Пра Закхея

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Зусім  мала  часу застаецца да пачатку вельмі важнага перыяду ў жыцці кожнага веруючага праваслаўнага хрысціяніна – святога Вялікага посту. Каб гэта час для ўсіх нас быў спрыяльным і збавіцельным, Святая Царква пачынае нас загадзя рыхтаваць да яго.

Сёння за літургіяй мы чулі апавяданне апостола і евангеліста Лукі, які расказвае нам пра тое, як некалі Гасподзь і Збавіцель наш Іісус Хрыстос праходзіў праз Іерыхон (Лк. 19: 1-10). І цяпер гэты горад знаходзіцца недалёка ад Іерусаліма і ад Іарданскай пустыні, ад таго месца, дзе, згодна з паданнем, адбылося хрышчэнне Самога Госпада. У Іерыхоне жыў Закхей. Нам мала вядома пра гэтага чалавека, але тое, што вядома, дае нам магчымасць уявіць яго вобраз. Гэты чалавек, верагодна, быў багаты, таму што з’яўляўся начальнікам зборшчыкаў падаткаў. Па сёняшняй тэрміналогіі ён быў начальнікам падатковай паліцыі. Іерыхон славіўся вытворчасцю і гандлем бальзаму, і пасада зборшчыка падаткаў тут асабліва была важнай і разам з тым выгаднай і прыбытковай. Гэтак жа мы ведаем, што падаткі збіраліся не на карысць Іудзейскай дзяржавы, а на карысць прыгнятальнікаў – на карысць Рыма. І таму да тых, хто збіраў гэтыя падаткі, просты народ ставіўся з пагардай і ненавідзеў іх. Ды і мытнікі часта злоўжывалі сваім становішчам і бралі часам больш, чым належала, і гэта таксама выклікала ў дачыненні да іх і раздражненне, і гнеў.

Гэты чалавек, верагодна, быў не малады і быў вельмі маленькага росту. Звернем нашу ўвагу на тое, як перакладаецца імя Закхей. Яно азначае «праведнасць” або “справядлівасць». Як недарэчна гучала гэта імя, калі ў яго жыцці не было справядлівых учынкаў. Верагодна, ён чуў пра Хрыста Збавіцеля. Цяжка сказать, ці верыў ён у Яго як у Месію; хутчэй ён верыў у Яго як у вялікага прарока і цудатворцу, які здзяйсняў не толькі цуды ацалення, але нават уваскрашаў памерлых. І, калі Закхей пачуў пра тое, што Хрыстос ідзе па вуліцах Іерыхона, у яго нарадзілася вялікае жаданне ўбачыць Хрыста, не гледзячы на тое, што вакол Яго заўсёды быў шумны людскі натоўп. І што ж робіць Закхей, каб выканаць сваё жаданне? Ён забягае наперад натоўпу і, убачыўшы квітнеючую смакоўніцу, залазіць на яе, каб з вышыні гэтага дрэва ўбачыць Іісуса, Які будзе праходзіць побач з ім. Мусіць, смешнае было відовішча: дарослы чалавек, які займае высокае становішча ў грамадстве, як дзіця, лезе на дрэва. Але Закхей, не звяртаючы ўвагу на тое, што падумаюць пра яго людзі, робіць гэты, здавалася б, неразважлівы ўчынак. Заўважым, што гэта адбываецца на вачах у падначаленых і тых, хто ставіцца да яго варожа і чакае выпадку, каб пасмяяцца з яго і асудзіць. Ён залез на дрэва толькі дзеля таго, каб убачыць Збавіцеля, больш ён ні на што не спадзяваўся.

І калі Хрыстос падышоў да дрэва, на якім знаходзіўся Закхей, Ён падняў свой погляд і сказаў: «Закхей! Злазь з дрэва, сёння мне належыць быць у цябе». Відавочна, ведаючы той добры стан душы Закхея, з якім ён жадаў бачыць Госпада, ведаючы, што гэта была не пустая толькі цікаўнасць, Гасподзь наведвае дом Закхея. Мы можам толькі выказаць здагадку, з якой радасцю Закхей злез з дрэва і пабег дадому, каб прыгатавацца да гэтай сустрэчы. Ён толькі жадаў убачыць Хрыста, а Той абяцаў прыйсці да яго. Праўда, Хрыста за гэты ўчынак асудзіў натоўп. Пачуліся нараканні: як жа так, чаму гэты праведнік ідзе ў дом да грэшніка? Але што адбываецца з Закхеем далей? Вялікая радасць з нагоды таго, што Гасподзь не пагрэбаваў ім, як грэшнікам, канчаткова абудзіла сумленне Закхея і здзейсніла поўную змену яго душы. Усведамляючы, што сумленне яго нячыстае ў спосабах набыцця маёнтка, ён дае так, каб чулі ўсе, урачыстае абяцанне выправіць свае грахі: «Госпадзі, калі я каго пакрыўдзіў, то вярну ў чатыры разы, і палову таго, што маю, я гатовы раздать жабракам». Бо Закон прымушаў таго, хто ўкраў, заплаціць у чатыры разы (Зых. 22: 1). І Хрыстос прамаўляе вельмі важныя словы не толькі для Закхея, але і для ўсіх нас. Ён гаворыць пра тое, што, сапраўды, гэта сын Аўраама, бо здзейснілася яго збаўленне. Пакаянне Закхея гэта ўзор сапраўднага пакаяння, якое не абмяжоўваецца толькі бясплённым шкадаваннем аб здзейсненых грахах, а імкнецца выправіць гэтыя грахі процілеглымі ім добрымі справамі.

Гасподзь узіраецца не на асобы, не на становішча чалавека ў грамадстве, не на тое, як ставяцца да яго іншыя, а на яго сэрца. Бывае так, што сэрца грэшнага чалавека бліжэй да Бога, чым сэрца таго, які лічыць сябе праведнікам, таму што ў сэрцы гэтага грэшніка ёсць жыццё, а сэрца чалавека, знешне праведнага, але на самой справе аслепленага і прыгнечанага гонарам, бывае быццам мёртвае або каменнае. Такі чалавек знешне ніяк не здаецца грэшным, утрымліваецца ад цяжкіх грахоў, але не таму, што ён сапраўды праведнік і любіць Бога, а таму, што яму ўсё абыякава і дэманы яго не спакушаюць, бо ён не вядзе барацьбы. Апантаны адной з самых страшных заганаў – сардэчным скамяненнем – ён знаходзіцца ў спакоі і лічыць, што перамог усе страсці, часам нават людзі, якія знаходзяцца вакол яго, думаюць пра яго гэтак жа. І, наадварот, ёсць людзі грэшныя, якія палі і застаюцца ў гэтым стане падзення, але ў іх ёсць жыццё. Такі чалавек можа ўстаць, ачысціцца і ўзвысіцца да надзвычайнага духоўнага стану, часам такога, што нават і ўявіць сабе нельга. Мы ведаем шмат падобных прыкладаў з царкоўнай гісторыі, і, у прыватнасці, прыклад Закхея – чалавека грэшнага, але з жывым сэрцам.

Царква, прапаноўваючы нам гэта евангельскае апавяданне як прыклад сапраўднага, шчырага і жывога пакаяння, гаворыць: якімі б мы ні былі – заняпалымі, страчанымі, здзейсніўшымі страшныя грахі (а грахі вымагання і здрады лічацца самымі страшными, агіднымі і ганебнымі грахамі), – але нават і ў такім стане не трэба адчайвацца. Трэба толькі прыкласці пэўныя намаганні – узвысіцца, падобна да Закхея, які залез на смакоўніцу, над тыповымі ўяўленнямі пра дабро і зло, узвысіўшыся над сабой, – і тады Гасподзь увойдзе ў дом нашай душы і наша пакаянне ў час Вялікага посту прынясе плён.

Такі ўрок дае нам евангельскі Закхей. Так, ён грэшны чалавек, але ён сустрэўся з Хрыстом і перамяніўся, стаў зусім іншым. Вось такімі ж іншымі павінны стаць і мы. І гэта перараджэнне павінна адбывацца ў таінстве споведзі. Прыпомнім, што грэчаскае слова «метанойя» перакладаецца на нашу мову як «змяненне розуму», г.зн. перамяненне чалавека. Кожны з нас павінен змяніцца, перарадзіцца на працягу свайго жыцця. Чатыры тыдні яшчэ аддзяляюць нас ад Вялікага посту, але Царква ўжо сёння гаворыць нам пра пакаянне. Кожны з нас павінен адарвацца хаця б на вышыню невялікай смакоўніцы ад гэтай зямлі. Закхей, адарваўшыся ад зямлі, набыў Неба: Гасподзь Сам прыйшоў да яго.

Таму, хто сядзеў «у краіне ценю смяротнага», Закхею, «заззяла святло» (Мф.4:16). Так ён, каго ненавідзелі суайчыннікі, прынёс «годны плод пакаяння» (Мф.3:8), пра які гаварыў Прадцеча тым, якія прыходзілі да яго на Іардан прымаць воднае хрышчэнне. І калі мы, дзеці Царквы Хрыстовай, пры падвядзенні вынікаў свайго жыцця сапраўды жадаем пачуць ад Суддзі ўсіх суцяшальныя словы: «сёння настала збаўленне дому гэтаму» (Лк.19:9), нам ужо зараз, пакуль жыццё наша яшчэ не скончылася, неабходна першым чынам, забыўшыся пра гардыню, забыўшыся пра так званае пачуццё ўласнай вартасці, параўнацца іерыхонскаму мытніку Закхею і, гэтак жа, як ён, прагнуць «адзінага на патрэбу» – бачыць Іісуса!

І калі мы жадаем, каб Гасподзь прыйшоў да нас, у наш дом, які завецца сэрцам, то мы павінны хаця б ледзь-ледзь адарвацца ад зямлі з усімі яе грахамі. Дай Бог, каб усе мы з вамі, памятаючы пра сваё высокае прызначэнне, годна пранеслі высокае званне сыноў і дачок нашага Бога. Дай Бог, каб у сэрцы кожнага з нас, як і ў сэрцы Закхея, нарадзілася шчырае жаданне бачыць заўсёды свайго Госпада. Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык