Крайкам вока зазірнуць у мінулае

19 чэрвеня у Каложскім прыходзе вучоныя з Беларусі, Расіі і Польшчы абмеркавалі пытанні, звязаныя са старажытным храмам, з праблемамі яго захавання. У час працы канферэнцыі адбывалася выстава артэфактаў з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі пад назвай "Каложа: позірк у мінулае".

Выставу прадставіў адзін з удзельнікаў канферэнцыі, супрацоўнік музея гісторык Андрэй Вашкевіч. Ён распавёў пра некаторыя археалагічныя знаходкі, якія захоўвала Каложскае плато, у тым ліку прадметы з пахаванняў у Свята-Барыса-Глебскай царкве, прылады працы на тэрыторыі былога манастыра, фрагменты храмавай падлогі. Сярод прадстаўленых выданняў былі кнігі пачатку ХХ стагоддзя: "Древняя Коложская церковь во имя святых князей Бориса и Глеба в городе Гродне" протаіярэя Іаана Карчынскага, "Cerkiew Sw. Borysa i Gleba na Kolezy pod Grodnem" Міхала Валіцкага, "Судьбы православия в связи с историей латинства и унии в Гродненской губернии в XIX столетии (1794-1900)" Яўстафія Арлоўскага і іншыя папяровыя рарытэты. На выставе была прадстаўлена некалькі узораў іканагарфіі святых Барыса і Глеба ХХ-га стагоддзя і фотаздымкі інтэр'ераў Каложскай царквы 1925-га года.

Аднадзённая выстава "Каложа:позірк у мінулае" мела на мэце нагадаць усім, і ў першую чаргу ўдзельнікам канферэнцыі, што Свята-Барыса-Глебская Каложская царква - гэта найстаражытнейшая святыня Беларусі, гэта сімвал Гродна, які звязвае нас - сучаснікаў, з нашымі продкамі, якія маліліся ў гэтым храме, і сто, і дзвесце, і болей гадоў таму назад, і што адказнасць за захаванне гэтага храма вельмі вялікая і ляжыць на ўсіх нас.