23 сакавіка

Толькі паскардзіўся я ўчора на дрэннае надвор'е, дык сёння мароз не дазволіў даехаць да царквы на сваім аўто. Мой дызель замёрз па дарозе. Дзякуй Богу, добрыя людзі падвезлі.

У храме сёння служылі святочную Літургію ў памяць 40 мучанікаў Севасційскіх. Жудасныя пакуты перацярпелі яны за Хрыста. Ноч у халоднай вадзе возера, а на беразе цёплая вопратка, вогнішча, ежа і піццё. Выходзь з вады - ідзі грэйся, але адмоўся ад Хрыста. Яны вытрымалі і не адмовіліся ад Спасіцеля.

На службе было ўжо многа спаведнікаў. І гэта толькі пачатак посту. Чым далей, тым усё болей і болей людзей будуць прыходзіць, каб ачысціць душу сваю пакаяннем і прычасціцца Цела і Крыві Хрыстовых. Увогуле, вельмі радаснае пачуццё. Спавядаецца чалавек, а ты адчуваеш: "Хрыстос нябачна стаіць, прымаючы тваё спавяданне…",  як і чытаецца ў малітве перад споведдзю. А святар - сведка сустрэчы і размовы чалавека і Хрыста. Адбываецца таямніца ачышчэння душ.

Пасля службы з нашай прыхаджанкай Нікай думалі аб тым, якія сувеніры мы маглі бы прапанаваць паломнікам нашага храма і як ўсё гэта лепей зарганізаваць. Пайшлі разам у Каложу. А там адна за адной групы дзяцей - канікулы пачаліся.

Стаіць у храме бацюшка, нясмела падыходзіць хлапчук і пытаецца: "А што гэта там ля сцяны за гроб такі стаіць?" Бачу, што не ў яго аднаго такое пытанне. Пачаў расказваць і ўсе яны як верабейчыкі сабраліся каля той грабніцы. Растлумачыў, што гэтая грабніца напамінае нам пра грабніцу Хрыста, Які ўваскрэс з памерлых і атрымаў перамогу над злом і смерцю. Наступнае пытанне: "А што там за іканастасам?". Адчыніў алтарную заслону і распавёў пра алтар і пра ўсё, што там знаходзіцца. Цікавасць вялізарная.

Было сёння яшчэ дзве цікавых каложскіх сустрэчы. Маладая сям'я. Цікавяцца ведычнай літаратурай. У пошуку. Пытанні пра Хрыста, пра Святую Троіцу. Дыскусія. Паглыбленне ў гісторыю рэлігіі. Сапраўды цікавая была размова. Параіў пачытаць па гісторыі рэлігіі Меня і праф. Зубава.

Другая сустрэча з гасцямі з Нямеччыны. Сутыкнуліся на парозе Каложы. З задавальненнем паразмаўляў па-нямецку (амаль тры гады давялося мне вучыцца ў Германіі, таму і мовай крышку валодаю). Пажартавалі. Папрасіў каб за маё здароўе ў нямецкай кнайпе выпілі кілішак піва.

На ўсяночным трыванні неяк па асабліваму адчуў, што Хрыстос ёсць "Ціхі Свет", як і спяваем мы ў вячэрнім гімне. Ён - ціхае і лагодная святло. Евангелле. Хрыстос пры зачыненых дзвярах прыходзіць да збянтэжаных вучняў, якія хаваліся ад іудзеяў. Яны, убачыўшы яго, узрадаваліся. Вось так Ён і да нас прыходзіць, нечакана, у цяжкія моманты жыцця і, адчуўшы Ягоны прыход, радуецца сэрца і напаўняецца святлом.

Пасля набажэнства сустрэча з двума маладымі парамі, якія будуць у нас вянчацца. Доўгая размова пра сямейнае жыццё, адказнасць за любоў, якую ім даў Бог - адзіная крыніца сапраўднай любові.

Такім быў наш дзень,

З пажаданнем Божае міласці,

ваш святар Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)