Бо з намі Бог!

Чалавек, як вядома, быў створаны паводле вобраза і падабенства Божага. Аднак з-за свайго  нядбайства чалавек пакінуў Бога ў выніку грэхападзення і доўга знаходзіўся ў палоне д’ябла. Асабліва гэта адчуваецца напярэдадні Свята Божага Нараджэння, перад прышэсцем Збавіцеля, калі злы вельмі актыўна ўмешваецца ў жыццё чалавека, каб не даць яму сустрэцца з Богам. Мімаволі прыгадваецца сюжэт гогалеўскага твора «Ноч перад Ражджаством», калі ведзьма і чорт усяляк робяць рознага кшталту супрацьпраўныя дзеі, каб перашкодзіць людской радасці праслаўлення Бога.

Але Бог ніколі не пакідаў чалавека. Паводле слоў Яна Залатавустага, Ён заўсёды быў з ім побач, але ніколі Гасподзь не быў так блізка з чалавекам як сёння, у свята Нараджэння Хрыстовага.

А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: “Вось, Дзева ва ўло́нні зачне́ і наро́дзіць Сына, і даду́ць Яму імя́: Эману́іл, што азнача́е: з намі Бог”. [Мф.1:22-23].

І Сын Божы Іісус Хрыстос прыходзіць у гэты свет не ў нейкім дарагім і раскошным месцы накшталт каралеўскіх палацаў, як бы гэта і належала Яму як Цару Іўдзейскаму, а Нараджаецца ў Віфлеемскім вяртэпе, выяўляючы незвычайную Зорку на небе сярод белага дня, якая азначала Яго прышэсце. І гэтая Зорка, здавалася, павінна была прывесці да Яго тысячы людзей дзеля пакланення Яму як цару і гаспадару. Але яна, спусціўшыся з нябёсаў, прыводзіць не законапаслухмяных іўдзеяў і праведных старазапаветных прарокаў, а мудрацоў – паганскіх жрацоў, якія ніяк не маглі апынуцца побач з Богам з-за свайго нявер’я. Так Гасподзь праз язычнікаў з самага пачатку свайго прышэсця ўжо звяртаецца не да праведнікаў, а да грэшнікаў – да тых, хто ў Яго не верыў і адвяргаў. І мудрацы, трэба сказаць, калі вырашылі прыйсці і пакланіцца Яму, зрабілі вельмі  смелы ўчынак, бо ім пагражалі народныя хваляванні і жорсткія намеры цара Ірада.

І сёння ў свята Хрыстовага Нараджэння кожны з нас, асэнсоўваючы сваю грахоўнасць і нядужасць перад Богам, але прыгадваючы звяртанне грэшных жрацоў, атрымлівае надзею на Збаўленне. Мы ведаем, што Гасподзь прыйшоў да чалавека не пакараць яго за грахі, а адчыніць дзверы ў Валадарства Нябеснае і Збавіць яго.

Бо так узлюбі́ў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загі́нуў, але меў жыццё вечнае [Ін.3:16].

З Ражджаством Хрыстовым!

Аляксандр БАБУК


Расклад богаслужэнняў

Падаць запіску

Дапамагчы храму

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Пахвала Каложская

Д/ф "Каложа" (2007 г.)