Крыж Еўфрасінні Полацкай

Копія Крыжа Еўфрасінні ПолацкайКопія Крыжа Еўфрасінні ПолацкайНа думку многіх экспертаў, крыж Еўфрасінні Полацкай, як і праславуты Бурштынавы пакой, уваходзіць у дзясятку найкаштоўнейшых прапаўшых вырабаў мастацтва, на якія палююць найвядомейшыя калекцыянеры. Гісторыя гэтага крыжа драматычная, поўная загадак і няяснасцяў. І да сёння невядомае ягонае месцазнаходжанне. Але знакамітая рэліквія для праваслаўных не проста мастацкая рэдкасць – яна бясцэнная, бо з’яўляецца адной з самых вядомых святынь Беларусі.

Гісторыя крыжа Еўфрасінні Полацкай пачалася ў далёкім XII стагоддзі. Згодна з паданнем, аднойчы да маладой полацкай манахіні Еўфрасінні (у свеце княгіні Прадславы, унучкі полацкага князя Усяслава Чарадзея) у келью з’явіўся ангел і сказаў, што яна мусіць пасяліцца ў Сяльцы, што на беразе Палаты, непадалёк ад Полацка, і заснаваць там жаночы манастыр. Еўфрасіння так і зрабіла і, пры падтрымцы епіскапа Іліі і ўплывовых сваякоў, заснавала ў Сяльцы абіцель.

У 1161 годзе стараннямі Еўфрасінні тут была ўзведзена Спаса-Праабражэнская (Спаса-Еўфрасіннеўская) царква. Будавалі яе ўсяго 30 тыдняў, што вельмі хутка для таго часу. Узводіўся храм пад кіраўніцтвам дойліда Іаана. Царква атрымалася на славу і прастаяла стагоддзі, працягваючы радаваць і нас, ужо ў XXI стагоддзі, вытанчанасцю сваіх архітэктурных форм і старажытных роспісаў. Яе прапорцыі і форма моцна паўплывалі на храмавае дойлідзтва іншых гарадоў Кіеўскай Русі – Смаленска, Ноўгарада, Разані, Пскова.

Пры манастыры дзейнічала майстэрня, дзе рабілі аправы для абразоў і іншыя прадметы царкоўнага ўжытку. Адным з самых умелых майстроў у Полацку быў Лазар Богша – залатых спраў майстар (ці ювелір, кажучы сучаснай моваю). Богша – скарочаная форма імя Богуслаў, якое тады было шырока распаўсюджана на землях Паўднёва-Заходняй Русі; імя Лазар ён атрымаў пры хрышчэнні. Майстар валодаў тэхнікай перагародчатай эмалі – вельмі рэкай на Русі ў той час. Імаверна, Лазар Богша навучыўся гэтаму мастацтву ў Візантыі. Да таго часу, калі майстар атрымаў ад Еўфрасінні замову вырабіць напрастольны крыж для Спаса-Праабражэнскай царквы, ён быў ўжо ў дастаткова зрэлым узросце. У той час на зробленых вырабах майстар рэдка пазначаў сваё імя, аднак на адваротным баку крыжа Лазар Богша, нібыта разумеючы, што ён стварыў, зрабіў наступны надпіс: «Г[оспод]и, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченомоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви стаго Спаса и Офросиньи».

Вышыня крыжа – 52 см; верхняе перакрыжаванне – 14 см, ніжняе – 21 см. Крыж быў зроблены з кіпарысу, пакрыты залатымі і срэбнымі пласцінамі з выявамі, вырабленымі ў тэхніцы перагародчатай эмалі і ўпрыгожаны васям’ю каштоўнымі камянямі і пярлінамі. Малюнкі на крыжы перадаюць асноўныя падзеі Новага Запавету.

Крыж шасціканцовы. На думку багасловаў, гэта сімвалізуе шэсць дзён стварэння свету. На верхніх канцах крыжа былі паясныя выявы Іісуса Хрыста, Маці Божае і Іаана Прадцечы, на канцах ніжняга перакрыжавання – архангелы Гаўрыіл і Міхаіл, а ў цэнтры крыжа – евангелісты Матфей, Марк, Лука і Іаан.

У адмысловых гнёздах крыжа захоўваліся святыні з Візантыі – часціца Крыжа Гасподняга з кроплямі Ягонай Крыві, камень з грабніцы Божае Маці, часціца Гроба Гасподняга і часціцы мошчаў святых Стэфана і Панцеляімана, кроплі крыві святога Дзімітрыя. Святыні для крыжа, адказваючы на просьбу Еўфрасінні, даслалі візантыйскі імператар Мануіл Комнін і патрыярх Канстанцінопальскі Лука Хрысоверг.

У Полацку ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры крыж захоўваўся больш за 60 гадоў, але ў 1222 годзе падчас чарговай рускай міжусобіцы смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч спустошыў Полацк і ўвёз рэліквію да сябе. У Смаленску крыж быў без малага амаль тры стагоддзі. У 1495 годзе, жадаючы лепш захаваць святыню і каб не апускаць яе больш у ваду падчас водасвяцця, з крыжа зрабілі першую копію.

На пачатку XVI стагоддзя зноў сутыкнуліся даўнія сапернікі: Русь і Літва. Васіль ІІІ заняў Смаленск, тады цэнтр Смаленскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага і Рускага, і, авалодаўшы святыняю ў 1514 годзе, загадаў прывезці крыж Еўфрасінні Полацкай у Маскву. Васіль ІІІ ацаніў здабытую святыню па заслугах, і яна трапіла не ў мітрапаліцкую казну, а ў царскую. У Маскве крыж Еўфрасінні Полацкай выносілі з казны толькі падчас самых урачыстых выпадкаў.

Васіль ІІІ быў гасударам усёй Русі, але ўпершыню на царстваванне вянчаўся ягоны ўнук Іван IV Грозны, і Вялікае княства Маскоўскае стала Царствам Рускім. Дабіўшыся поспехаў на ўсходзе, Грозны звярнуў свой позірк на захад. Цар хацеў вярнуць рускай дзяржаве зручны выхад да Балтыйскага мора. Ягоным сапернікам быў Лівонскі ордэн, які раней захапіў Балтыйскае ўзбярэжжа. Немцы перашкаджалі ў гандлі рускім купцам, а ў 1557 годзе Лівонскі ордэн і Вялікае княства Літоўскае заключылі ваенны хаўрус супраць Царства Рускага. На пачатку зімы 1563 года рускае войска з моцнай артылерыяй на чале з самім Іванам IV Грозным падышло да Полацка. Іван Грозны ўзяў з сабой ў гэты паход крыж Еўфрасінні Полацкай, вырашыўшы вярнуць яго гораду, калі Гасподзь падорыць яму перамогу. Вось што сказана пра гэта ў Ніканаўскім летапісе: «Царъ же и великий князь тотъ крестъ обновити велел и украсити. И тотъ крестъ взя с собою и, имея надежу на милосерднаго Бога и на крестную силу, победити враги своя, еже и бысть».

Вестка пра крыж хутка разнеслася па Полацку. Мясцовае насельніцтва, згодна з данясеннямі папскага нунцыя ў Рым, «публічна малілася аб падараванні перамогі маскавітам» і ўсяляк вітала адзінаверцаў. Полацк быў добра ўмацаваны, але пратрымаўся ўсяго 16 дзён. І крыж Еўфрасінні Полацкай быў вернуты Полацку – цар стрымаў сваё абяцанне.

У далейшым крыж быў перанесены ў Сафійскі сабор. Але пасля Берасцейскай царкоўнай вуніі старажытны праваслаўны Сафійскі сабор адышоў да уніятаў, якія таксама высока шанавалі атрыманую святыню.

У 1812 годзе пасля захопу Полацка французамі зноў з’явілася пагроза страты рэліквіі, і ўжо базыліяне замуравалі яго ў сцяну Сафійскага сабора, каб не знайшлі захопнікі, дастаўшы яго толькі пасля таго, як непрыяцель пакінуў межы Расійскай імперыі. Пасля скасавання уніі унікальны крыж у 1839 годзе вярнулі Праваслаўнай царкве. Два гады пазней з ініцыятывы епіскапа Васілія (Лужынскага), які перайшоў з уніі ў Праваслаўе, адбылося перанясенне крыжа ў Маскву і Пецярбург. Сталіцы сустракалі святыню з вялікай радасцю. У саборнай царкве Зімняга палаца рэліквію агледзеў імператар Мікалай І. Гасудар падумаў пакінуць святыню ў Пецярбургу, але потым усё ж такі адмовіўся ад гэтага, і крыж вярнуўся ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, для якога і быў выраблены.

Новыя выпрабаванні пачаліся пасля Кастрычніцкага перавароту. У 1921 годзе крыж Еўфрасінні Полацкай адабралі бальшавікі. У 1928 годзе мінскія навукоўцы, разумеючы каштоўнасць рэліквіі, выехалі з Менску ў Полацк і паспрабавалі яго адшукаць. Гэта атрымалася, і крыж перавезлі спачатку ў Менск, а потым – у 1929 годзе – у Магілёў, які планавалі зрабіць новай сталіцай Беларусі. Там рэліквія як музейны экспанат спачатку была выстаўлена ў Магілёўскім гістарычным музеі, але людзі, якія падыходзілі ў музеі да крыжа, асянялі сябе каля святыні хросным знаменнем. І небяспечны экспанат пахавалі ў адным з сейфаў гаркама партыі.

У 1941 годзе на нашы землі напала фашысцкая Германія, Магілёў занялі немцы, і крыж бясследна знік. Пасля вайны яго шукалі, але беспаспяхова. З’явілася шмат розных версій ягонага знікнення і далейшага лёсу.

У 1992 годзе падчас святкавання 1000-годдзя Полацка-Глубокскай епархіі было вырашана аднавіць рэліквію, і брэсцкім ювелірам Мікалаем Кузьміным у 1997 годзе па благаславенні Іерусалімскага патрыярха Дыядора ІІ і Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі мітрапаліта Філарэта быў выраблены дакладна такі самы крыж. Адноўлены крыж асвяцілі ў Семяонаўскім саборы Брэста, а потым яго ўрачыста даставілі на ранейшае месца – у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

З таго часу кожны год 5 чэрвеня, у дзень памяці прападобнай Еўфрасінні, у Полацк з’яжджаецца мноства людзей. У манастыры ў прысутнасці мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсёй Беларусі, і мясцовага епіскапа выносіцца крыж Еўфрасінні, адпраўляецца малебен. Крыж Еўфрасінні Полацкай, паўтораны ў некальніх копіях, з’яўляецца адной з галоўных праваслаўных святынь Белай Русі.

У Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве Гродна таксама знаходзіцца копія крыжа з часцінкамі мошчаў многіх угоднікаў Божых.

Трапар Крыжу:

Спасі, Госпадзі, людзей Тваіх, і благаславі дастаянне Тваё, перамогу праваслаўным хрысціянам над супраціўнымі дай і Тваім Крыжам ахоўвай жыхарства Тваё.

Кандак Крыжу:

Узняты дабравольна на Крыж, тэзаіменаванаму Твайму новаму жыхарству шчодрасці Твае падай, Хрысце Божа, узрадуй нас сілаю Тваёю, перамогі над супраціўнымі даючы нам, якія маем Тваю дапамогу, як ахаванне міру і непераможную перамогу.