Толькі без рук…

Вядома, што прыгажосць бывае ўнутраная. Зрэшты, як і сіла духу, характар. Дзяніс Мешчаракоў. Чалавек з вельмі моцным характарам. Ён яшчэ зусім малады, яго праца – забяспечваць парадак у адным з начных клубаў Гродна.

Хлопца паважаюць калегі і наведвальнікі… Скажаце – нічога дзіўнага? Магчыма, калі б не адна акалічнасць. У гэтага маладога хлопца няма рук.

Дзяніс Мешчаракоў: «Шчасце? Не ведаю… Я чалавек, вядома, шчаслівы. Ёсць праца, якую я люблю, ёсць сябры, з якімі я шчаслівы, сяброўкі …»

Ён ішоў да гэтых слоў усе 22 гады свайго жыцця. Чаму лёс пазбавіў Дзяніса рук, ён не ведае дагэтуль. У дзіцячым доме гаварылі – такім нарадзіўся. Не любіць успамінаць пра тое, як шмат часу даводзілася праводзіць у адзіноце. Ухапіцца за нармальнае жыццё хлопчыку было нечым…

Ягоны працоўны дзень пачнецца незадоўга да поўначы. Вось ужо два гады Дзяніс – ахоўнік у адным з гродзенскіх клубаў. Удзень у яго іншая праца, а тут ўжо ведаюць: калі на змене Мешчаракоў – сітуацыя пад татальным кантролем.

Некалькі гадоў Дзяніс займаўся тхэквандо – як вядома, у гэтым баявым майстэрстве галоўнае – сіла духа і валоданне нагамі.

У будны дзень адпачывальнікаў няшмат, але ён не адыдзе з паста ні на хвіліну. Скончыць а пятай раніцы, а дома, ля парога будзе чакаць тая, каторую ўжо 20 гадоў ён называе мамай…

Таццяна Мешчаракова, мама: «Ён ляжаў у калысцы і не хадзіў яшчэ ў той час. У мяне гэтая думка запала, мне стала яго вельмі шкада. Проста ў сям’ю аддаваць, як аднаго з маіх дзяцей, не хацелі, баяліся, што я не здужаю, таму я вырашыла яго ўсынавіць…»

У доме сямейнага тыпу Таццяна Георгіеўна працавала мамай з 30 год, сама выхоўвала дзесяцярых дзяцей. Па дакументах – Дзяніс яе адзіны родны сын, і гэта жанчына зрабіла, здавалася б, немагчымае…

Для яго даўно няма перашкод. Нагамі спрытна набірае нават смс-паведамленні, калі трэба штосьці па працы – запісвае, адначасова размаўляючы па тэлефоне, а ў вольны час з задавальненнем адцягваецца за капм’ютарам. Яго ён набыў сабе сам.

Таццяна Мешчаракова, мама: «Не ведаю, можа ён на мяне і крыўдуе, я сваруся на яго часам, патрабую ад яго, як ад усіх дзяцей, асабліва не вылучала яго, можа ў душы недзе, а так знешне старалася яго не занадта песціць…»

І Дзяніс быў упэўнены, скончыць школу – пойдзе працаваць. Ён забыў, што нечым адрозніваецца ад іншых, але каб атрымаць жаданую працу, прыйшлося прайсці некалькі камісій, сабраць даведкі і, галоўнае, запэўніць працадаўцаў, што ён справіцца не горш за астатніх супрацоўнікаў.

Пасада дзяжурнага па зале тут з’явілася тры месяцы таму, разам з адкрыццём крамы і прапановай загадчыцы ўзяць на працу Дзяніса. На ягоным рахунку ўжо некалькі прадухіленняў крадзяжоў і спакой калег.

Вікторыя Куль, прадавачка: «Увесь час нас падтрымлівае, абараняе, калі раптам клічуць – бягом бяжыць на тую залу, малайчына хлопчык, такі ж як і мы ».

Пасля змены ў краме ў яго будзе паўтары гадзіны на тое, каб падрыхтавацца да працы ў клубе, але ён сам вырашыў, што так трэба. Сам знайшоў дзве працы, а калі выпадзе выходны, сам прысвяціць яго паходу толькі ў адно месца…

Каложская царква стала для хлопчыка другім домам, расказавае, што некалі менавіта тут яму забаранілі адчайвацца.

Уладзімір Барысевіч, настаяцель Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы: «Царква выхоўвае ў ім тое трыванне, дабрадзейнасць змірэння і нейкую незласлівасць у адносінах да гэтага свету, які поўны пацех, радасцей. Усё ж такі царква дапамагае яму ў гэтым станаўленні быць больш змірэнным, цярплівым і мужна пераносіць тыя выпрабаванні, якія Гасподзь даў яму перанесці ў гэтым жыцці ».

І выйшаўшы з царквы, Дзяніс апавядзе пра патаемнае. Ён падрыхтаваны да ўсіх цяжкасцей і, здаецца, ведае, як з імі справіцца.

Дзяніс Мешчаракоў: «Я ўжо жыву і нават не заўважаю, што няма рук. Я хачу хаця б адзін пратэз зрабіць, каб самому сабе дапамагаць. Можа, калі-небудзь гэтая мара здзейсніцца».

У колькі абыдзецца дарагая аперацыя, лекары Дзянісу пакуль не сказалі. Але ён будзе чакаць, працаваць, марыць і будаваць планы. Аднойчы хлопчык вырашыў, што жыць насуперак ён не будзе, цяпер жыве дзякуючы…

Васіль Палубятка, старшы змены аховы: «Такіх, як мы, шмат у нашай краіне, у нашых клубах, а такіх, як Дзяніс, больш нідзе няма»

Уладзімір Барысевіч, настаяцель Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы: «Дзяніс заўжды бадзёры духам. З’яўляецца такім праменьчыкам сонейка ў нашым прыходзе. Усё-такі нашыя ўяўныя цяжкасці ніяк не параўнальныя з тым, што ён перажывае…»

Таццяна Мешчаракова, мама: «Гасподзь сказаў, што трэба рабіць дабро, а там ён Сам ужо ўсіх ацэніць нас, што мы здолелі ці не здолелі… Адно жаданне рабіць добрае Гасподзь ужо цэніць ».

 

Дзяніс Мешчаракоў: «Трэба жыць! Трэба, каб усе людзі разумелі – жыццё адно, яго трэба пражыць. Трэба далей сям’ю ствараць, дзяўчыну знайсці добрую, каб дапамагала… Сустрэць сваё каханне… Можа, калі-небудзь сустрэну яго ».

 


ОНТ