28-29 сакавіка

Вітаю вас, паважаныя чытачы Дзённіка жыцця прыхода святых дабраверных князёў і страстацерпцаў Барыса і Глеба г.Гродна! Як вам напэўна вядома з папярэдніх запісаў, зробленых  айцом Георгіем, наш настаяцель гэтымі днямі знаходзіцца ў Жыровічах, дзе займаецца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю ў Духоўнай акадэміі і семінарыі. На прыходзе застаўся я – клірык Свята-Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы г.Гродна святар Ігар Данільчык.

Дзень 28 сакавіка выдаўся адносна спакойным. Раніцай мне давалося з’ездзіць на вуліцу імя Максіма Горкага, дзе знаходзіцца Гродзенская абласная тэле- і радыёстудыя. Справа ў тым, што Гродзенская праваслаўная епархія разам з Гродзенскім абласным радыё рэалізуе сумесны праект: святары праваслаўных храмаў г.Гродна выступаюць з казаннямі ў радыёэфіры кожную суботу ў 18.50 па правадной сетцы вяшчання. У гэту суботу мая чарга прапаведаваць, таму ў чацвер быў запіс пропаведзі, прысвечанай Нядзелі 2-й Вялікага посту, калі Царква адзначае памяць свяціцеля Грыгорыя Паламы, архіепіскапа Фесаланіцкага.

Пасля выступлення на радыё астатні час у мяне быў вольны, і я яго прысвяціў падрыхтоўцы сваёй магістэрскай працы, якую павінен абараняць у Хрысціянскай Тэалагічнай Акадэміі ў Варшаве. Тэма працы “Праваслаўная царкоўная публіцыстыка Вялікага княства Літоўскага канца XVI - пачатку XVII стагоддзя”.

У пятніцу, 29 сакавіка, служыў Літургію Ранейасвячоных Дароў. Жадаючых паспявадацца і прычасціцца было няшмат. Падчас Літургіі маліліся за прыхаджанку нашага храма Ірыну, якой павінны ў хуткім часе рабіць аперацыю. Усіх вас, паважаныя браты і сёстры, таксама просім памаліцца за яе здароўе і хуткае ацаленне ад хваробы.

Вечарам у пятніцу, напярэдадні памінальнай суботы, якой з’яўляецца субота другога тыдня Вялікага посту, служылі адмысловую памінальную службу – парастас – і маліліся за ўпакаенне ўсіх адвеку спачылых праваслаўных хрысціян. Ціхая малітоўная служба… Заўтра літургія і паніхіда.