Гістарычныя аповеды. Аповед сёмы. Чаму Свята-Барыса-Глебская царква завецца Каложскай

Шматлікім гарадзенцам Свята-Барыса-Глебскі храм вядомы як «Каложскі», «Калажанскі» або проста «Каложа». Наш храм – адзін з нямногіх у горадзе, які мае другую назву, якая настолькі прыжылася да царквы, што сёння гэты тапонім нават папулярней асноўнай назвы, і вельмі часта людзі так і кажуць: «Пайду ў Каложу» альбо «Пакажы гасцям нашага горада Каложу». Тапонім даў назву аднайменнай вуліцы горада і парку, які папулярны сярод гараджан. Але не многія ведаюць, што ж азначае гэтая назва, якая сыходзіць каранямі ў глыбокую старажытнасць. Сёння чытачы пазнаёмяцца з асноўнымі версіямі паходжання тапоніма «Каложскі».

Першая пісьмовая згадка назвы ў гродзенскіх дакументах, блізкай да слова «Каложа», адносіцца да 1500 года. Тады вялікі князь Літоўскі Аляксандр падарыў манастыру сад, і ў прывілеі ад 30 сакавіка 1500 года паведамляецца: «… билъ намъ чоломъ Игуменъ светого Борыса и Глеба в Городне и просилъ у насъ саду нашого на Коложенехъ подле Немна ку церкви Божей, и мы тотъ садъ на Коложенехъ подле Немна ку церкви Божей светому Борысу и Глебу дали вечно…». Пачынаючы з XVI стагоддзя ў гарадзенскіх земскіх кнігах фігуруюць такія назвы: «монастыръ пры месте Городенскомъ на Коложы» (1585), «монастыръ Коложски», «до того монастыря Коложынского» (1612). Такім чынам, назва замацавалася за прадмесцем горада, манастыром і старажытным храмам як мінімум 450 гадоў таму. Што ж яна азначае?

Вялікі князь ВітаўтВялікі князь ВітаўтІснуюць дзве асноўныя версіі. Першая з іх атрымала распаўсюд ў другой палове XIX стагоддзя ў сувязі з узросшай цікаўнасцю да гісторыі роднага краю. Аўтар «Историческо-статистического очерка города Гродна» П. А. Баброўскі так тлумачыў назву ў 1860 годзе: «…название Коложи произошло от имени Псковских пленных, которые, в 1405 году, выселены были Витольдом из Псковскаго пригорода Коложе и, в числе 11 тысяч, здесь расселены». У «Памятной книжке Гродненской губернии на 1882 год» паведамлялася, што «Коложане возобновили разрушенную татарами церковь Бориса и Глеба, которая с тех пор и начала называться «Коложанской», или церковью «на Коложе». А дзесяццю гадамі пазней гарадзенскі гісторык Е. Арлоўскі адзначаў: «Поселенные в Гродне, Коложане дали свое имя предместью Гродны, а также Борисоглебской церкви, которую сожгли Немецкие рыцари и которую они, коложане, вновь отстроили…». Сучасныя гісторыкі схільныя лічыць, што горад пазбег татарскага нашэсця, а вось крыжакі сапраўды былі, і не аднойчы.

Аднак сёння гэта версія носіць хутчэй легендарны характар. Сумневы выклікае наступны факт. Згодна з Пскоўскім летапісам, Вітаўт паланіў каля 11.000 жыхароў: «В лето 6914 (1406 г. – А. П.) приде поганный отступник правыя веры христианския и отметник Божий, сын диавола, неверник правде, ни крестному целованию, князь Литовский Витовт … с множеством ратных, а миру не отказав, ни крестнаго целования сложив, а разметную грамоту Псковскую отсла к Новугороду, а сам изгоном пришед, град Коложе взя, а люди суща в граде и по волостем овых изсече и в плен сведе, всех душ 11 тысяч … и много зла учинивше, отъидоша прочь».

Гэта, безумоўна, вельмі вялікая колькасць для XV стагоддзя (для параўнання, у канцы XV стагоддзя ў Пскове пражывала каля 30.000 жыхароў, у Маскве каля 50.000, а ў Горадене не больш за 3.000 чалавек). Факт пасялення такой вялікай колькасці палонных у ваколіцах горада проста не мог заставацца незаўважаным, аднак ён не знайшоў ніводнага адлюстравання ў мясцовых, літоўскіх гістарычных крыніцах (альбо крыніцы былі страчаны).

Другая версія пра назву «Каложа» параўнальна маладая, аднак мае больш важкія падставы. Гродзенскі краязнаўца і гісторык архітэктуры Ігар Трусаў выказаў здагадку, што этымалогія назвы Коложань-Коложень ўзыходзіць да старажытнарускіх слоў «калода» – вадапойнае карыта, «кладеж», «колозень» – крыніца з вадой. У дахрысціянскія часы славянскія плямёны пачыталі месцы, дзе білі крыніцы і нярэдка ладзілі паблізу паганскія капішчы. Магчыма, менавіта на месцы капішча і была ўзведзена хрысціянская царква, а шліфаваныя камяні свяцілішча былі ўмураваныя ў сцены храма. Існуе нават старадаўняя легенда, ад якой становіцца не па сабе: пасля ўключэння зямель Гродзенскага княства ў склад Літвы, паганцы зноў ператварылі царкву ў капішча. Пра гэта яшчэ памяталі ў пачатку мінулага стагоддзя, краязнаўца Яўстафій Арлоўскі паведамляў наступнае, спасылаючыся на больш раннія крыніцы: «…в Гродне до настоящаго времени сохраняется старинное предание, неоднократно записанное – будто Коложская церковь в литовский период была обращена в языческое капище; неподалёку от алтаря указывают и в настоящее время камень, на котором будто бы, совершались человеческия жертвоприношения в тени развесистых дубов».

Крыніцы ля Каложскай царквы сапраўды былі. Пра гэта неаднаразова пісалася яшчэ ў XIX стагоддзі. Вось, напрыклад, даследчык храма Гразноў адзначаў: «… ближе к реке Неману, много мусору от упавших стен самой Коложской церкви. и тут же из-под больших булыжных камней, с необыкновенной силой, вырываются два прозрачных железистых источника. Все ложе, по которому стремятся воды, покрыто красновато-охристым осадком. К источникам этим ходят умываться и пить воду весьма многие и считают ее целебною». А П. Батюшкоў з гэтай нагоды заўважаў: «…русский человек, полуслепой нищий, избрал их (разваліны царквы – А. П.) жилищем для себя и, отговаривая посетителей развалин от намерения взять «на память» голосник или кусок изразца, гостепреимственно угощает их ключевой водицей, уверяя, что она будто бы имеет целебныя свойства». Інжынер Штукенберг, які прыехаў у горад са сталіцы імперыі вясной 1868 года з мэтай вывучэння стану разбуранай царквы, сярод іншага адзначаў і «…вытекающие из под горы весьма сильные ключи, которые растворяли синеватую плотную глину, составляющую мощный пласт выше их».

Геалагічныя даследаванні, праведзеныя ўжо ў XXI стагоддзі, ўносяць свае пацвярджэнні ў версію пра паходжанне назвы. У выніку іх правядзення былі выяўлена, што пад храмам існуюць карставыя поласці, а непасрэдна пад падмуркам царквы на невялікай глыбіні залягаюць падземныя грунтавыя воды, якія перамяшчаюцца ў бок схілу, ствараючы тым самым перадумовы для ўзнікнення новых апоўзневых працэсаў.

Сёння складана сказаць дакладна, чаму Каложскі храм мае такую назву. Версіі аб перасяленцах з-пад Пскова альбо аб крыніцах маюць як сваіх прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Напэўна, яшчэ не хутка аціхнуць спрэчкі гісторыкаў і філолагаў. «Семь веков скромный храм на Коложе смотрит на перевороты и изменчивость судьбы города Гродна», – пісаў калісьці даследчык П. Баброўскі, – и теперь готов уже исчезнуть в наших глазах, поглотившись волнами быстраго своенравнаго Немана, безжалостно, каждый год, подмывающаго тринадцатисаженный песчаный утес». З тых часоў мінула больш за 150 год, а Каложскі храм усё стаіць на краі пагорка ля бацькі Нёмана, захоўвае легенды горада і дарыць людзям радасць размовы з Богам.

Даведка

  • Капішча — старажытнаславянскае слова, якім пазначаецца прастора паганскага храма, размешчаная за алтаром, і прызначаная для ўсталёўкі капей (статуй, якія сімвалізуюць багоў) або іншых сакральных прадметаў.
  • Прывіле́й (ст.-белар.:привилей; польск.: przywilej) - законадаўчы акт у Каралеўстве Польскім (з XII ст.) і Вялікім княстве Літоўскім (з канца XIV ст.), які сцвярджаў правы асобных людзей, шляхетных радоў, сацыяльных груп альбо адміністрацыйных адзінак на нейкае матэрыяльнае, альбо статуснае ўладанне.
  • Тапо́нім (па-грэцку: τόπος — месца, ὄνομα  —імя) у агульным значэньні гэта назва мясьціны, тапонімамі займаецца раздзел мовазнаўства — тапаніміка. 

А. П.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)