Пропаведзь у дзень памяці свяціцеля і цудатворца Мікалая

У імя Айца і Сына і Святога Духа!

Свяціцель  Мікалай  з'яўляецца  нябесным апякуном, хадайнікам, малітвеннікам і заступнікам за ўсіх нас, вернікаў. І усе мы, без сумнення, можам сведчыць, што ён – адзін з самых дзейсных нашых памочнікаў, якія стаяць перад Прастолам Божым і моляцца аб нашым выратаванні.

«Правіла веры і прыклад лагоднасці» – гэта словы трапара свяціцелю Мікалаю. І вось свяціцель Мікалай – гэта правіла, эталон, той ідэал, на які мы павінны арыентавацца і звяраць па ім сваё

жыццё.

Як некалі, звяртаючыся да апостала Нафанаіла, Гасподзь назваў яго сапраўдным ізраільцянінам, у якім няма крывадушнасці, так і сёння ў асобе свяціцеля Мікалая Збавіцель дае нам прыклад сапраўднага хрысціяніна, у якім няма фальшу. А хіба магчыма фальсіфікацыя нашага рэлігійнага, духоўнага жыцця? Адказ на гэта пытанне нам дае Евангелле.

Пасля Хрышчэння Збавіцеля, паводле Евангелля, Ён адасобіўся ў пустыні: ”Тады Іісус быў узведзены Духам у пустыню, на спакушэнне ад дыявала. І, пасціўшы сорак дзён і сорак начэй, урэшце адчуў голад. І прыступіў да Яго спакуснік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі. А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых». Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле храма, і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю». Сказаў яму Іісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго». Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх, і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне. Тады кажа яму Іісус: адыдзі ад Мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы». Тады пакідае Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступілі і служылі Яму.» (Мф. 4:1-11).

Адказы Ісуса вельмі важныя, бо даюць магчымасць унікнуць ў сэнс служэння Госпада і зразумець, якую сістэму каштоўнасцяў прынёс Ён свету.

1. Такім чынам, першая спакуса – хлебам. Ты адчуваеш голад, ты жадаеш есці? – Ствары цуд, каб камяні сталі хлябамі. Але Гасподзь адхіляе гэтую спакусу, бо Яго місія не ў тым, каб вызваліць чалавека ад клопату аб пражытку. Гэта зусім не азначае, што Хрыстос адмаўляе каштоўнасць матэрыяльнага пачатку жыцця. Бо ў іншым месцы Святога Пісання Ён навучае нас словамі Сваёй малітвы: «Хлеб наш надзённы дай нам сёння» (Мф. 6:11). Не каштоўнасць хлеба адмаўляе Гасподзь, а перакананне, паводле якога матэрыяльны пачатак з'яўляецца найвышэйшай і абсалютнай выгодай у жыцці чалавека.

Дасягненне матэрыяльнага дастатку не ёсць ні абсалютная мэта чалавечага існавання, ні выражэнне паўнаты нашага быцця, ні знак шчасця, пры якім чалавек гоніць ад сябе думку пра Бога, гоніць ад сябе думку аб сваёй адказнасці за жыццё.

Секулярызацыя, якая адбываецца зараз у нашым жыцці, сведчыць пра іудаізацыю хрысціянства. У чым гэта выяўляецца? У пераважнай і ўсёпаглынальнай увазе сучаснага хрысціянства да зямных каштоўнасцяў. Ужо ў першых стагоддзях узнікла ератычнае вучэнне аб тым, што Хрыстос прыйшоў для таго, каб на гэтай зямлі заснаваць тысячагадовае Царства асалоды, дабра і справядлівасці. Гэтая ідэя працягвае жыць і развівацца і ў цяперашні час. Можна без перабольшання сказаць, што яна з'яўляецца галоўнай рухаючай сілай хрысціянскай актыўнасці ў свеце. Гэтая ідэя мае іудзейскае паходжанне. І Калі Хрыстос сказаў: “Не можаце служыць Богу і мамоне”, – то сучасныя хрысціяне з гэтым рашуча не згодны.

Ідзе працэс, які не новы ў гісторыі, з якім мы сутыкаліся і ў хрысціянстве ў цэлым, і ў гісторыі Царквы – працэс, у асноўным, несвядомай падмены хрысціянства паганствам, падмены хрысціянскай духоўнасці паганскай.

У Царквы адна і адзіная мэта – выратаванне чалавека ад духоўнага рабства граху і далучэнне яго да Бога праз набыццё богападобных уласцівасцяў, самымі галоўнымі з якіх з'яўляюцца змірэнне і любоў.

Звядзенне ж асноўнай задачы Царквы да рашэння зямных «гарызантальных» задач і прывядзе хрысціянаў да непрыметнага прыняцця антыхрыста.

У 80-я - 90-я гады XIX стагоддзя, епіскап Феафан Затворнік пісаў: «Праз пакаленне, магчыма, праз два, вычарпаецца наша праваслаўе…».

Праз паўтара пакалення пасля прарочых слоў свяціцеля Феафана наступіў 1917 год. Рэвалюцыя, як карова языком, злізала ўсю тую прыгажосць, якая не была заснавана на камені правільнага хрысціянскага жыцця.

Зараз адкрыўся яшчэ адзін і, магчыма, апошні перыяд у жыцці нашай Царквы. Яе лёс будзе залежаць ад таго, па якім шляху пайдзе тое яе адраджэнне, аб якім зараз так шмат гаворыцца. Што пераможа і стане першасным у ім: знешняя прыгажосць, колькасць манастыроў, храмаў, архірэяў, святароў, духоўных школ і г.д., – або лад правільнага духоўнага жыцця і, першым чынам, у манастырах, сярод манаства і духавенства.

2. Ці будуць нашы духоўнікі старэйшымі братамі, добрымі дарадчыкамі, як піша свяціцель Ігнацій, або пойдуць па шляху правадыроў таталітарных сект, якія патрабуюць абсалютнага паслухмянства сабе як Богу? Святар, на жаль, разумеецца па-паганску: толькі як здзяйсняльнік пэўных сакральных дзеянняў, як жрэц, а не па-хрысціянску – як, перш за ўсё, духоўны кіраўнік паствы.

Іншая спакуса, з якой наблізіўся дыявал да Іісуса: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, і тады ўсё павераць, што ты сапраўды Хрыстос”. Гэта значыць, пераконвай з дапамогай сілы, пагадзіся на трук дзеля таго, каб уразіць людзей і авалодаць іх воляй. Але Гасподзь адмаўляе гэтую спакусу.

Фанатызм – адна з самых яркіх характарыстык паганскага стану духу. Фанатызм, у адрозненне ад перакананасці, дыхае нянавісцю, пагардай да іншадумцаў. У ім няма любові да чалавека. А што можа быць горш за гэта?

У чым вытокі фанатызму? Яны, напэўна, першым чынам у тым, што мы ўсё менш звяртаем увагу на духоўны бок жыцця, што наша хрысціянства зводзіцца да выканання толькі знешніх царкоўных рытуалаў. Самае ж галоўнае пры гэтым можа цалкам знікнуць з нашай свядомасці. Знешні бок царкоўнага жыцця мае сэнс і прыносіць карысць толькі ў тым выпадку, калі ён злучаецца з выкананнем запаведзяў Евангелля і пакаяннем, калі спрыяе пазнанню сябе, змірэнню, усведамленню сваёй няздольнасці стаць хрысціянінам без дапамогі Божай. Калі хрысціянін выконвае толькі знешні бок царкоўнага жыцця, займаецца дабрачыннай дзейнасцю, а пры гэтым па запаведзях Хрыстовых не жыве, то з ім здараецца найвялікшая бяда ў жыцці: ён абавязкова ўбачыць сябе праведнікам. Выдатна сказаў пра такога хрысціяніна свяціцель Феафан: «Сам дрэнь дрэнню, а ўсё паўтарае: я не такі, як іншыя людзі». Святы Ісаак Сірын гаворыць, што збаўленне даецца не дабрачыннасцям, а змірэнню, якое нараджаецца ад іх, і калі змірэння не будзе, то марныя ўсе дабрачыннасці і ўсе праявы знешняй набожнасці. Нельга забываць, што Хрыста прысудзілі да самой жудаснай кары скрупулёзныя выканаўцы царкоўных звычаяў – «праведнікі», а не грэшнікі, якія бачаць сваю грэшнасць і каюцца ў ёй. Фанатызм і ганарыстасць – слупы паганства.

Пімен Вялікі сказаў: «Чалавек той, хто спазнаў сябе». А пазнанне сябе – гэта пазнанне таго, што я ўвесь апантаны страсцямі, іх палонны, якім яны кіруюць і мучаюць. І той, хто не зразумеў, што сам ён не можа з імі справіцца і што яму патрэбны Бог Збавіцель, да Якога і трэба звяртацца ад усёй душы, той не здольны да духоўнага адраджэння, той не можа быць хрысціянінам.

Правільнае духоўнае жыццё змірае чалавека. Гэта самае галоўнае. Але той, хто не змагаецца з сабою, хто выконвае толькі знешнія царкоўныя правілы жыцця, становіцца на шлях вырошчвання ў сабе славалюбства, самаўзвышэння, ганарлівасці і ганарыстасці, з якіх і нараджаецца фанатызм. А хрысціянінам становіцца толькі той, хто змірыцца і ўбачыць, што яму патрэбны Хрыстос-Збавіцель.

Свяціцель Ігнацій пісаў: «Славалюбства і самаўзвышэнне, ганарыстасць і ганарлівасць любяць вучыць і павучаць. Іх не хвалююць наступствы дадзеных парадаў! Яны не думаюць, што могуць нанесці незагойныя раны недарэчнымі рэкамендацыямі, якія прымаюцца неспрактыкаваным пачаткоўцамі са шчырай даверлівасцю. Ім патрэбны поспех, якой бы ні быў якасці гэты поспех! Ім трэба зрабіць уражанне на пачаткоўца ў веры і маральна падпарадкаваць яго сабе! Ім неабходна пахвала чалавечая! Ім трэба праславіцца святымі, разумнымі, празорлівымі старцамі, настаўнікамі! Ім трэба наталіць сваю прагную гардыню!» І дадае: «Тыя старцы, якія бяруць на сябе ролю старца… па сутнасці, не што іншае, як душазгубнае акцёрства і ўбогая камедыя, іх выява думак, іх розум, іх веданне – самаспакушэнне і дыявальскі духоўны падман...»

Свяціцель Божы Ігнацій павучае нас: «Тыя, якія сапраўды будуць працаваць на ніве Божай, разважліва схаваюць сябе ад людзей і не будуць здзяйсняць пасярод іх знаменняў і цудаў. Яны пойдуць шляхам духоўнай працы, растворанай змірэннем, і ў Царстве Нябесным стануць вялікімі айцамі, якія праславіліся рознымі цудадзеяннямі». Гэта надзвычай важнае ўказанне нам! Сцеражыцеся шуму, сцеражыцеся паказной святасці, сцеражыцеся ўсяго таго, што пазбаўляе вас змірэння. Там, дзе няма змірэння, там няма і быць не можа праўдзівага дагаджэння Богу.

3. І, нарэшце, спакуса трэцяя, і апошняя. Узвёўшы Госпада на высокую гару, князь свету гэтага прапаноўвае пакланіцца яму, а за гэта атрымаць уладу над усімі царствамі зямнымі. Гэтая спакуса бязмежнай уладай, магчымасцю загадваць іншым і падпарадкоўваць іх сваёй волі. У гэтым выпадку ўсе магчымасці дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага ўздзеяння, а таксама нябачная ўлада над розумам і сіла прамога прымусу маглі б быць ужытыя для дасягнення мэты прышэсця Хрыста. Але Гасподзь Іісус Хрыстос адмаўляецца прыняць такую ўладу. Тым самым Ён сцвярджае, што збаўленне і паўната жыцця не могуць быць здабытыя сілаю ўлады.

Таямніца беззаконня цалкам процілеглая таямніцы хрысціянскай набожнасці. Знішчэнне веры ў Хрыста-Збавіцеля як Бога – адна з асноўных задач нястомнай дыявальскай працы.

Некаторыя ўпэўніваюць сябе і нас, што Праваслаўе – гэта нейкая нацыянальная ідэалогія. Мы ж павінны ведаць, што Праваслаўе – гэта пошук жыцця ў Богу, і што ўсялякае дзяржаўнае і нацыянальнае ўладкаванне жыцця для нас другаснае. Ёсць тэндэнцыя ператварыць Праваслаўе ў ідэалогію, якой можна было б замяніць марксізм. Жыццё нярэдка злучае незлучальнае.

Іншыя кажуць, што Праваслаўе – гэта наша культурная спадчына. Мы ж павінны ведаць, што Праваслаўе – гэта не стварэнне культурных формаў, а сакральнае спасціжэнне і набыццё дара Духа Святога. Жыццё Царквы не вызначаецца моцнымі свету гэтага. Царква павінна выразна сведчыць пра сваю прысутнасць у грамадстве, аднак пры гэтым не ператварацца ў нейкую мірскую сілу і свецкую ўладу.

На жаль, шмат у каго з сучасных людзей моцна развіта цалкам не правільнае ўяўленне пра хрысціянства і пра Хрыста. Многія прыходзяць у царкву і ўспамінаюць пра Бога для таго, каб у іх жыцці ўсё было гладка, ціха, мірна і паспяхова. Але пры гэтым яны забываюць, што шлях хрысціяніна – гэта шлях нясення свайго жыццёвага крыжа. Гэта значыць, заўсёды – шлях выпрабаванняў, заўсёды – барацьба са шматлікімі спакусамі; барацьба і з дыявалам, які змагаецца супраць нас; барацьба і з самім сабою – з тымі страсцямі і заганамі, якія жывуць у нас; барацьба і з тым злом, якое вакол нас у свеце.

Палягчаецца дзейнасць разбуральніка ў Царквы яшчэ і агульным рэлігійным здзічэннем людзей. А у такім стане, калі няма супраціўляльнасці розным хваробам, любая з іх, нават самая бяскрыўдная, можа стаць смяротнай. Наш час прынёс ў Царкву яшчэ больш злосны раскол і шматлікія падзелы. Вораг дасягае мэты: тыя, хто завуць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, каму запаведана адзінства веры ў Хрысце, раздзіраюць рызу Хрыстову, кіруючыся палітычнымі меркаваннямі бязбожных валадароў свету гэтага. Самы ж страшны спосаб багаборніцтва і знішчэння Праваслаўнай Царквы ў цяперашні час – гэта скажэнне сапраўднага хрысціянства і падмена яго лжывым.

І мімаволі ўспамінаецца слова вялікага свяціцеля Феафана Затворніка, які, сваім празорлівым позіркам прадбачыўшы будучыню, гаварыў, што надыдзе час, калі будзе ўсё павярхоўна: усё царкоўнае, усе чыны, усе парадкі, уся знешнасць, уся служба – усё будзе, а за ўсім гэтым, гаварыў вялікі іерарх, – поўная здрада духу Хрыстову... Сцеражыся ж, хрысціянская душа і захоўвай сваю веру. Помні, што многія і многія зараз надломваюцца.

Мы не ведаем, што чакае Царкву ў будучыні. У пачатку ХХ стагоддзя ніхто не здагадваўся, што будучае стагоддзе стане такім страшным для Царквы, што яна пройдзе праз нябачаныя дагэтуль ганенні. І сёння, гледзячы ў ХХI стагоддзе, мы не ведаем, што чакае Царкву. Некаторым падаецца: час ганенняў мінуў, Царква заваявала трывалае становішча ў грамадстве, наступіла «свабода сумлення». Але не трэба спакушацца – часы змяняюцца хутка. Сёння ўся краіна ўслаўляе Хрыста і ўсклікае: «Радуйся, Цар Іудзейскі», – а заўтра, можа быць, гэты ж самы народ адрачэцца ад Хрыста, аплюе Яго, будзе ўзводзіць паклёпы на Яго і, падобна да ізраільскага натоўпу, усклікаць: «Хай Ён будзе распяты!... Кроў Яго на нас і на дзецях нашых.»

Менавіта так адбылося ў гады рэвалюцыі: людзі, якія ў дзяцінстве хадзілі ў царкву і вывучалі закон Божы ў школе, пасталеўшы і страціўшы веру, сваімі рукамі кідалі ў вогнішча святыя іконы, удзельнічалі ў апаганенні мошчаў і разбурэнні храмаў.

Што б ні здарылася ў будучыні з Царквой і з усімі намі, не будзем разбягацца ў страху, а мужна сустрэнем выпрабаванні. Будзем памятаць, што пакуты ў жыцці гэтым у параўнанні з жыццём вечным нікчэмныя і кароткачасовыя.

Захавай унутры сябе свет Звыш, увайдзі ў сябе, умацуй Царства Божае ўнутры сябе – у гэтым задача хрысціяніна, браты, у сучасным становішчы, – у гэтым тая сіла Хрыстовых воінаў, аб якую разбіваюцца ўсе напады ворагаў на нас. Мы жывем у шчаслівы час, у які як ніколі ясна, што свет змагаецца з Хрыстом і імкнецца знішчыць на зямлі саму памяць пра хрысціянства. Пры гэтым асабліва важна, што ўсё значэнне гэтай барацьбы і яе цэнтр раскрываецца не ў чым-небудзь знешнім, а, перш за ўсё, у нашых сэрцах: менавіта ў іх ідзе сапраўдная барацьба паміж Богам і светам.

Успомніце, што Гасподзь гаворыць: «Царства Божае ўнутры вас ёсць». Калі гэта так, то і царства дыявала прыходзіць у свет таму, што мы яго носім у нашых сэрцах.

Будзем пільныя, узлюбленыя, зараз час адступлення ад веры. Трэба клапаціцца аб тым, каб быць нам вернымі Госпаду, асабліва зараз, у гэты страшны час. Святыя айцы любілі гаварыць і шмат разоў казалі, што хрысціянін, які захавае вернасць Свайму Госпаду ў гэтыя страшныя апошнія часы, у адпаведнасці з судом праўды Божай, будзе вышэй, чым старажытныя вялікія падзвіжнікі! Будзь верны Богу, і Гасподзь цябе захавае ад усіх бедаў, якія будуць у свеце!

У асобе свяціцеля Хрыстова Мікалая мы бачым суцэльнае прыпадабненне Хрысту-Збавіцелю. Звярніце ўвагу, на іконах свяціцель Мікалай малюецца з Евангеллем, і гэта сведчыць пра тое, што ён дасягнуў святасці менавіта шляхам выканання евангельскіх запаведзяў. Ён будаваў сваё жыццё ў адпаведнасці з Евангеллем. Менавіта таму яно стала такім выдатным, паўнавартасным і сапраўды хрысціянскім і паказала ўзор таго, якім павінна быць жыццё хрысціяніна. І для нас Свяціцель – і правіла, і прыклад.

Будзем маліцца яму, каб ён ніколі не пакідаў нас сваёй прысутнасцю, будзем звяртацца да яго не толькі ў трагічныя моманты нашага жыцця, але і паўсядзённа будзем памятаць пра тое, што ёсць на нябёсах такі вялікі хадайнік, малітвеннік і заступнік за нас, грэшных. Наш вопыт паказвае, што ён адказвае нават на малазначныя нашы да яго звароты, а таму не будзем саромецца і ўсякі раз, у любой патрэбе будзем звяртацца да свяціцеля Мікалая, тым больш, што дзверы нашага сабора заўсёды адчыненыя, і ікона яго перад намі. Святы ойча Мікалай, малі Бога за нас! Свяціцель Божы Мікалай, дапамагай усім нам годна выконваць наша хрысціянскае прызначэнне! Амінь.


"Пропаведзі". Архіепіскап Арцемій (Кішчанка)
Пераклад на беларускую мову - іерэй Ігар Данільчык