16.12. 2013 Каложскі дыярыуш. Пра рассеянасць і цэласнасць. Дзень народзінаў. Сустрэча з уладыкаю. Каложа і журналісты. Наймалодшы калажанін - Андрэй. Асцярожна - лёд!

Вітаю, шаноўныя чытачы Каложскага дыярыуша! Прыспела чарговая староначка дзённіка. Жыццё нашае, як заўсёды, вельмі насычанае. Заканчваецца яшчэ адзін год нашага жыцця. А канец года – гэта заўсёды падвядзенне вынікаў, справаздачы і цэлы ворах справаў, якія тэрмінова патрэбна закончыць. За ўсёй гэтай мітуснёй цяжка сканцэнтравацца на малітве, на духоўным самавыхаванні, а гэта так важна падчас посту і падрыхтоўкі да радаснага свята Ражджаства Хрыстова. Адным словам, адчуваецца нейкая раздробленасць і справаў, і думак, і пачуццяў. У такім стане разумееш, як патрэбна хрысціяніну духоўная цэласнасць ці, інакш кажучы, дабрадзецель цаламудрыя (уменне захоўваць сваю цэласнасць).

10 снежня адзначыў свой 35 дзень нараджэння. Атрымаў мноства самых цёплых віншаванняў. Яшчэ раз хачу падзякаваць усім маім дарагім сябрам за сардэчныя адносіны і за вашыя малітвы! Самыя, мабыць, радасныя для мяне віншаванні былі ад маіх былых студэнтаў-семінарыстаў. З гэтага года я пакінуў выкладанне ў семінарыі. І тым больш прыемна атрымаць словы віншавання і падзякі ад братоў, з якімі я імкнуўся дзяліцца не толькі нейкімі ведамі, але і асабістымі пачуццямі, досведам хрысціянскага жыцця і святарскага служэння. І віншаванні гэтыя - сведчанне таго, што праца мая ўсё ж такі не была дарэмнай.

У прыхадскім жыцці таксама адбыліся некаторыя значныя падзеі. Каложскую царкву наведаў уладыка Арцемій. Пагаварылі і па справах, і пра жыццё.

Нечакана для нас стала самай гучнай падзеяй, ацэньваючы рэзананс у СМІ, усталяванне ў Каложы паштовай скрыні з мэтай таго, каб наведвальнікі царквы маглі адправіць паштовачкі з выявай нашага старажытнага храма. Мы з а. Аляксандрам ужо збіліся з ліку, колькі розных інтэрв’ю далі мы за гэтыя дні. Увогуле можна адзначыць нейкі ўсплеск цікавасці журналістаў да нашай царквы і жыцця нашага прыходу.

З мінулага тыдня адбыліся змены ў арганізацыі жыцця прыхода па-за межамі набажэнстваў. Мы паспрабавалі аб’яднаць нашыя біблейскія чытанні з сустрэчамі братчыкаў Каложскага брацства. Цяпер сустрэчы нашыя пачынаюцца па аўторках з малога павячэр’я, потым чытанне Бібліі і абмеркаванне прачытаннага, і пад канец абмеркаванне пытанняў прыхадскога жыцця і дзейнасці брацства.

На дзень памяці апостала Андрэя хрысцілі хлопчыка Андрэя – унука нашай прыхажанкі Руфіны. Яе сям’я з нагоды хрышчэння зарганізавала свята для ўсяго прыходу. І сапраўды атрымалася ўсё па-сямейнаму. А ўчора, за нядзельнай Літургіяй, немаўлятка Андрэй прыняў пачэсныя Цела і Кроў Хрыстовыя.

Здарылася таксама і непрыемная падзея. Наша бібліятэкарка, Ірына Яфрэмаўна, ішла на Літургію, паслізнулася, упала і зламала руку. Просім малітваў за яе здароўе. Пасля яе на галалёдзе падалі і іншыя, але, дзякуй Богу, без сур’ёзных наступстваў. Будзьце асцярожнымі!

З пажданнем поспехаў,

Протаіерэй Георгій Рой