолваркам, подданым и всем их приходам всякую безопасность и спокойное пребывание обещаем». Так Пётр Першы стаў ускосна датычны да гісторыі Каложскага манастыра... Але манастыр чакалі новыя выпрабаванні: неўзабаве ён быў пашкоджаны падчас абстрэлу шведскай артылерыяй ...

У тыя гады манастыр быў вельмі бедны: у 1710 -я у манастыра згарэла гумно з хлебам і для пакупкі новыга хлеба давялося закласці нават срэбраную чашу. У наступнае дзесяцігоддзе манастыром св. Барыса і Глеба кіраваў архімандрыт Іасафат Яхімовіч. «Хроника» паведамляе аб нейкім компасе, які быў наладжаны архімандрытам ў манастыры.  Аб чым жа ідзе гаворка, сёння  можна толькі здагадвацца. Архімандрыт «задумал было соорудить на горе, возле гумна, новый каменный монастырь и церковь и эту постройку предполагал назвать … Сионом. Но ему помешали, и много заготовленного уже кирпича отнято было у него, по приказанию митрополита».

Каложскі храм шануюць і імкнуцца захаваць не толькі сёння – гэта было ўласціва і нашым продкам. У 1720 годзе паслы на Варшаўскі сейм ад Гродзенскага павета атрымалі ад мясцовай шляхты інструкцыю, адным з пунктаў якой было дбанне пра захаванне старажытнай святыні: «… ходатайствовать пред королем о средствах для поддержания древней Коложской церкви, подмываемой Неманом….». Калі пра гэта клапаціліся папярэднія пакаленні, няўжо мы маўкліва пагадзімся на павольнае разбурэнне таго, што захавалася на сённяшні дзень?  

А ў канцы 30-х гадоў XVIII стагоддзя ў манастыр прызначаецца новы архімандрыт – Ігнацій Кульчынскі. Гэта быў вельмі адукаваны чалавек для свайго часу, які меў еўрапейскую адукацыю і працаваў у Рыме. Ён, дарэчы, таксама звяртаў увагу на небяспеку для Каложы з боку бацькі Нёмана. Ён пісаў: «Коложская церковь стоит на высокой горе над Неманом. Песчаная гора с давних пор начала  осыпаться и теперь осыпается, от чего самой церкви грозит опасность. В предотвращение этой опасности, я велел построить у подошвы горы забор, привалил его навозом, а также велел посадить тутже разные деревья».  Але ён намагаўся захаваць не толькі царкву, але і вярнуць з нябыту сведчанні пра гісторыю царквы, захаваць гісторыю манастыра для нашчадкаў. Архімандрыт сістэматызаваў і адрэстаўраваў нямала дакументаў архіва пры манастыры, а напісаныя ім «Хроника игуменов, архимандритов, ктиторов и покровителей Гродненского Коложского монастыря, чина св. Василия Великого» і «Инвентарь Городенскаго Коложского Базилианского монастыря, основаннаго в древние времена» з'яўляюцца першымі даследаваннямі па гісторыі манастыра і царквы.

Працяг будзе...

Даведка

  • Прэлат (ад лац. praelatus — пастаўлены вышэй) — гістарычны тэрмін, які ўжываўся да кардыналаў, архібіскупаў, біскупаў, генералаў і правінцыялаў манаскіх ордэнаў, абатаў і іншых асоб, якія займаюць высокія пасады ў структурах Каталіцкай Царквы.

Ранейшыя Каложскія аповеды можна прачытаць тут