Свята сям'і прайшло ў Каложскім прыходзе

У нядзелю 26 лістапада прыхаджане Каложскай царквы адсвяткавалі загавіны перад Ражджэственскім постам. Сем'і прыхаджан, вучняў нядзельнай школы, сяброў прыходу сабраліся разам, каб адзначыць пачатак важнага для хрысціяніна 40-дзённага перыяду перад Ражджаством Хрыстовым.

Усе сабраліся ў дамовым храме Каложскай іконы Божае Маці, дзе быў адслужаны малебен. Пасля агульнай малітвы гасцей чакаў дворык прыходскага комплекса, дзе гучала музыка, гарэў мангал і адчуваўся традыцыйны для свята водар імбіра, карыцы і апельсінаў.

Дарослыя і дзеці пачаставаліся рознымі ласункамі i прысмакамі, патанчылі, пабегалі, павадзілі карагоды і пагулялі ў гульні. Спецыяльны госць - навуковец-хімік - правёў для дзяцей яскравыя і захапляльныя эксперыменты. Розныя фізічныя і хімічныя вопыты з газамі, вадкасцямі і асабліва з вадкім азотам, тэмпература якога -190С, прывялі дзяцей ў захапленне. Некаторыя з дзетак прадэманстравалі сваі таленты - распавялі вершыкі, зайгралі на флейце.