Гістарычныя аповеды. Аповед трэці. Акваманіл – таямніца стагоддзяў

Каложскі акваманілКаложскі акваманілБеларуская зямля знаходзіцца на скрыжаванні дзвюх вялікіх цывілізацый: Усходу і Захаду. Цягам стагоддзяў народная культура  ўбірала ў сябе шмат добрых дасягненняў абодвух бакоў, якія змешваліся, гарманічна дапаўнялі адзін аднаго і толькі ўзбагачалі духоўны скарб народа.

Але ж нашае тэрытарыяльнае становішча абумовіла і тое, што заўсёды знаходзіўся нехта з таго ці іншага боку, хто б жадаў бачыць гэтыя землі ў складзе свайго княства ці каралеўства. Незлічоныя войны, якія крывавым колам пракаціліся па нашым краі, наносілі незаменныя страты нашай дзяржаве, спынялі яе эканамічнае і культурнае развіццё.

…У смутныя часы лехалеццяў, калі гарадзенскі храм святых Барыса і Глеба стаяў апусцелым у жудасным заняпадзе пасля войн і паўстанняў, цэрквы часта спустошваліся. Не аднойчы даводзілася зноў набываць царкоўнае начынне, святарскую вопратку і аднаўляць манастырскую бібліятэку. Здавалася б, што, акрамя сценаў і падмуркаў,  магло захавацца з далёкіх часоў Сярэднявечча?

Але Божай міласцю з начыння Каложскага храма захавалася дзіўная рэч – акваманіл – бронзавы сасуд  у выглядзе вершніка, які сёння захоўваецца ў гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

На жаль, наша сапраўды  найбагацейшая на падзеі і постаці гісторыя заставіла нашчадкам на шмат больш пытанняў, чым адказаў – гісторыя з акваманілам не выключэнне. Шчыра кажучы, сёння ў гісторыкаў няма сур’ёзных аргументаў, каб сведчыць пра прыналежнасць гэтай рэчы менавіта да ўтвары Каложскай царквы. Але яшчэ з XIX стагоддзя, калі  акваманіл апынуўся ў Вільні і трапіў у рукі навукоўцаў, традыцыя замацавала яго менавіта з Каложай – найстаражытнейшай святыняй Панямоння: “Здесь же (в Виленском музее древностей – авт.) хранятся переданные… из Коложской церкви: бронзовый ляварий, в виде всадника, медный таз, такая же кружка и оловянная кружка с изображением Распятия на крышке и Богоматери на дне», – сцвярджаў у сярэдзіне  1890–х гадоў даследчык царквы прафесар Пакроўскі  ў  “Археологической карте Гродненской губернии”. Паверым, што нашыя папярэднікі не памыляліся.

Звычайна акваманіл (лат. aquaemanalis, ад aqua — вада і manus — рука) уяўляе сабой настольны рукамыйнік, які часцей за ўсё вырабляўся з гліны ці бронзы ў выглядзе фігурак розных рэальных або фантастычных жывёл (льва, сабакі, дракона, грыфона), птушкі або вершніка. Ён полы ўнутры, з адтулінай у пашчы для зліву вады, а ручкай мог служыць выгнуты хвост. Вадаліў выкананы ў тэхніцы полага ліцця, з-за чаго яго сценкі надзвычай тонкія, а сам посуд - незвычайна лёгкі. Сасуд быў вядомы з антычных часоў, але адмысловае распаўсюджванне атрымаў менавіта ў часы  Сярэднявечча (у Заходняй Еўропе, Старажытнай Русі і на Усходзе). Першапачаткова (XI -XIV стст.) акваманілы былі прыналежнасцю царкоўнага ўжытку і служылі для абмывання рук святароў падчас набажэнстваў, затым – у XIII-XVI стст. – сталі бытавым прадметам ў побыце феадальных колаў, галоўным чынам на пірах.

У нашым выпадку – гэта сасуд з бронзы ў выглядзе вершніка, які быў створаны ў Паўночнай Германіі ў XIII стагоддзі. Гэты акваманіл – сапраўдны гонар калекцыі гарадзенскага музея, паколькі захавалася такіх рэчаў у свеце няшмат.

Выглядае ён даволі цікава: ваяр застыў на грузным кані з кароткай выяй, бычынымі грудзямі і нязграбнымі, быццам сабачымі, лапамі. Левай тонкай рукой, нібы дубец, вершнік прытрымлівае павады. Зброя, якую ён трымаў у правай руцэ, страцілася ў стагоддзях – ад яе даўно не засталося і следу. Як, дарэчы, і ад галавы ваяра – захавалася толькі яе ніжняя частка ў абрамленні невялікай акуратнай  барады.

Магчыма, нехта ўбачыць у каложскім акваманіле рысы каляднай елачнай цацкі, а нехта – твор сучаснага мастацтва, так званага канцэпт-арта, але вершнік абавязкова прыцягне позірк. Сапраўды, штосьці ў ім ёсць…

А вадаліў  хавае шмат загадак. Якім чынам ён трапіў у храм святых Барыса і Глеба? Найбольш імаверна, што гэты выраб нямецкага майстра быў вайсковым трафеем гарадзенцаў. Нашчадкам добра вядома, што славутым абаронцам нашай зямлі ад крыжацкай навалы ў пачатку XIV стагоддзя быў кашталян замка мужны ваяр Давыд Гарадзенскі. Ці не з’яўляецца гэты акваманіл яго ахвярай Каложскай царкве? Але як аказаўся вадаліў ў Вільні? Як канчаткова не згубіўся ў часе і прасторы? На гэтыя пытанні няма адказу.

…Забруджанне, драпіны, вокіслы ў выглядзе зялёных плямаў, шматлікія пацёртасці і плямы, падцёкі і  выбаіны, і нават страта галавы вершніка не перашкодзіла акваманілу захаваць праз стагоддзі сваю здольнасць вяртацца туды, дзе ён патрэбен. Відаць, гэта не падуладна часу…

А.П.

Розныя акваманілы: