Аповед 4. Каложскі манастыр. Пачатак

Дарагія наведвальнікі сайта kalozha.by! Замест абяцаных двух тыдняў новага гістарычнага аповеду прыйшлося чакаць амаль два месяцы – жыццё ўнесла свае карэктывы ў нашыя планы. Аднак сёння мы рады прадставіць вам новы аповед.

Уявіце, што ўся гісторыя манастыра пры Каложскім храме запісана ў старажытным рукапісным манускрыпце. На яго старонках згадваюцца сумныя і радасныя падзеі, перасякаюцца лёсы многіх людзей. Але гэтая кніга пакрылася тоўстым слоем пылу - вось ужо амаль сто гадоў , як у ёй не з'яўляюцца новыя запісы – у 1915 годзе Свята-Барыса-Глебскі мужчынскі манастыр спыніў сваё існаванне. А за сваю шматвяковую гісторыю манастыру ёсць што распавесці людзям, якія не абыякавыя да гісторыі сваёй Айчыны. «Хто ж і калі зноў пагартае пажоўклыя старонкі манастырскага летапісу, так даўно адданага забыццю?» – магчыма, здзівіцца чытач. А гэтай асобай будзе той, хто ... цяпер чытае гэтыя радкі. Што ж, дакранемся да гісторыі?

Мабыць, ніхто не зможа дакладна адказаць на пытанне : кім і калі быў заснаваны Свята- Барыса-Глебскі мужчынскі манастыр . Магчыма, існаваў з моманту пабудовы храма. А магчыма - не. Прыхільнікі першай версіі прыводзяць досыць сур'ёзныя аргументы: аддаленае размяшчэнне храма ад дзяцінца спрыяла нейкай ізаляцыі ад гарадской мітусні; хады з алтара ў паўночнай і паўднёвай сценах храма, вядучыя на бакавыя хоры, размешчаныя паралельна адзін аднаму, відавочна прызначаліся для антыфонных спеваў - традыцыі , якая мела большае распаўсюджванне менавіта ў манастырах. Здавалася б, у нас ёсць усе падставы давяраць гэтай версіі. Але крыніцы, якія дайшлі да нас сведчаць аб існаванні манастыра толькі ў канцы XV стагоддзя. Архіўныя матэрыялы зусім не кажуць , што манастыра да гэтага не існавала. Не, проста больш ранніх крыніц не захавалася - войны і пажары зрабілі сваю чорную справу.

Гравюра ЦюнтаГравюра ЦюнтаАднак, так ці інакш, манастыр ужо існаваў у 1485 - менавіта з гэтай датай даследчыкі звязваюць яго першую згадку ў захаваўшыхся гістарычных звестках. Асноўнай крыніцай па ранняй гісторыі Каложскага манастыра з'яўляецца «Хроника игуменов, архимандритов, ктиторов и покровителей Гродненского Коложского монастыря, чина св. Василия Великого», складзеная ў 1738 г. архімандрытам манастыра Ігнатам Кульчынскім  па матэрыялах манастырскага архіва. Пад 1485 годам «Хроника» згадвае першага вядомага настаяцеля - ігумена Каліста , адзначаючы , што і «до него должно быть были игумены».

На пераломе XIII -XIV стагоддзяў крыжакі нападалі на землі Панямоння вельмі актыўна, рабавалі і спальвалі навакольныя вёскі, адводзілі ў палон мяшчан і жыхароў прадмесцяў горада. Верагодна, мужчынскі манастыр пры царкве святых Барыса і Глеба (пры ўмове, што ён існаваў да гэтага часу) неаднаразова падзяляў гэты сумны лёс. Войны Вялікага княства Літоўскага, а пасля Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, Паўночная вайна і паўстанні прынеслі шмат няшчасцяў гэтай зямлі. Не адно дзесяцігоддзе манастыр стаяў спустошаным і без насельнікаў, а ў храме ня ўзносіліся малітвы, і толькі падарожнікі знаходзілі там прытулак у кепскае надвор’е. Так было ў пачатку XVI стагоддзя і 1650-х гадах, 1680-х і пачатку XVIII стагоддзя...

У першае дзесяцігоддзе XVI стагоддзя манастыр аднаўляецца на сродкі каралеўскага пісара і троцкага кашталяна Богуша Багавіцінавіча. Ён жа ў 1506 ахвяраваў манастыру навечна хутар Чешаўляны «с землями пашными и бортными и з данми грошовыми и медовыми». З пацвярджальны каралеўскай граматы Жыгімонта Старога 1506 года мы даведаемся пра наступнае: «…церковь в Городне мурованная за местом недалеко от Городна светых мучеников Бориса и Глеба от колькодесять лет опустевши стояла и опала и хвалы Божое в ней и было. Ино он для своего душевного спасения тую церковь оправил и некоторыми многими церковными потребами и святостями, звоны и инными многими речами надал и наложил и монастырь общий водле своего Греческаго закону справил…». Калі ж гэты апякун манастыра памёр каля 1513 года, то па сведчанні Ігнація Кульчынскага, быў пахаваны «в Коложской церкви, возле первого от алтаря столба по правую руку».

З часоў Сярэднявечча не многа дайшло да нас імёнаў простых манахаў, якія не пакінулі значнага следу ў гісторыі, і тым больш каштоўныя такія звесткі. У манастырскім архіве захоўваліся дакументы на набытыя землі, і ў адным з іх, датаваным 1502 годам у якасці сведак згадваюцца «…старцы Борисоглебскии Омбросей а Яким и инных много».

Манастыр ніколі не быў багаты, але няўжо гэта галоўнае? У 1500 годзе пры манастыры была заснавана архімандрыя, а Вялікі князь Літоўскі Аляксандр Ягелончык ахвяраваў манастыру «сад на Коложенех подле Немана ку церкви Божей светому Борысу и Глебу». У захаваных крыніцах гэта першае згадванне вядомага тапоніма, які сёння ведаюць усе жыхары горада. Сам жа манастыр ўпершыню згадваецца як «Каложски» толькі ў 1612 годзе.

На пэўным этапе пры манастары  існавала багадзельня і іканапісная школа. У 1529 кароль і вялікі князь Жыгімонт I Стары вылучыў частку даходаў з каралеўскіх маёнткаў на ўтрыманне прытулку для бяздомных. Магчыма, іканапісцы, якія прайшлі навучанне пры манастыры, і стварылі тыя фрэскі ў нішах сцен (яны датуюцца сярэдзинай XVI стагоддзя), ад якіх сёння засталіся толькі адны абрысы.

У другой палове XVI стагоддзя манастыром кіравалі мясцовыя шляхцічы, якія  падманам завалодалі манастыром.  Шляхцічы давялі манастырскую гаспадарку да поўнага спусташэння. «Хроника» так апісвае тыя падзеі: ў 1560-я гады «… в монастыре оставался только один монах, да и тот был развратный, котораго по сему он (шляхціч Сямён Валовіч – аўт.) из монастыря прогнал. А для совершения в церкви богослужения, избрал белаго священника, назначив ему небольшое содержание и забрав в свои руки все монастырское имущество». Праз дзесяць год «…в монастыре были монахи, но их не могло быть много, если светские паны ими управляли». Аднак знайшоўся ў горадзе набожны чалавек, які не мог не сумаваць, бачачы заняпад манастыра. Гарадзенскі падстолі Багдан Годкінскі прыняў манаства, заняўся аднаўленнем манастыра, а ў 1591 годзе стаў яго архімандрытам. Да таго часу манастыр быў амаль спустошаны і меў вялікую патрэбу ў рамонце. Вось як Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Міхаіл Рагоза ў блаславёнай грамаце новаму архімандрыту піша пра становішча манастыра наступным чынам: «…за держаня небощика Семена Волловича суть зубожоны, опали и ошарпаны так вельми, иж не только самому архимандриту, але и учителем, причетником и слугам церковным при церкви Божой мешкати негде, и сами церкви Божие вельми суть опалы и великого опатреня и направы потребуют».

Не раз даводзілася настаяцелю  ўблытвацца ў судовыя цяжбы за нешматлікія зямлі і вёскі, якія належалі манастыру, несправядліва адабраныя гараджанамі або манахамі каталіцкіх ордэнаў. І іншы раз нават вялікі князь станавіўся на бок браціі для аднаўлення справядлівасці – менавіта так было, напрыклад, ў 1615 годзе, калі бернардыны самавольна завалодалі Каложскай цагельняй.

З пачатку XVII стагоддзя манастыр стаў грэка-каталіцкім, якім заставаўся доўгія два з паловай стагоддзя. Праўда , было адно «але» і ў гэтай гісторыі. У 1632-1635 гадах на вышэйшым дзяржаўным узроўні вырашалася пытанне аб канфесійнай прыналежнасці манастыра. У гэтыя гады праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай (г.зн. беларускіх і ўкраінскіх земляў) было даведзена да крайнасці – бо фактычна праваслаўная вера на працягу першай трэці XVII стагоддзя была пад забаронай, а храмы і манастыры аддадзены грэка-каталікам. Толькі дзякуючы намаганням праваслаўных брацтваў праваслаўная вера не знікла з тэрыторыі краіны. Нарэшце, у 1632 годзе на Варшаўскім сойме была прызнана праваслаўная  іерархія, а каралевіч Уладзіслаў зацвердзіў «Статьи для успокоенья народа русского греческой религии, живущего в Царстве Польском и ВКЛ» , згодна з якім «пустынный монастырь под Гродною» павінен быў стаць ні многа ні мала рэзідэнцыяй праваслаўнага заходнерускага мітрапаліта (!), у той час як кіеўскі Выдубіцкі манастыр  аддаваўся уніятам. Аднак, па шэрагу прычын, гэта задумка так і не была прыведзена ў жыццё ... Кіеўскі манастыр застаўся за праваслаўнымі, а Свята-Барыса-Глебскі канчаткова стаў уніяцкім . А так хто ведае, у якім рэчышчы пацякло была б жыццё манастыра пры храме святых Барыса і Глеба? Але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу .

Пра падзеі манастырскага жыцця наступных стагоддзяў чытайце наступным  аповедзе.

Працяг будзе..

Даведка

  • Антыфонныя спевы –  (ад грэч. Antiphonos які гучыць у адказ) пачарговыя спевы двух хораў. Выкарыстоўваюцца ў хрысціянскай царкоўнай музыцы.
  • Архімандрыт – манаскі чын. Чын архімандрыта з'явіўся ў Усходняй Царквы ў V ст. Так называліся выбраныя архірэем з ігуменаў асобы для нагляду над манастырамі епархіі. Пасля найменне «архімандрыт» перайшло да начальнікаў найважнейшых манастыроў і затым да манахаў, якія займаюць царкоўна-адміністрацыйныя пасады.
  • Базыльяне - грэка-каталіцкі ордэн св. Васіля Вялікага, які быў заснаваны ў 1617 годзе на аснове манастыроў, якія прынялі Брэсцкую царкоўную унію. Ордэн атрымаў вялікі распаўсюд ва ўсходніх абласцях Рэчы Паспалітай, дзе большасць насельніцтва традыцыйна прытрымвалася візантыйскага абраду.
  • Дзядзінец — цэнтральная умацаваная частка горада ў Старажытнай Русі, якая служыла сядзібай князю ці яго намесніку і выконвала ваенныя, адміністрацыйныя і палітычныя функцыі.
  • Кашталян (ад лац. castellum — замак) — у феадальных дзяржавах адміністратар замка і прылеглых тэрыторый. Выконваў функцыі кіраўніка замка, адказнага за спраўнае ўтрыманне замка, гарнізона і абслуговага персанала, і кіраўніка тэрыторыяй, адказнага за яе бяспеку і абарону, збор падаткаў і даніны, ажыццяўленне судовай улады.
  • Падстолі — пасада Рэчы Паспалітай сярэдзіны 15 стагоддзя, дапамагаў стольніку сервіраваць стол Вялікага князя літоўскага. Пазней выконваў намінальныя функцыі.
  • Хары (ад. грэч. χορός - хор, старажытнарускае найменне - палаці) – у архітэктуры верхняя адкрытая галерэя або балкон ўнутры царквы, звычайна на ўзроўні другога паверха. У праваслаўных цэрквах на балконе ўнутры храма размяшчаецца клірас.
  • Юрыдыка — частка горада, якая падпарадкоўвалася феадалам і на жыхароў якой не пашыралася судовая і адміністрацыйная ўлада магістрату.

Ранейшыя Каложскія аповеды магчыма прачытаць ТУТ


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)