Выстава-конкурс абразоў, створаных дзецьмі, адкрылася ў Каложы

Выстава-конкурс дзіцячай студыі іканапісу "Пакроў" у КаложыВыстава-конкурс дзіцячай студыі іканапісу "Пакроў" у Каложы24 ліпеня 2015 года ў гонар 1000-годдзя мучаніцкага подзвігу святых дабраверных князёў Барыса і Глеба ў Каложскай царкве адкрылася выстава-конкурс работ вучняў дзіцячай студыі іканапісу "Пакроў", што існуе пры кафедральным саборы г.Гродна. Юныя іканапісцы ствараюць іконы звычайнымі фарбамі - гуашшу і алеем, але некаторыя з абразоў, тым не менш, не адрозніш ад сапраўдных "дарослых". Узімку выхаванцы студыі прымалі ўдзел у міжнародным конкурсе ў Маскве, адкуль прывезлі дыпломы ў розных намінацыях, а таксама Гран-пры конкурса. Цяпер працы юных майстроў прадстаўлены ў старажытнай Каложы. Наведаць выставу і паўдзельнічаць у ацэнцы канкурсантаў могуць усе жадаючыя. Кожны абраз мае подпіс з прозвішчам аўтара. Трэба адзначыць тры лепшыя на ваш погляд працы, запісаўшы імёны стваральнікаў на аркушы паперы і аддаўшы яго дзяжурнай у царкве.

6 жніўня, у дзень памяці святых страстацерпцаў дабраверных князёў Барыса і Глеба адбудзецца закрыццё выставы, на якім вызначацца пераможцы. Маленькіх іканапісцаў чакаюць дыпломы, падзячнасці і прызы.

Выстава працуе ў Каложы штодзень з 10:00 да 20:00.