Царква павінна быць лепей прадстаўлена ў інтэрнэце – Патрыярх Кірыл

Царква мусіць больш актыўна весці місіянерскую работу ў інтэрнэт-прасторы, заявіў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл падчас выступу на Архіерэйскім саборы, які праходзіў у Маскве з 2 па 5 лютага, паведамілі БЕЛТА ў Маскоўскім Патрыярхаце.

«Місія царквы можа і павінна быць шырока распаўсюджана ў інтэрнэт-прасторы. Блогі, сацыяльныя сеткі – усё гэта дае новыя магчымасці для хрысціянскага сведчання. Не прысутнічаць там – азначае, распісацца ва ўласнай бездапаможнасці і нерупленні пра збаўленне сабратоў», - гаворыцца ў патрыярхавам дакладзе.

Патрыярх Кірыл звярнуў увагу, што за апошні час у некалькі разоў павялічылася колькасць антыцаркоўных публікацый у інтэрнэт-СМІ, у блогах, у сацыяльных сетках. «Улічваючы, што аўдыторыя сацыяльных медыяў у наш час моцна памаладзела, можна сказать, што спажыўцамі паклёпаў і хлусні, накіраваных супраць царквы, з'яўляюцца ў асноўным маладыя людзі. У многіх з іх адсутнічае асабісты рэлігійны досвед, адпаведная рэлігійна-культурная адукацыя. Менавіта яны нярэдка становяцца лёгкімі ахвярамі тых, чыёй забавай ці аплачваемай працай стала антымісія», - сказаў царкоўны першаіерарх. Тым часам ён адзначыў, што ў інтэрнэт-прасторы дзейнічае і мноства людзей, якія распаўсюджваюць сапраўдную інфармацыю пра жыццё ў царкве, але колькасць цынікаў, аматараў скандалаў і хлуслівых выкрыццяў у разы большая.

«Зараз, калі да царкоўнага жыцця ў сацыяльных медыя праяўляецца вялізная цікавасць, няхай і не заўжды здаровая, наш доўг - перавярнуць яе ў дабро, стварыць умовы для таго, каб моладзь ведала пра Хрыста, ведала праўду пра жыццё людзей царквы. Гэта вялікая і карпатлівая работа, да якой мы ўсе прызваныя», - заявіў Патрыярх Кірыл. Аднак ён нагадаў, што царква жыве не ў віртуальнай прасторы, а ў рэальным свеце. «Прыгажосць Божага свету не можа замяніць штучна створаная людзьмі прастора для камунікацый. Гэтую заўвагу я адрасую і да пастыраў, якім інтэрнэт часам замяняе рэальныя стасункі з паствай. Віртуальная місія не можа падмяняць сабой прыхадскую работу, але павінна толькі яе дапаўняць», - адзначыў прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы.

Кажучы пра інфармацыйнае напаўненне епархіальных сайтаў, ён заявіў: «Трэба публікаваць падрабязную інфармацыю пра дзейнасць прыходаў і благачынняў, а таксама епархіальных камісій, аддзелаў і царкоўных арганізацый. Важна расказваць пра свяшчэннаслужыцеляў і міран епархіі, браць у іх інтэрв'ю». Акрамя гэтага, Патрыярх Кірыл звярнуў увагу, што не ўсе сайты епархій публікуюць навіны агульнацаркоўнага значэння. Таксама на іх не заўсёды можна знайсці афіцыйныя агульнацаркоўныя дакументы.

Асаблівае значэнне набывае ўзаемадзеянне са СМІ. Патрыярх указаў на недапрацоўкі ў гэтай сферы: «Не заўсёды новаўтвораныя епархіі могуць у кароткі тэрмін прызначыць кваліфікаваных прэс-сакратароў. У такіх выпадках прэс-сакратар епархіі мітрапаліта мусіць у поўнай меры аказваць падтрымку іншым архіерэям мітраполіі, якім, зрэшты, трэба памятаць, што такі стан рэчаў мусіць быць часовым».

«Епархіальная прэс-служба – гэта не даніна модзе, а надзённая неабходнасць. Асноўная мэта такой службы не столькі распаўсюджваць прыгожыя фотаздымкі, колькі актыўна ўдзельнічаць у інтэлектуальным і духоўным уздзеянні на медыяпрастору, дапамагаць архіерэю ў вызначэнні стратэгічных акцэнтаў у царкоўнай працы», - падкрэсліў Патрыярх Кірыл.

 


БЕЛТА