Праведны Іаан Кармянскі

Фотаздымак протаіерэя Іаана Гашкевіча (Кармянскага)Фотаздымак протаіерэя Іаана Гашкевіча (Кармянскага)Праваслаўнае шанаванне святых угоднікаў Божых выцякае з упэўненасці, што ўсе мы, жывыя і мёртвыя, складаем адзіную Божую сям’ю. Царква – гэта вялікае грамадства, якое ахоплівае бачны і нябачны свет, і пабудаванае на прынцыпе любові, у якой кожны мусіць клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра дабро і збаўленне іншых людзей. Святыя – гэта людзі, якія пры сваім жыцці больш за іншых праяўляюць любоў да блізкага.

Семантыка слова, якое азначае біблійнае паняцце святасці, узыходзіць да значэння «аддзелены» ці ў пераносным значэнні – «выбраны»: «вы - род выбраны, людзі ўзятыя ва ўдзел» (1Пят. 2;9). У больш шырокім кантэксце святымі – выбранымі – называліся людзі і рэчы, прысвечаныя Богу, аддзеленыя ад свету, беззаганныя.

Святыя – гэта людзі, якія глыбока адчулі, што ніякае дабро немагчыма здзейсніць без Бога. Гэта людзі, якія убачылі задуму Божыю пра сябе і ўвасобілі яе ва ўласным жыцці. Святыя выкаранялі ў сваіх душах усё злое нават на ўзроўні думак і пачуццяў. У гэтым іх адрозненне ад звычайных гераічных асоб. Героі намагаюцца змяніць свет шляхам знешней барацьбы за справядлівасць. А святыя ўздзейнічаюць на свет шляхам унутранага яго ператварэння і пачынаюць гэтае ператварэнне з саміх сябе.

Збавіцель вызначыў духоўны абавязак чалавека сцісла ў двух запаведзях Закона: пра любоў да Бога і любоў да блізкага. Пры гэтым Хрыстос навучыў, што сапраўднае выкананне гэтых запаведзяў немагчымае без той ці іншай ступені самаадрачэння і патрабуе подзвігу.

Подзвігі святых адрозніваюцца паміж сабой. У залежнасці ад гэтых подзвігаў сярод мноства святых вылучаюць роўнаапостальных, мучанікаў і пакутнікаў, свяціцелей, прападобных, благаверных, праведных – святых людзей розных званняў, што праявілі любоў хрысціянскую і праславіліся дабрадзейным жыццём у свеце.

Людзі, зыходзячы з палажэнняў будзённага зямного жыцця, часта могуць не ўбачыць праведніка, які жыве побач з імі. Каб з’явіць дар праведніка, Гасподзь адорвае свайго выбранніка пры жыцці ці пасля смерці цудатварэннямі. Першае сярод пасмяротных цудаў – нятленне цела падзвіжніка, пацверджанае словамі Свяшчэннага Пісання: «Бог стварыў чалавека для нятлення і зрабіў яго вобразам вечнага быцця Свайго» (Прам. 2;23).

Мошчамі называюцца целы памерлых святых, якія не паддаліся тленню і праславіліся цудатварэннямі. Значэнне і паходжанне слова паказвае на тое, што мошчы здольныя – «моцныя» – здзяйсняць Божай воляй цуды, часцей за ўсё – цуд вылячэння альбо абароны ад небяспекі. Менавіта таму цудатварэнні ад мошчаў праведнікаў з’яўляюцца ўмоваю для пачатку іх шанавання.

Гэтак, 30 красавіка 1998 года вызначэннем Сіноду Беларускай Праваслаўнай Царквы да ліку мясцовашанаваных святых прылічаны протаіерэй Іаан Гашкевіч (Кармянскі). Пры жыцці яго выдзяляла духоўная любоў і высокі духоўны аўтарытэт. Ён сцяжаў у сабе мірны дух Хрыстовы, і пацягнуўся да яго просты люд, знаходзячы ў праведніка мір, супакойванне сваім клопатным сэрцам і цудоўныя вылячэнні.

Будучы ўгоднік Божы нарадзіўся ў сям’і святара ў 1837 годзе і быў ахрышчаны ў гонар апостала любові Іаана Багаслова. Ужо з чатырох гадоў будучы праведнік дапамагаў свайму бацьке па храме і маліўся. У служэнні свайго бацькі ён бачыў і сваё прызначэнне. У 1859 годзе, пасля заканчэння Магілёўскай духоўнай семінарыі, яго накіроўваюць законавучыцелем у вёску Агародня, а 24 лютага 1862 года адбываецца хіратонія Іаана Гашкевіча ў іерэя да Свята-Ражджаства-Багародзічнай царквы вёскі Шарсцін Рагачоўскага павета. У малітвах і пастырскай дзейнасці праходзілі гады служэння іерэя Іаана Гашкевіча. Пасля 1876 года айцец Іаан пераводзіцца ў храм Перанясення мошчаў свяціцеля Мікалая вёскі Агародня Гомельскага раёна, дзе Гасподзь у поўнай меры раскрывае ягоныя духоўныя сілы. Храм робіцца для яго месцам  малітоўнага подзвігу. У новым прыходзе бацюшка прыкладаў шмат сіл дзеля добраўпарадкавання храма і царкоўных збудаванняў. Сваёй жа ўласнасці ён ніколі не меў. Да скону дзён жыў сціпла ў старэнькай хатцы, крытай саломай.

Каб адчуць ў храме яўную благадаць, да дабрадзейнага бацюшкі на богаслужэнні пачалі прыходзіць людзі з бліжэйшых вёсак. Многім бацюшка дапамагаў парадай, малітвай і справай, часта паўтараючы словы апостала Іакава: «Вера без спраў мёртвая». Да самой смерці айцец Іаан нязменна дапамагаў удовам і сіротам. Удаве, у якой загінуў муж падчас Першай сусветнай вайны і засталося пяць сірот, бацюшка аддаў сваю карову. Другой беднай удаве Мар’і ён сказаў «Бог благаславіць, бяры дровы, грэй печку дзеткам, каб не замёрзлі». А ў вёсцы зімой дровы – гэта жыццё!

Запаведзь пра любоў да Бога і блізкага айцец Іаан выканаў усім сваім жыццём. Гэта адзначалі і прыхаджане храма, у якім ён быў настаяцелям на працягу 36 гадоў, і духоўнае начальства. У 1893 годзе ён быў прызначаны духоўным следчым у Благачынні і выбраны сябрам Благачыннечай рады. Потым узведзены ў сан протаіерэя, узнагароджаны набедранікам, скуф’яй, камілаўкай, залатым наперсным крыжам, ордэнам Святой Анны ІІІ ступені, ордэнам святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра IV ступені. У 1912 годзе айцец Іаан выходзіць за штат з прычыны ўзросту (75 год).

За руплівае выкананне пастырскіх абавязкаў, любоў да людзей, лагоднасць, пакорлівасць, малітоўны подзвіг звычайны вясковы шматдзетны бацюшка атрымаў ад Духа Святога дары вылячэнняў, цудатварэнняў і празорлівасці. Аднойчы, падчас служэння ў храме, бацюшка ўбачыў над прастолам вялікі крыж. Свайму сыну святару Іаану ён сказаў: «Да цябе ў храм прыдзе Маці Божая, пасля яе наведвання храм абязлюдзіць». І гэта адбылося ў 30-я гады ХХ стагоддзя, праз 20 гадоў пасля смерці бацюшкі. Многія помняць, як зайшла ў храм Жанчына, апранутая незвычайна для нашых мясцін, і падышла да Чашы без споведзі. Усе стаялі як зачараваныя, некаторыя бачылі вакол Жанчыны юнакоў у белых адзеннях. Свяшчэннік узгадаў словы бацькі, забраў з храма антымінс (свяшчэнная хуста, на якой здзяйсняецца Літургія), а неўзабаве храм зачынілі і айца Іаана-малодшага адправілі ў ссылку.

Зямное жыццё айца Іаана Гашкевіча скончылася ўвосень 1917 года. У дзень скону бацюшкі быў ясны пагодны дзень па ягоным прадказанні. На трэці дзень пасля смерці пры зборы духавенства акругі і мноства народа протаіерэй Іаан быў пахаваны з правага боку алтара ў царкве, дзе адбывалася ягонае служэнне.

Абраз святога праведнага Іаана Кармянскага з часцінкай мошчаўАбраз святога праведнага Іаана Кармянскага з часцінкай мошчаўУ 50-х гадах ХХ стагоддзя храм быў спалены, а на ягоным месцы і на месцы могілак былі збудаваныя футбольнае поле і танцавальная пляцоўка.

Але засталіся ў сэрцах жыхароў Добрушскай зямлі ўспаміны і любоў да свайго пастыра. Гэта жывая памяць аб ім падштурхнула настаяцеля Кармянскай Свята-Пакроўскай царквы іераманаха Стэфана (Нешарэта) (цяпер епіскапа Гомельскага і Жлобінскага) пачаць пошукі месца пахавання бацюшкі. У 1991 годзе цудоўным чынам былі здабытыя нятленныя мошчы протаіерэя Іаана Гашкевіча і з глыбокай пашанай перанесены ў храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Адмыслова створаная камісія засведчыла нятленне мошчаў праведнага ўгодніка Божага.

У дні першага ў гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы візіта Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ ў Беларусь мошчы сталі выдзяляць прыемны пах.

Ад святых мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага адбываецца мноства цудоўных вылячэнняў. Дапамагае праведны ў такіх актуальных для нашага часу хваробах душы, як п’янства, курэнне і наркаманія.

8 жніўня 2000 года вызначэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царкве было вырашана заснаваць пры Свята-Пакроўскім прыходзе жаночы манастыр у гонар святога праведнага Іаана Кармянскага і даць яму назоў Свята-Іаанаўскі Кармянскі жаночы манастыр.

Нам, якія жывуць у імклівым рытме жыццёвай марнасці, жыццёва неабходна мужнасць, дабрыня, цярпенне і духоўная чысціня, якім мы можам навучыцца ў праведнікаў, і тады жыццё нашае будзе ператворана ззяннем Святых Божых.

У Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве горада Гродна знаходзіцца часцінка нятленных мошчаў святога праведнага Іаана Кармянскага, малітвамі каторага ўсе, з вераю прыходячыя да ягоных святых мошчаў, атрымліваюць жыватворную дапамогу, умацаванне ў праваслаўнай веры і вылячэнне ад розных хвароб, душэўных і цялесных.

Памяць 31 траўня і 9 верасня.

Трапар, глас 4:

Святы Божы, ойча наш праведны Іаане, прасвітар слаўны статку Хрыстовага, свята жыццё сваё правёў ты, дару празарлівасці і ацалення спадобіўся ты. І цяпер, нятленным целам з намі застаючыся, малі Хрыста Бога, каб спас Гасподзь душы тых, хто ўшаноўвае, блажэнны, святую памяць тваю.

Кандак, глас 6:

Ад улоння маці дзівосна прадказаны, абраннікам Божым з’явіўся ты, не толькі ў жыцці Богам праслаўлены, але і пасля смерці нас не пакінуўшы, у цудоўным яўленні рукі за род праваслаўны прасціраючы, маліся Уладару ўсіх Цару, каб памілаваў нас, якія ўшаноўваюць святую памяць тваю.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)