21 сакавіка

Сёння ўжо  перакрочылі  сярэдзіну першага  тыдня  святога Вялікага Посту. На ранішнім паставым набажэнстве было нас нямнога. Двое бацюшак, панамар Анатоль, хор ды чалавек сем жанчын. Але не ад колькасці людзей залежыць якасць нашае размовы з Богам. “Дзе двое ці трое сабраны ў імя Маё, там і Я пасярод іх”. Стоячы перад прастолам, на якім захоўваюцца Святыя дары – Цела і Кроў Хрыстовы, і адчуваючы за спіною гарачую малітву людзей да Хрыста, па асабліваму адчуваеш рэальнасць гэтага Хрыстова прысутніцтва пасярод нас. Адбываецца таямніца сустрэчы Госпада і нас - Ягоных дзяцей.

Пасля службы, падмацаваўшыся чаем з сушкамі ды аўсянаю кашаю хуткага прыгатавання, мы з братчыкамі і братчыцамі накіраваліся ў інтэрнат для састарэлых і адзінокіх людзей. Загадзя нарыхтавалі тыя рэчы, якіх прасілі на папярэдняй сустрэчы насельнікі інтэрнату. Пагрузіліся ў машыну і паехалі.
Айцец Ігар застаўся ў Каложы. Адпяванне. Сустрэча ўдзельнікаў абласнога семінару дырэктараў школ, які праходзіў на базе Першага ліцэю. Інтэрв'ю мясцоваму тэлебачанню для праграмы “Каложская крыніца”. Праца над епархіальнай справаздачай па ўзаемадзеянню з установамі адукацыі. Увесь дзень да вячэрняга набажэнства заняты.

Інтэрнат уразіў. З прыкладна 70 жыхароў, каля 50 - ляжачыя, якія маюць патрэбу ў пільнай апецы. Большасць адзінокіх. Шмат просьбаў а споведзі і прычасці. Просьбы пра абутак і адзенне, лекі і інш. Будзем працаваць у гэтым кірунку… Патрэбна падумаць над тым, як бы мы маглі эфектыўна арганізаваць нашу работу ў інтэрнаце і дапамогу ягоным жыхарам.

Вярнуўшыся, зайшоў у Каложу. Прыйшла жанчына памаліцца за сваіх родных, ды за тых, хто крыўдзіць. Шкадуе тых людзей, якія выплёскваюць сваю злобу на іншых.

Потым зайшла дзяўчына. Па ўсім відаць з нейкаю ўнутраннай тугою. Купіла свечку, паставіла, заплакала… Паспрабаваў загаварыць, але відна, што не той цяпер стан у чалавека, каб з кімсці падзяліць свой смутак. Шкада дзяўчыну. Няхай яе суцешыць наш Нябесны Айцец!

Вечар. Прыхаджане збіраюцца на Вялікі Пакаянны Канон Андрэя Крыцкага. Сёння чыталася апошняя яго чацвёртая частка. Чытаў айцец Ігар адзін. Мяне ж запрасілі на бацькоўскі сход у першую, калі не памыляюся, школу. Гэта тая драўляная школа, што на Лермантава, для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Спачатку цікавая гутарка з дырэктарам і выкладчыкамі. Потым выступленне на бацькоўскім сходзе. Гаварыў пра востры дэфіцыт любові ў сем'ях, ад чаго, на мой погляд і ўзнікаюць праблемы ў выхаванні. Здаецца, што людзі пачулі мяне.

Калі ішоў са школы, нашыя прыхаджане ішлі з царквы. Сустракаліся і развітваліся.

Такім быў наш дзень.

Святар Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)