Святы мучанік дзіцятка Гаўрыіл Беластоцкі

Абраз святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага з часцінкай мошчаўАбраз святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага з часцінкай мошчаўСвяты мучанік дзіцятка Гаўрыіл нарадзіўся 20 сакавіка 1684 года ў вёсцы Звяркі, што знаходзіцца недалёка ад места Заблудаў Гродзенскага павета. Бацькі ягоныя Пятро і Настасся Гоўдзель свята і непарушна захоўвалі праваслаўную веру, якую перанялі ад продкаў, не гледзячы на ўсе ўціскі, якія зазнавалі тады беларусы, якія не жадалі прымаць царкоўную унію. Іхні сын быў ахрышчаны і выхаваны ў правілах святога Праваслаўя.

11 красавіка 1690 года, калі Гаўрыілу толькі споўнілася 6 гадкоў, здарылася бяда. Пятро Гоўдзель адправіўся ў поле на работу; каля апоўдні жана панесла яму абед, пакінуўшы дзіця ў хаце без дагляду. Габрэй-арандатар, што жыў у Звярках – нехта Шутко – ўбачыўшы дзіцё, што гуляла бесклапотна ў двары, прылашчыў яго, завёў у свой дом і таемна звёз у Беласток.

Як потым даказала праведзенае следства, бязвіннага дзіцятку страшна катавалі:  Гаўрыіла прыбілі цвікамі за рукі і ногі (аб гэтым сведчыць таксама выдадзенае ў Пачаеўскай лаўры жыццё святога); зрабіўшы рану ў баку, сталі выпускаць кроў з цела. Затым нанеслі мноства надрэзаў па ўсім целе. Труп змярцвёнага дзіцяці злачынцы выкінулі ў полі.

Набліжалася свята Вялікадня. Да цела прыбягалі галодныя сабакі, над ім кружлялі драпежныя птушкі, але сабакі не толькі не падзерлі яго, але нават ахоўвалі ад драпежнікаў. На браханне сабак сышліся жыхары і знайшлі ахвяру зверства. Падчас следства высветліліся абставіны забойства, якое здзейснілі іудзеі - яны былі знойдзены і пакараныя; у мемуарах гарадскога Заблудаўскага праўлення пакінуты адпаведны запіс. Жыхары Заблудава прызналі, што загінула дзіцё ў выніку рытуальнага забойства, здзейсненага іудзеямі ў Беластоку. Цела замардаванага дзіцяткі Гаўрыіла пры збегу народу, глыбока ўсхваляванага такім зверствам, было аддана зямлі побач з могільнкавай капліцай у Звярках і знаходзілася тут каля 30 гадоў.

У 1720 годзе па ўсёй тэрыторыі Беластоцкага павету прайшоў мор. Людзей ледзь паспявалі хаваць, у вёсцы Звяркі памерлых дзяцей стараліся пакласці бліжэй да магілы дзіцяткі Гаўрыіла, адчуваючы незвычайную благадаць гэтага месца. Аднойчы, падчас пахавання, выпадкова закранулі труну мучаніка. Цудоўным чынам, цела дзіцяткі знайшлі нятленным. Вестка пра гэта імгненна разнеслася сярод праваслаўных вернікаў. Паданне звязвае з гэтай падзеяй шматлікія вылячэнні, якія адбыліся ля магілы святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла і заканчэннем эпідэміі, што паслужыла падставай для ягонага ўшанавання. Здабытыя мошчы з глыбокай пашанай перанеслі ў крыпту пад храмам у вёсцы Звяркі

У 1746 годзе згарэла вясковая царква ў Звярках, але мошчы засталіся некранутымі. Часткова толькі абгарэла ручка, але ж гэта, безумоўна, адбылося адпаведна Божаму Промыслу, дзеля ўмацавання веры і набожнасці ў праваслаўным народзе. Калі святыя мошчы былі перанесеныя ў Заблудаўскі манастыр, ручка цудоўна зажыла і зноў пакрылася скураю. Святыня была ўрачыста перанесена ў Заблудаў і пастаўлена ў алтар трапезнай царквы Свята-Троіцкага Заблудаўскага манастыра

У 1752 годзе архімандрыт Слуцкага манастыра Дасіфей (Галяхоўскі), намеснік кіеўскага мітрапаліта склаў трапар і кандак, якія ўжываюцца да нашага часу.

Мошчы дзіцяткі мучаніка Гаўрыіла ляжалі ў раке абсалютна адкрытымі. Абедзьве ручкі дзіцяці трымалі маленькі нагрудны крыж. Пальцы сколатыя, на целе рваныя раны. У ракі вісела шыльда, на якой на царкоўна-славянскай і на польскай мовах было напісана: «Мошчы дзіцяткі Гаўрыіла Гаўдзелючэнка з сяла Звяркі павета Заблудаўскага, народжанага 1684 года сакавіка 22 дня, а закатаванага ад жыдоў у Белым Стоку 1690 года красавіка 20 дня. Аб тым, хто жадае прастранней ведаць, адсылаецца да кніг праўных Магдэбургіі Слуцкай. 1755 г. мая 9 дня, за паспяховым княжэннем яснавяльможнага князя Іероніма.”

У той час усё хрысціянскае насельніцтва Заблудава моцна трымалася праваслаўнае веры. Было тут некалькі храмаў, манастыр. Праваслаўныя ўладары Заблудава Хадкевічы славіліся як руплівыя абаронцы веры і народнасці. Некалі ў гэтай мясціне была праваслаўна-царкоўная кнігадрукарня, у якой у 1569-1570 гг. працавалі беларускія першадрукары дыякан Іван Фёдараў і Пятро Цімафеевіч Мсціславец. Была тут праваслаўная царкоўная школа і багадзельня. Але да часу перанясення ў Заблудаў мошчаў святога Гаўрыіла ў краіне пачалося ўзмацненне ўніі. Беласток і Заблудаў уваходзілі ў склад Слуцкага княства, Слуцк жа быў надзейнаю апораю Праваслаўя: на працягу двух стагоддзяў уніі ён цвёрда вытрымліваў ціск уніятаў, захаваўшы праваслаўную веру ў чысціні і цэласці. Сюды ж і вырашылі перанесці мошчы святога Гаўрыіла. 9 мая 1755 года, з дазвалення Канстанцінопальскага Патрыярха і з благаславення Кіеўскага мітрапаліта і ягонага намесніка мітрапаліта Цімафея (Шчарбацкага), святыя мошчы былі перанесены з манастыра ў Заблудаве ў саборны храм Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра. Перанясенне здзейсніў настаяцель Слуцкай абіцелі архімадрыт Міхаіл (Казачынскі).

У Слуцку знаходзілася спецыяльная кніга, у якой запісвалі вядомыя духоўным і дзяржаўным уладам цудоўныя здарэнні, звязаныя з мошчамі святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла. У 1820 годзе  мучанік дзіцятка Гаўрыіл быў далучаны да ліку святых Рускай Праваслаўнай Царквы. У 1897 г. на дабравольныя ахвяраванні была выраблена новая, срэбная рака.

У 1902 годзе, 6 кастрычніка ўся вёска Звяркі згарэла разам з капліцай. Па Божым Промысле ў згарэлай капліцы засталіся некранутымі агнём крыж і абраз святога мучаніка Гаўрыіла.

У 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны епіскап Беластоцкі Уладзімір (Ціханіцкі) вывез драўляную раку з часцінкай святых мошчаў мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла ў Маскву і часова размясціў у Пакроўскам Саборы на Чырвонай плошчы. Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года ў Расіі пачаліся крывавыя ганенні на праваслаўных. Гэтак, свяшчэннамучанік Іаан Васторгаў, які абараняў ад папрання памяць аб святым мучаніку, настаяцель  маскоўскага Пакроўскага сабора на Чырвонай плошчы, прыцягваўся бальшавікамі ў якасці абвінавачванага і быў расстраляны.

Рашэннем Савета Народных Камісараў ад 29 ліпеня 1920 года было пастаноўлена: «планово и последовательно препроводить на территории полную ликвидацию мощей…». Гэта распараджэнне не абмінула і святыя мошчы мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла.

У 30-х гадах Троіцкі Слуцкі манастыр, дзе да гэтага часу захоўваліся мошчы, быў зачынены, а святыя мошчы мучаніка перанесены ў музей атэізму ў Менску.

Падчас Другой сусветнай вайны рэпрэсіі пачалі слабець і ў 1942 годзе ў хаосы ваеннай неразбярыхі праваслаўным жыхарам Менска ўдалося змясціць святыя мошчы дзіцяткі Гаўрыіла ў драўляную раку ў кафедральным саборы Праабражэння Гасподняга ў Менску, настаяцелем якога быў мітрапаліт Пантэлеімон (Ражноўскі).

У 1943 годзе весткі пра знаходжанне святых мошчаў у менскім саборы дайшлі да настаяцеля царквы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ў мястэчку Свіслач айца Алексія Зноска. Айцец Алексій за кароткі час напісаў акафіст святому, скарыстаўшыся з больш чым 40 акафістаў, якія паслужылі яму ўзорам. Акафіст быў зацверджаны царкоўнай уладаю ў 1943-1944 гадах і ўведзены ў царкоўны ўжытак.

9-10 ліпеня 1944 года святыя мошчы былі перанесены з Менска ў Горадню, у царкву Пакрова Божае Маці, дзе яны і знаходзіліся да 21 верасня 1992 года. Пасляваенны лёс гэтай святыні пакрыты заслонай таямніцы. Святыя мошчы на працягу апошніх некалькіх дзясяткаў гадоў знаходзіліся ў сутарэннях гарадзенскай царквы воддаль ад тых, хто мог бы апаганіць іх. Святыя мошчы знаходзіліся ў вільготным падвальным памяшканні ў надзвычай неспрыяльных умовах. Аднак, яны не пацярпелі, што ў чарговы раз гаворыць пра іх святасць.

21-22 верасня 1992 года святыя мошчы былі перанесены х хросным ходам – першым з 1944 года – з гродзенскага манастыра Ражджаства Прасвятой Багародзіцы ў Свята-Мікалаеўскі сабор горада Беластока па благаславенню архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Савы і архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Валянціна.

З 1993 года штогод 2-3 мая  мошчы дзіцяткі Гаўрыіла пераносяцца з Беластока ў Заблудаў, дзе пры адчыненай раке вернікі праводзяць усю ноч на богаслужэнні. Мошчы прывозяць на аўтамабілі да ўскраіны Заблудава і адтуль на руках вернікі нясуць іх у заблудаўскі храм. У гонар свята 2 мая з Беластока выходзіць паломніцкі хросны ход у Заблудаў.

Памяць мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла адзначаецца 3 мая (у гадавіну ягонай пакутніцкай смерці), у 3-цю Нядзелю пасля Пяцідзясятніцы (Сабор Беларускіх святых), а ў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве таксама 22 верасня (у гадавіну знаходжання і перанясення ягоных мошчаў з Горадні ў Беласток).

У Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве горада Гродна знаходзіцца часцінка нятленных мошчаў святога мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла Беластоцкага, які лічыцца апякуном хворых дзетак.

Трапар, глас 5:

Святы дзіцятка Гаўрыіле, ты за Працятага дзеля нас іудзеямі люта імі ж у рэбры працяты быў, і за Таго , Хто праліў кроў Сваю за нас, ты ўсё цела тваё на выцячэнне крыві і лютыя раны аддаў; цяпер жа ў славе вечнай з Ім пасяліўся ты. Таму молім памяні і нас, якія шануюць памяць тваю, просячы нашым целам здароўе і спасенне душам нашым.

Кандак, глас 6:

Бацькаўшчына твая была Звяркі, мучанік Хрыстоў Гаўрыіле, дзе сапраўднымі звярамі, іудзеямі, ты выкрадзены быў, раптоўна бацькоў пазбаўлены быў, потым усе жорсткасці перацярпеўшы, у айчыну Нябесную перасяліўся ты. Вызваляй і нас тут ад усялякай напасці і горасці і маліся, молімся табе, каб атрымаць нам вечную спадчыну тваю.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)