26-27 сакавіка

Час у гэтыя дні быў вельмі насычаным рознымі падзеямі і сустрэчамі. Аўторак 26-га быў днём агульнай споведзі для святароў г. Гродна. Так, так, святары не толькі прымаюць споведзі, але і самі абавязаны сваім хрысціянскім і святарскім сумленнем рэгулярна спавядацца.

Гэтым днём у Каложу завіталі ўдзельнікі школьнай алімпіяды па праграміраванню. Здзівіла тое, што хлопчыкі дзесяцігадовыя даволі паспяхова, як аказалася, спраўляюцца з праграмаваннем. Сапраўды, расце іншае пакаленне моладзі. Пры тым відавочна, што хлопцы прападаюць за камп’ютарамі: нейкія ва ўсіх стомленыя вочы, хлопцы занадта лаканічныя ў размове, сутулыя спіны… Дай ім Бог накіраваць свае веды да дабра асабістага і грамадскага.

Потым пад вечар была цікавая сустрэча ў Каложы з вядомым праваслаўным публіцыстам і святаром айцом протаірэем Арцеміем Уладзіміравым, які прыехаў па запрашэнні ГрГУ і завітаў у наш храм. Айцец Арцемій з вялікім інтарэсам пазнаёміўся з гісторыяй і архітэктурай нашага Каложскага храма, памаліўся перад цудатворным вобразам Каложскай іконы. Цёпла паразмаўлялі і цёпла развіталіся.

Сустрэча протаірэя Арцемія Уладзімірава ў КаложыСустрэча протаірэя Арцемія Уладзімірава ў Каложы Протаіерэй Георгій Рой, протаіерэй Арцемій Уладзіміраў і іерэй Ігар ДанільчыкПротаіерэй Георгій Рой, протаіерэй Арцемій Уладзіміраў і іерэй Ігар Данільчык

Паколькі наш госць крыху спазніўся, то айцец Ігар павінен быў вельмі спяшацца на бацькоўскі сход аднаго з дзіцячых садкоў, які ён апякае. Паехалі на маім аўто. Прыйшлося сапраўды спяшацца. Але, дзякуй Богу, амаль паспелі.

Па-сапраўднаму насычаным быў наступны дзень – серада 27 сакавіка. Я служыў Літургію Ранейасвячоных Дароў. Але гэтая літургія была і ўрокам для навучэнцаў нашай нядзельнай школы. Перад Літургіяй я распавёў вучням пра гісторыю гэтага набажэнства, якая выходзіць з першахрысціянскіх катакомбаў з часоў жорсткага і крывавага пераследу хрысціянаў у Рымскай імперыі. Затым растлумачыў сэнс некаторых свяшчэннадзеянняў. Акцэнтаваў увагу на выгуку: “Святло Хрыстова прасвятляе ўсіх…”, і на словах гімна “Ныне сілы нябёсныя з намі нябачна служаць…”. Пасля запрасіў хлопчыкаў у алтар, каб яны непасрэдна назіралі за тым, што робяць святар і дыякан на гэтай літургіі. А дзяўчынкі сталі бліжэй да амвону.

Хлопчыкі-навучэнцы нядзельнай школы ў алтары назіраюць за дзеяннямі святара падчас літургііХлопчыкі-навучэнцы нядзельнай школы ў алтары назіраюць за дзеяннямі святара падчас літургіі Навучэнцы нядзельнай школы на Літургіі Ранейасвячоных ДароўНавучэнцы нядзельнай школы на Літургіі Ранейасвячоных Дароў

Пасля Літургіі да нас завіталі госці з юнацкага клуба “Нарнія”, што дзейнічае пры Нікольскім храме. Раней яны ўжо былі у старажытнай Каложскай царкве, а цяпер захацелі пазнаёміцца з нашым новым зімовым храмам у гонар Каложскай іконы Божай Маці і таксама паглядзець на наш новы прыхадскі комплекс. Сустрэча сапраўды была вельмі цікавай. Абыйшлі ўсе нашыя пакоі, паглядзелі баптыстэрый, падняліся на хоры, паспрабавалі небезпаспяхова пачытаць па царкоўна-славянску. Развіталіся, спадзяюся, сябрамі. Жадаю паспехаў нарнійцам і іх настаўніцы Вользе!

У Каложу ў гэты дзень прыехала некалькі груп дзяцей. Асабліва запомніліся мінскія школьнікі. Непадробная жывая цікавасць, мноства пытанняў, нядрэнныя веды нашае гісторыі і нават царкоўных традыцый.

Пад канец дня адбылася размова з куратарамі студэнцкіх груп у Аграрным універсітэце. Тэмай размовы: “Хрысціянскі погляд на сям’ю”. Гэта адна з маіх улюбёных тэмаў. Здаецца, мае словы знайшлі водгук. Завязалася цікавая дыскусія. Асабліва цікавыя і вострыя пытанні ставіў малады выхаваўца Аляксандр. Цікава было б і далей падыскутаваць з ім, але, на жаль, пасля лекціі неяк не сустрэліся.

Вечарам у сераду паехаў у Жыровічы. Чацвер і пятніца – мае лекцыйныя дні ў Духоўных акадэміі і семінарыі. Цяпер вось цешуся сямейнай атмасферай, адпачываю. Спадзяюся, справаздачу пра прыхадскія справы за гэтыя два дні вам, паважаныя чытачы-прыхаджане, зробіць айцец Ігар.

Поспехаў!

Ваш,
Святар протаіерэй Георгій Рой