Гістарычныя аповеды. Аповед другі. Гарадзенская архітэктурная школа

Крыжова-купальны стыль Каложскай царквыКрыжова-купальны стыль Каложскай царквыГарадзенскія цэрквы XII стагоддзя, пабудаваныя пад кіраўніцтвам таленавітага дойліда Пятра Міланега, маюць шэраг цікавых асаблівасцяў. Шмат іх сустракаецца па-асобку ў іншых месцах, але разам – нідзе болей ва ўсім славянскім свеце. Гэта ставіць пабудовы гарадзенскай архітэктурнай школы на адну ступень з найцікавейшымі прыкладамі іншых славянскіх (і не толькі) архітэктурных школ гэтага перыяду. Але ж якія характэрныя рысы гарадзенскіх храмаў даюць выснову сцвярджаць пра існаванне самабытнай гарадзенскай школы дойлідства? Менавіта пра гэта і пойдзе гаворка ў сённяшнім аповедзе.

Гарадзенская архітэктурная  школа склалася ў другой палове XII ст. і ахапіла Горадзен, Ваўкавыск і Навагрудак. Інтэнсіўнае мураванае будаўніцтва ў адзначаны перыяд сведчыць пра заможнасць гараджан і дазваляе казаць пра Горадзен як пра значны эканамічны цэнтр рэгіёна. Але іх унутраная блізкасць і невялікая колькасць паказвае на тое, што будаўніцтва каменных помнікаў у Гарадзенскім княстве доўжылася не больш за два дзесяцігоддзі.

На сённяшні дзень дакладна невядома, колькі будынкаў пабудавана ў стылі гарадзенскай архітэктурнай школы. Дзякуючы археалагічным раскопкам, вядома сем помнікаў гэтай арыгінальнай школы, большасць з якіх былі пабудаваны ў Горадзене. Гэта Ніжняя, Прачысцінская і Свята-Барыса-Глебская цэрквы, а таксама свецкія пабудовы - княжацкі палац і мураваныя сцены Старога замка. Даследчыкі таксама адносяць да гэтай дойлідскай школы недабудаваную царкву на Замчышчы ў Ваўкавыску і Свята-Барыса-Глебскую царкву ў Навагрудку, на месцы якой пазней быў пабудаваны касцёл. Але па пісьмовых крыніцах яшчэ вядома пра два храмы, збудаваныя ў гэты ж перыяд у Горадзене: Васкрасенская царква і так званая Малая царква, дакладнае месцазнаходжанне якіх дагэтуль невядома. Хутчэй за ўсё, яны таксама былі пабудаваныя пад кіраўніцтвам Міланега.

На жаль, да сённяшняга часу з усіх помнікаў гарадзенскай архітэктурнай школы захавалася толькі Свята-Барыса-Глебская Крыжова-купальны стыльКрыжова-купальны стыльцарква на Каложы, якая, па меркаваннях многіх навукоўцаў, найлепшым чынам увасобіла ў сабе тыя яскравыя і ўнікальныя асаблівасці мясцовай дойлідскай школы. Таму лепш за ўсе паказаць яе характэрныя рысы менавіта на Каложскай царкве.

Царква пабудаваная ў крыжова-купальным стылі, радзімай якога з’ўляецца Візантыя. Разам з прыняццем хрысціянства ўсходняга абраду нашы продкі перанялі архітэктурныя традыцыі візантыйцаў у будаўніцтве храмаў, якія сапраўды мелі вялікі досвед у гэтым рамястве.Муроўка плінфы і так званай цаглянкі - сумесі цаглянай крошкі і раствораМуроўка плінфы і так званай цаглянкі - сумесі цаглянай крошкі і раствора

Храм узведзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі з раўнамерным чаргаваннем палос плінфы і раствора. Пры гэтым таўшчыня слоя раствору набліжаецца да таўшчыні плінфы. Атрымліваецца даволі цікавы дэкаратыўны эфект: белая паласа раствору чаргуецца са стужкай добра абпаленай, амаль чырвонай, плінфы. Вам нічога не нагадвае спалучэнне гэтых колераў?

Маёлікавая мазаікаМаёлікавая мазаікаСамай яскравай асаблівасцю аздаблення гарадзенскіх помнікаў архітэктуры XII стагоддзя з’яўляецца выключная па разнастайнасці дэкаратыўная апрацоўка фасадаў. У ніжнім поясе сцен у цагляную муроўку ўстаўленыя рознакаляровыя шліфаваныя камяні розных памераў. Спалучэнне рэгулярнай муроўкі і свабодна інструктаваных у яе камянёў дае незвычайны дэкаратыўны эфект. Узмацняюць дэкаратыўны эфект устаўленыя ў муроўку паліўныя  керамічныя пліткі карычневага, жоўтага ды зялёнага колераў, з якіх складаюцца рознакаляровыя роўнаканцовыя крыжы і іншыя фігуры. Напрыклад, для ўпрыгожвання фасадаў Ніжняй царквы былі выкарыстаныя зялёныя паліўныя керамічныя пліткі тыпу глыбокіх талерак. Для насцілу падлог таксама выкарыстоўваліся паліўныя пліткі са складанымі геаметрычнымі арнаментамі.

Частка сцяны Ніжняй царквыЧастка сцяны Ніжняй царквыЗ’ява ўмуравання камянёў у цагляныя муры з’яўляецца даволі звычайнай для храмаў Старажытнай Русі. Як правіла, майстры выкарыстоўвалі камяні з мэтай эканоміі цэглы. Але ў храмах гарадзенскай архітэктурнай школы быў дасягнуты іншы эфект: гэта і канструктыўны элемент, і ўпрыгожанне адначасова. Валуны  выдатна падабраныя па колеры, фактуры і тоне. Некаторыя з камянёў старанна адшліфаваныя і па характары паверхні набліжаныя да паліўных плітак. Спалучэнне шурпатай чырвонай цэглы з камянямі і глянцавіта бліскучымі пліткамі выглядае надзвычай арганічна. Будаўнічыя матэрыялы не адасабляюць, а натуральным чынам дапаўняюць адзін аднаго, робячы аздабленне фасадаў унікальным. Вядомы беларускі пісьменнік Ул. Караткевіч назваў гэты незвычайны варыянт декаравання сцен царквы "Вясёлкай Каложы".

На тарцах некаторых цаглін ёсць знакі, якія здаўна прыцягвалі ўвагу даследчыкаў. В. Гразноў у сваім артыкуле пра Свята-Барыса-Глебскую царкву, напісаным у 1893 годзе, так апісаў гэтыя сімвалы:

“На боковой стороне многих кирпичей Коложской церкви замечаются рельефные знаки различного вида, которые представляют прямолинейные зигзаги, неизвестные знаки и славянские буквы, пятиконечную звезду и равноконечный древний византийский крест, а на некоторых они повторяются несколько раз”.

Кляймо на плінфеКляймо на плінфеЧастка знакаў – гэта піктаграмы і малюнкі, буквы кірыліцы, але больш за палову ўсіх сімвалаў уяўляюць сабой руны і рунападобныя знакі. У навукоўцаў няма адзінага меркавання наконт значэння гэтых знакаў. Магчыма, гэта клеймы майстроў будаўнічай арцелі або пазначэнне партыі плінфы, падрыхтаванай сялянамі пэўнай вёскі або групай родзічаў.

Адтуліны галаснікоў у мурыАдтуліны галаснікоў у мурыЦікавая асаблівасць інтэр’ера царквы – мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі неатынкаваных сцен і скляпенні. Першы вядомы даследчык храма, архімандрыт базільянскага Каложскага манастыра Ігнацій Кульчынскі яшчэ ў далёкім 1738 годзе звяртаў увагу на гэтую цікавую з’яву:

“Достойно удивления, что в этом древнем храме во всех стенах находится множество отверстий, кажущихся маленькими и узкими, ибо только руку можно просунуть в них, но внутри стен расширяющихся в большие и широкие горшки. Говорят, что ктиторы этой церкви, по особенному соображению и совету, велели устроить эти отверстия с горшками, для более приятного резонанса, производимого отражением звуков во время церковной службы и пения”.

ГаласнікТрадыцыя выкарыстання галаснікоў у манументальным дойлідстве Старажытнай Русі прыйшла з Візантыі і была даволі звычайная: яны паляпшалі акустычныя ўласцівасці храма. Але ў гродзенскіх храмах уражвае колькасць галаснікоў – сцены насычаныя імі да мяжы, бо галаснікі знаходзяцца нават у прыступках таемнага праходу на паўночную галерэю. Відавочна, яны выкарыстоўваліся не толькі ў акустычных, але  і ў канструктыўных мэтах для змяншэння вагі канструкцыі. Такое ўжыванне характэрна толькі для гродзенскай архітэктурнай школы.

У храмах гарадзенскай школы дойлідства выдатна спалучаецца  візантыйскі архітэктурны стыль з мясцовымі традыцыямі, што дазваляе ўжываць у адносінах да гарадзенскіх помнікаў паняцце “архітэктурная школа”.

…Мінула больш за восем стагоддзяў. За гэты немалы час рознакаляровыя крыжы пацямнелі, асыпалася маёлікавая плітка ад часу і разбурэнняў  на захаваных сценах, а храм не страціў сваёй прыгажосці. Ён па-ранейшаму ўражвае, здіўляе і вабіць позірк. Каложская царква з’яўляецца цудоўным помнікам дойлідства XII стагоддзя і духоўным светачам Гарадзеншчыны.

А.П.

Даведка

  • Галаснікі – керамічныя пасудзіны або камеры невялікіх памераў, якія выкарыстоўваліся ў муры сцен або скляпенняў, звернутыя гарлавінамі ў бок унутранай прасторы пабудовы для паляпшэння акустыкі ў пабудове. Галаснікі актыўна выкарыстоўваліся ў старажытнарускім мураваным будаўніцтве.
  • Крыжова-купальны храм – архітэктурны тып хрысціянскага храма, які сфармаваўся ў Візантыі і ў краінах хрысціянскага ўсходу ў V-VIII стст. Стаў пануючым у архітэктуры Візантыі з IX стагоддзя і быў прыняты хрысціянскімі краінамі праваслаўнага вызнання ў якасці асноўнай формы храма. У класічным варыянце ўяўляе сабой прамавугольны аб'ём, цэнтр якога падзелены 4 слупамі на 9 ячэек. Перакрыццем служаць крыжападобна размешчаныя цыліндрычныя скляпенні, а над цэнтральнай ячэйкай узвышаецца барабан з купалам.
  • Кцітар (ад грэч. Κτήτωρ - уласнік; заснавальнік, стваральнік ад стар.-грэч. Κτίζω будую ці ад стар.-грэч. Κτίομαι - набываю) – асоба, якая выдзеліла сродкі на будаўніцтва або рамонт праваслаўнага храма ці манастыра, або на яго ўпрыгожванне абразамі, фрэскамі, прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
  • Паліўная кераміка – вырабы з абпаленай гліны, пакрытыя глазурай.
  • Руны – пісьменнасць старажытных германцаў, старажытных славян і старажытных цюрак. Ужывалася з I-II па XII стагоддзе на тэрыторыі сучасных Даніі, Швецыі і Нарвегіі, па X-XIII стагоддзі ў Ісландыі і Грэнландыі. Пасля прыняцця хрысціянства ў краінах Паўночнай Еўропы руны як пісьменнасць былі выцесненыя лацінкай. Сам тэрмін «руны» мае сувязь са старажытнагерманскім коранем run («таямніца»). Усяго вядома каля 5000 руніцкіх надпісаў, большая частка была знойдзена ў Швецыі.

Першы аповед магчыма прачытаць тут


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)