Асвячэнне прыёмнага аддзялення 1-й гарадской клінічнай бальніцы

«Шануй урача гонарам пры патрэбе ў ім, бо Гасподзь стварыў яго»

(Сір. 38;1).

«Дзеля таго Ён і даў людзям веды, каб праслаўлялі Яго ў цудных справах Яго: імі ён лечыць і знішчае хваробу яго»

(Сір. 38; 6–7).

Наведванне бальнічнага стацыянара 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Гродна ажыццяўляецца свяшчэннаслужыцелямі Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы два раза на тыдзень: аўторак – пропаведзь, адпраўленне малебна за хворых, ялеепамазанне; чацвер – пропаведзь, споведзь і прычасце хворых.

4 сакавіка на базе бальніцы адбылася не радавая сустрэча свяшчэннаслужыцеляў Каложскай царквы з медперсаналам прыёмнага аддзялення (загадчык Петрашэвіч Аляксандр Уладзіміравіч).

Настаяцелем Свята-Барыса-Глебскага храма свяшчэннікам Уладзімірам Барысевічам і дыяканам Уладзімірам Юзвой быў адпраўлены чын асвячэння прыёмнага аддзялення бальніцы.

У прывітальным слове айцец Уладзімір падкрэсліў, што «на ўсе вякі праца ўрача карысталася прызнаннем і павагаю. Гэта не толькі сімвал вылячэння ад хваробаў, але і захавальнік лепшых чалавечых якасцей: спачування, велікадушнасці, цярплівасці, шляхетнасці і самаахвярнага служэння».

Прыёмнаму аддзяленню на малітвенную памяць і ў благаславенне настаяцель падарыў абраз свяціцеля-хірурга Лукі (Война-Ясенецкага), архіепіскапа Крымскага.

Свяшчэннаслужыцелі падзякавалі кіраўніцтву і калектыву за супрацоўніцтва, за дабрыню сэрцаў, спагадлівасць і самаахвярнасць, і пажадалі ім дабрабыту, прафесійных поспехаў у імя жыцця людзей і моцнага здароўя.