Прападобнамучанік Серафім Жыровіцкі

Прападобнамучанік Серафім ЖыровіцкіПрападобнамучанік Серафім ЖыровіцкіАрхімандрыт Серафім (у свеце Раман Раманавіч Шахмуць) нарадзіўся ў 1901 годзе ў сяле Падлессе Ляхавічскага раёна. Адчуваючы ў сабе манаскае прызванне, у чэрвені 1922 года ён пакінуў дом і адправіўся ў Жыровіцкі манастыр. Тут праз год прыняў манаскі пострыг з імем Серафім. У 1926 годзе яго пасвяцілі ў іерадыякана, а неўзабаве – у іераманаха. Праз тры гады айцу Серафіму быў нададзены сан ігумена.

Архімандрыт Серафім быў таленавітым прапаведнікам, і ў жніўні 1941 года яму і іерэю Грыгорыю Кударэнка была даверана высокая і адказная місія арганізаваць на акупаванай тэрыторыі Беларусі прыхадское жыццё там, дзе яно было загублена ў даваенны час.

Імкнучыся ахапіць як мага больш населенных пунктаў, місіянеры накіраваліся ў дарогу не цягніком а на конях. Іхні шлях быў доўгі і цяжкі. На шляху ў Менск яны наведалі мноства сяліб, у кожнай з якіх адпраўлялі богаслужэнні, аглядалі захаваныя храмы, выбіралі будаўнічыя камітэты дзеля іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі памерлых, неслі слова Божае.

Недалёка ад Гомля, у Чанках, прапаведнікі адчынілі жаночы манастыр. Вядома, што падчас місіянерскага падарожжа айцом Серафімам было адчынена 74 храмы. У тых месцах, дзе бывалі айцец Серафім і айцец Грыгорый, яны збіралі матэрыялы пра ганенні, якія зазнала Праваслаўная Царква ў даваенныя гады.

Прыбыўшы ў Менск восенню 1943 года, архімандрыт Серафім і свяшчэннік Грыгорый сталі служыць у ачыненай імі Свята-Духавай царкве (цяпер – кафедральны сабор). Пры храме быў адчынены манастыр. Архімандрыт Серафім прыняў таксама пастырскую апеку над бальніцамі горада, інваліднымі дамамі і дзіцячымі прытулкамі.

У чэрвені 1944 года прапаведнікі пераехалі з Менску ў Гродна, дзе наведвалі лазарэты, прычашчалі параненых, прапаведвалі. 6 верасня іх арыштавалі. Пяць дзён цягнуўся допыт на месцы, потым іх перавезлі ў менскую турму.

На допытах асуджаныя трымаліся з годнасцю сапраўдных пастыраў Царквы. Не хаваючы ад следчага сваіх поглядаў, айцец Серафім на пытанне пра тое, што ён казаў падчас пропаведзяў, калі ездзіў па Беларусі, прама адказаў, што часта звяртаўся да народа прыкладна з наступнымі словамі: «Святая Русь была веруючая, верылі нашыя продкі, дзяды, прадзеды, бацькі, і цяпер мы зноў зажывем шчасліва цераз веру. Нядобра, што бязбожнікі зачынілі нашыя святыні, што вашыя бацькі і маці паміралі без наказаў Святых Тайн і хаваліся без свяшчэннікаў, а дзеці раслі няхрышчанымі і не вянчаліся...»Прыжыццёвы фотаздымак архімандрыта Серафіма (Шахмуць)Прыжыццёвы фотаздымак архімандрыта Серафіма (Шахмуць)

Пастыраў пратрымалі пад следствам дзесяць месяцаў. Асобай нарадай пры НКУС СССР 7 ліпеня 1945 года абодвум зняволеным вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі цягам 5 гадоў і накіравалі ў лагеры Горкаўскай вобласці, размеркаваўшы за 12 км адзін ад аднаго. Але ж і праз адлегласць яны падтрымлівалі паміж сабою сувязь. Айцец Грыгорый адразу даведаўся пра смерць айца Серафіма і яе абставінах.

Не пакінуўшы пропавезь веры, айцец Серафім, многіх у лагеры прывёў да Бога. Як не намагалася лагернае начальства рознымі пакараннямі яго спыніць, нічога не атрымалася. Прыблізна праз год пасля вынясення прысуду архімантрыт Серафім (Шахмуць) памёр у лагеры – па афіцыйнай версіі, ад сардэчнай недастатковасці. Альтэрнатыўная версія гаворыць, што прападобнамучанік быў жывым чвартаваны з дапамогай грузавікоў.

Дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага адзначаецца ў дзень арышту 6 верасня, які з’явіўся пачаткам ягонага пакутніцкага подзвігу.

У Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве знаходзіцца прыжыццёвая фатаграфія прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага з ягоным вобразам.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)