Пакроў Божай Маці

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Pakrou00Pakrou00Пакроў Божай Маці – гэта Яе маленне за нас, якая нашу слабую, нямоглую, грэшную малітву даносіць да Прастола Божага, таму што Яна Сама нашы малітвы ўздымае на Сваіх Матчыных руках і складае іх каля ног Хрыста.

Пакроў Божай Маці – гэта Яе любоў да нас, тая любоў, якая ўмацоўвае нас у бедах і няшчасцях, асушваючы нашы слёзы, тая Яе любоў і міласць, якая дапамагае нам здзяйсняць наша вечнае выратаванне.

Над кім распасцерты гэты Пакроў Божай Маці?

Мы ведаем са слова Божага, што Царква Хрыстова – гэта Цела Хрыстова, што Гасподзь Іісус Хрыстос – Галава гэтага Цела, Гала-ва Ім заснаванай Святой Царквы. І Пакроў Божай Маці, распасцерты над Царквой Хрыстовай як Целам Госпада Іісуса Хрыста, знаходзіцца і над кожным членам гэтага містычнага Цела – кожным сынам і дачкой Святой Хрыстовай Царквы.

Божая Маці заўсёды з тым, і Пакроў Яе заўсёды над тым, хто адданы Яе Сыну, хто ідзе па Яго клічу шляхам вечнага выратавання. Бо Яна як Маці Сына Божага па целе бліжэй за усіх да Прастола Усявышняга. Яна, па словах свяціцеля Іаана Залатавуста, – першая Пераемніца дарункаў Божых і першая, Хто раздае гэтыя дарункі і благаславенні людзям, якія шукаюць дапамогі Божай у сваіх патрэбах.

Гісторыю Багародзіцы Царква ведае з вуснага Падання, якое ўзыходзіць да ранніх хрысціянскіх абшчынаў апостальскіх часоў і дайшло да нас праз перадаванне з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. Шанаванне Божай Маці грунтуецца на першапачатковым у хрысціянскай абшчыне разуменні адмысловага значэння Прасвятой Дзевы ў збаўленні чалавечага роду, на Яе асабістай святасці, якая пераўзыходзіць святасць любога з людзей і нават ангелаў.

У момант Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, адклікаючыся на зварот Бога да людзей, Дзева Марыя ад імя ўсяго чалавечага роду і для яго выратавання адказала згодай. Без гэтага Бог не мог прыйсці ў свет і стаць чалавекам. І калі ў Назарэце Архангел Гаўрыіл з'явіўся Дзеве Марыі з добрай весткай аб тым, што ад Яе народзіцца Сын Божы, Яна адказала з пакорнасцю волі Творцы. Гэта быў Яе асабісты адказ на Божы заклік. Але Яна – адна з нас. І падобна таму як мы праз агульначалавечую салідарнасць і пераемнасць звязаныя з Адамам і са здзейсненым ім грахом, гэтак жа мы звязаныя і з Багародзіцаю, чые словы прагучалі ад імя ўсяго чалавецтва. Калі б не было гэтага адказу, не было б Уцялеснення Сына Божага і Сына Чалавечага. Без Сваёй Прачыстай Маці і су-праць Яе волі Іісус Хрыстос не змог бы адкупіць грахі свету.

Божая Маці здолела так узлюбіць Свайго Сына. Яна Яго любіла як маці і пакланялася Яму як Богу. І ніколі Яна не была перашкодай на Яго крыжовым шляху. Нідзе ў Евангеллі вы не знойдзеце месцы, дзе Божая Маці Яго спыняе, падобна Пятру, гаворачы: Не дазволь, каб з Табой гэта (гэта значыць – крыж і смерць) здарылася... Пятру Хрыстос адказаў: Адыдзі ад Мяне, ты Мне супернік і вораг, ты думаеш аб чалавечым, а не аб Божым... Божая Маці, Дзева Багародзіца, ніколі не стаяла перашкодай на гэтым шляху. Яна дала Яму прайсці ўвесь крыжовы шлях, і на Галгофе Яна не сказала ні аднаго слова, не вымавіла ўслых ні адной малітвы, якая б ішла насуперак волі Айца і волі Сына. Стаяла, ні словам не абараніла Свайго Сына ад катаў, ні словам не спыніла ганьбавальнікаў і абгаворшчыкаў, ні словам не звярнулася да Айца, не заклікала: «Пашлі ж, Госпадзі, дапамогу Тваю, і рассеюцца Твае ворагі!..» Не, Яна, ў поўным адзінстве злучаная да канца з воляй і любоўю Свайго Сына, аддавала Яго на смерць, каб жылі іншыя.

А іншыя – гэта хто? Гэта мы, людзі. Са стагоддзя ў стагоддзе жылі людзі таму, што паверыў у нас Гасподзь і палюбіў нас. І гэтая смерць Іісуса на крыжы, і гэтае сапраўднае паміранне Божай Маці каля Крыжа Хрыста – усё гэта здзейснілася дзеля кожнага з нас. Кожны з нас перад іконай Божай Маці можа сказаць: «Так, Маці, Ты аддала Свайго Сына на смерць, не ведаючы мяне, або, ведаючы які я, як я буду непаслухмяным Яму, – але Ты аддала Яго, каб я мог паверыць у Божую любоў і мог выратавацца Крыжом Гасподнім...»

Праваслаўная царква шануе Прасвятую Дзеву вышэй за ўсіх створаных істот, не толькі людзей, але і ангелаў. Як Маці Сына Божага па чалавецтве, Яна пераўзыходзіць благадаццю і набліжанасцю да Бога, а, такім чынам, і годнасцю, усе іншыя істоты. І таму Святая Царква лічыць Яе вышэйшай за Херувімаў і Серафімаў. Прасвятая Дзева Марыя з'явілася самай дасканалай прадстаўніцай чалавечага роду, якая цалкам аддала Сябе Богу. Чалавечая прырода ў выніку Яе свабоднага асабістага выбару дае сваю згоду паслужыць уцялесненню Бога. Яна аддае сябе Богу цалкам у непаўторнай асобе пэўнага чалавека. Згода Дзевы Марыі зрабіла магчымай сустрэчу чалавечай волі з Божай. Абсалютны давер да Яго Любові. Ніякага эгаізму – поўная паслухмянасць Богу, дасканалае яднанне з Богам, максімальная рэалізацыя ўсіх жыццёвых магчымасцяў. Самая набліжаная да Бога праз усынаўленне Ёй роду чалавечага, Прачыстая з'яўляецца як бы звяном паміж Творцам і створаным светам.

Заступніцтва Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы навучае нас жывому спадзяванню на Промысел Божы і на Яе міласцівае і магутнае хадайніцтва за нас. Яно пераканаўча сведчыць нам, што пад жыватворнымі і выратавальнымі для нас уздзеяннямі і ўплывамі Божага Промыслу праходзіць усё наша жыццё, пераконвае ў тым, што Прачыстая Дзева, таксама як і ўсё святыя, прымае самы жывы ўдзел у нашым лёсе, пазбаўляючы нас ад вялікіх бед і зла і пасылае нам звыш нябеснае благаславенне і дапамогу.

Заступніцтва Богамаці і святых праяўляецца па-рознаму. Яно з'яўляецца ў падаваннi нам зямных выгод, у захаванні нашага жыцця і ў незлічоных дабрадзействах, якія праліваюцца на нас ад Бога і натхняюць любіць, дзякаваць і ўслаўляць Яго ад усяго сэрца і ад усёй душы. Яно з'яўляецца і ў самых жальбах і бядотах нашых, якія навучаюць нас цярпенню, спадзяванню на Бога і адданасці Яго Усесвятой волі. Яно з'яўляецца, нарэшце, і ў звышнатуральнай дапамозе.