22 сакавіка /50 лютага :)

Калі  не пацяплее заўтра, у нядзелю  будзем маліцца Богу за  добрае, адпаведнае пары  года надвор'е. Усе засумавалі па вясне. Падумалася, што так мы павінны сумаваць і па абуджэнню нашага духу. Але, мабыць, такі стан надвор'я адпавядае стану нашых душаў? Слаба, відаць, імкнемся да духоўнага абуджэння, таму і няма ні духоўнай вясны, ні каляндарнай…

Але ў Каложы і ў іншых храмах нашага горада, нашай краіны, у іншых краінах, дзе жыве праваслаўны люд, ідзе гэтае змаганне з сілаю зла, якая імкнецца падпарадкаваць нас сабе. Сёння скончыліся першыя пяць дзён строгага посту. Несумненна, ёсць сярод нашых прыхаджан сапраўдныя змагары-малітоўнікі. Некаторыя не прапусцілі ані воднага набажэнства і па ўсім відаць іх гарачае імкненне да нябёсаў. Для святара вялікая радасць маліцца з такімі людзьмі.

Сённяшняе набажэнства было асаблівым. Мы святкавалі памяць вялікамучаніка Фёдара Цірана. Каб адвярнуць ад Хрыста, яго катавалі голадам, яго секлі металічным дротам і, пад канец, вырашылі спаліць яго. Але любоў Фёдара да Хрыста і Яго праўды была мацнейшай за ўсе гэтыя жудасныя пакуты. Ён аддаў сваё жыццё на пачатку 4 стагоддзя, а праз некалькі дзесяцігоддзяў, калі імператарам быў Юльян Адступнік, Фёдар, явіўшыся епіскапу, папярэдзіў хрысціян, што імператар загадаў акрапіць ідалаахвярнай крывёю ўсё, што прадаецца на кірмашы. Таксама Фёдар загадаў хрысціянам есці ў гэты дзень толькі звараныя зерні. Падрабязней пра гэта распавядзе а. Ігар. На відэароліку запісана яго сённяшняя пропаведзь.

Вось і сёння мы, згадваючы гэтую старадаўнюю хрысціянскую традыцыю, пасля малітвы Фёдару асвяцілі куццю, а потым сабраліся ўсе разам для таго, каб раздзяліць паміж сабою агульную трапезу на ўспамін мучаніка Хрыстова.

На трапезе я расказаў братам і сёстрам пра сваё паломніцтва да сербскага манастыра Новае Хопава, дзе спачываюць мошчы святога вялікамучаніка, а таксама паказаў і фота. Прапаную гэтую невялічкую прэзентацыю і вам.

У астатнім дзень прайшоў у штатным рэжыме. У а. Ігара было інтэрв'ю. У мяне шэраг працоўных сустрэч: абмяркоўвалі справы нядзельнай школы пры нашым прыходзе, літаратурна-мастацкага конкурсу "Каложская святло", сустрэліся з а. Уладзімірам, настаяцелем Дзевятоўскай царквы і абмеркавалі мажлівыя накірункі супрацоўніцтва і інш.

Затым вячэрняя набажэнства, якое насіла ўжо характар больш святочны. Заўтра святкуем памяць сарака мучанікаў Севасційскіх. Споведзь пачнем а 8.15, а Літургію Іаана Залатавуста а 9.00.

Такім быў наш дзень.
 

З пажаданнем Божае міласці,

ваш святар Георгій Рой