Пропаведзь на Абрэзанне Гасподне

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

У свята Абрэзання Гасподня Царква з новай сілай нагадвае нам таямніцу таго, што Слова стала плоццю.

Для хрысціяніна паўнавартаснае жыццё пачынаецца з хрышчэння. Нечым падобным да сучаснага хрышчэння было ў старазапаветнай Царкве абрэзанне. Яшчэ Аўрааму было сказана: “І гэта будзе адзнакаю запавету паміж Мною і вамі”(Быц. 17:10-14). Абрэзанне было знаменнем (гэта значыць знакам) заключэння Запавету паміж Богам і людзьмі і сімвалічна азначала, што чалавек адмаўляецца ад сваёй уласнай плоці і служыць ужо не свайму целу, а Богу.

Абрэзанне было ў тыя часы як бы пакараннем за грэх праайцоў і знакам таго, што дзіця, якое прынеслі, каб здзейсніць над ім гэты рытуал, зачата было ў беззаконні, як кажа цар і прарок Давід, і ў граху нарадзіла яго маці яго (Пс.50:7), з-за чаго на дзіцячым целе і заставалася рана. І ў абрэзанні Гасподзь паказаў нам нават большую пакору, чым у нараджэнні Сваім. Бо ў нараджэнні Ён прыняў на Сябе вобраз чалавека, у абрэзанні ж Ён прыняў на Сябе вобраз грэшніка і вытрываў боль, быццам грэшнік за здзейснены грэх. Абрэзаннем, Ім прынятым, Ён пачаў цярпець Свае пакуты за нас і адведаў тую чашу, якую павінен быў выпіць цалкам тады, калі Ён, распяты на крыжы, прамовіў: “Здзейснілася!” (Іаан. 19:30).

Пры абрэзанні, як зараз пры хрышчэнні, давалася імя. “І калі споўнілася восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі імя Яму Іісус, названае Ангелам перш, чым Ён зачаты быў ва ўлонні” (Лк. 2:21). Імя Іісус, па-яўрэйску Іегашуа або Іешуа, было адным з самых любімых і вельмі распаўсюджаных сярод іудзеяў таго часу і азначала для старазапаветнага ізраільцяніна “Іегова ратуе”.

Але калі ў Віфлееме ў дні цара Ірада нарадзілася ад Дзевы Марыі прадказанае прарокамі Богадзіця, то і само імя, якім Яго назвалі, набыло выключна новы сэнс.

Ён, гэты Хлопчык, і ніхто іншы, выратуе людзей ад духоўнай пагібелі і вечнай смерці. Ён, і ніхто іншы, пераможа іх самага страшнага ворага – дыявала – і вызваліць іх ад самага цяжкага грахоўнага палону. Ён ёсць сапраўдны Іегашуа Іегова, адзіны Збавіцель свету і чалавека, іх Выратавальнік.

Хрысціянства – гэта рэлігія збаўлення. А гэта значыць не проста паляпшэння якасці жыцця, дапамогі ў штодзённых жыццёвых клопатах, раскрыцця адцягненых норм і прынцыпаў паводзін, а менавіта збаўлення. Збаўлення не ад той або іншай пагрозы, а збаўлення і выратавання самога жыцця, змест якога далёка адышоў ад свайго сапраўднага сэнсу, ад Бога, ад святла, ад Ісціны, ад вечнасці.

Мы перасталі адчуваць сябе істотамі, якія сапраўды гінуць у гэтым свеце, істотамі, жыццё якіх няўмольна і няўхільна імкнецца да бессэнсоўнага распаду, паглынаецца злом, марнасцю існавання, жахам памірання і смерці, жывёльнай барацьбой за выжыванне.

Усё гэта мы навучыліся быццам бы не заўважаць. У адваротным выпадку вельмі страшна становіцца жыць. Усё гэта імкнецца заглушыць, замазаць наша так званая “цывілізацыя”.

У галіне эканомікі, палітыкі, навукі і тэхнікі, мастацтва чалавек шукае розныя сродкі “вызвалення”, да якіх мы не павінны ставіцца з пагардай, і ў якіх усе хрысціяне прымаюць той ці іншы ўдзел. Але Гасподзь кажа нам, што адзінае сапраўднае вызваленне і выратаванне – тое, якое прапаноўвае Бог. Усе астатнія абяцанні свабоды і шчасця – рознага роду інтэлектуальны падман і від духоўнага крадзяжу. Чалавецтва не створана, каб быць задаволеным затхлым паветрам учарашняга або цяперашняга матэрыялізму. Атэізм можа даць жыццё толькі непаўнавартаснаму чалавеку. Гэта і азначае – забіць і загубіць яго. Чалавек не жыве ў дасканаласці, пакуль не адкрыецца Богу.

Каб лепш зразумець тое, што прапаноўвае нам Гасподзь, мы павінны ясна ўсвядоміць, што чалавецтва знаходзіцца ў замкнутай прасторы і з’яўляецца нібы палонным бязлітаснага кола мітусні шэрага штодзённага жыцця, якое, здаецца, нічым не разарваць. Няўжо далягляд чалавека замыкаецца ў такіх вузкіх межах?

Не, не выпадкова яшчэ больш гучна грыміць шумная музыка, паскараецца рытм жыцця, усё павялічваецца колькасць навін, якімі глушаць нас дзень за днём. Гэта чалавецтва, якое баіцца спыніцца, баіцца задумацца, баіцца застацца сам насам з сабою і ўбачыць гібель, страх, нянавісць і зло як само жыццё, на якое мы асуджаны, імкнецца забыцца і збегчы ад рэальнасці.

Няўжо чалавецтва так і будзе хадзіць у замкнутым коле, куды яно само сябе змясціла, у чаканні апошняй, фінальнай катастрофы – ці гэта цунамі ў маштабе ўсёй планеты ці невядомага паходжання полымя, якое ўсё паглыне і знішчыць? Ці існуе выйсце для чалавека?

Шмат хто хацеў бы выдаліць з хрысціянства гэту сувязь: выратаванне ад гібелі, збаўленне, бо, у іншым выпадку, – гібель. Шмат хто хацеў бы, скажам так, “абясшкодзіць” хрысціянства, зрабіць яго прыдаткам да жыцця, штодзённым побытам, старажытнай каштоўнасцю, добрым звычаем. Але як нельга выдаліць з Евангелля крыж і распяцце, так не выдаліць з хрысціянства гэтых суадносін гібелі і выратавання. Можна сказаць наступным чынам: усякая сапраўдная сустрэча з Хрыстом раскрывае ўва мне, перш за ўсё, цемру, згубнасць і бессэнсоўнасць майго жыцця. Я бачу Хрыста, і таму, што я Яго бачу, я разумею, што тое жыццё, якім я жыву, не тое, не сапраўднае жыццё, а існаванне, працятае смерцю і асуджанае на пагібель. І вера мая ў Яго, у Хрыста, з таго пачынаецца, што нейкім таемным і невытлумачальным і, тым не менш, відавочным для мяне чынам я разумею, што толькі Ён – Хрыстос – можа выратаваць мяне, толькі ў Ім збаўленне і выратаванне і мяне, і тых, хто побач са мной, і ўсіх, і ўсяго. Менавіта ў такі момант з’яўляецца ў нашым жыцці Хрыстос і гаворыць нам, што Ён – дзверы, якія адчыняюць уваход у новае жыццё.

Вобраз, які Ён прапануе, – вобраз свабоды. Перад чалавекам адкрываецца бясконцая прастора – жыццё наперадзе. Цуд, па словах свяціцеля Васілія Вялікага ў тым, што Бог прапануе чалавеку далучанасць да Свайго быцця, да прасторы Свайго існавання. Няўжо мы не выкарыстаем магчымасць увайсці ў гэтыя дзверы? Яны адчыняюцца туды, дзе ёсць Бог, – і Хрыстос кліча ўвасці ў іх зараз. Толькі там – сапраўднае жыццё, напоўненае высокім сэнсам існавання, жыццё з Богам.

Гасподзь паказвае вобраз хрысціянскага жыцця, якое ёсць, перш за ўсё, змаганне: пастаянная барацьба з уласнай грахоўнасцю, цярплівае пераадоленне жыццёвых выпрабаванняў, самаахвярнае служэнне Богу і тым, хто побач з намі.

Бог нарадзіўся на зямлі. Ён пакорна прымае з самага пачатку ўсе нястачы і немачы нашага існавання. Ён з першых дзён паказвае безумоўную паслухмянасць, каб мы ўбачылі, як трэба праходзіць праз тыя дзверы, за якімі чакае нас Гасподзь. Без Яго нішто не збавіць нас ад фатальнага стану быць толькі людзьмі, якія адпалі ад Бога, і таму сталі тымі, каму належыць памерці. Але Гасподзь Іісус Хрыстос з’яўляецца Богачалавекам, далучаецца да нашай кволай чалавечай прыроды і вядзе нас у жыццё з Богам. Гэтыя дзверы адчынены ў бясконцасць і вечнасць. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)

Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)