30.03.13 Цяжкая дарога. Тры новых Хрыстовых воіна. Сербы і партугальцы. Лоўля рыб. Іаанн і Пётр. Шлюбныя размовы.

Вітаю, браты і сёстры! Ну і дзень выдаўся. Пад’ём 5.30. Выезд з Жыровіч да Гродна. Дарога была дрэннай і ехаць было цяжка. Але неяк дабраўся і на пачатку дзявятай быў ужо ля Каложы. Споведзі. Пасля службы цякучыя справы, размовы. Была хвілінка на чай з коржыкам. Хрышчэнні. Сёння нашае хрысціянскае войска папоўнілася на тры чалавека: Елізавета, Дзьмітрый і Данііл. Дзеткі былі больш-менш спакойныя, і таму можна было нармальна чытаць малітвы і нешта тлумачыць хросным бацькам і прысутным.

Сустрэчы ў Каложы. Удзельнікі канферэнцыі па актывізацыі жыцця састарэлых людзей. Сярод іх была адна сербка. Горача павітаў яе і па-братэрску абняў. Вельмі я паважаю сербаў і люблю іх краіну. Ад Каложы беларускае прывітанне ў хуткім часе дасягне Сербіі. Няхай Бог бароніць сербскую землю!

Група партугальцаў. Маладыя хлопцы. Паказаў ім знакі на каложскай плінфе, адбітак пальцаў тэктона 12 стагоддзя, графіці, астаткі насценнага роспісу. Распавёў пра сімвалізм праваслаўнага іканапісу. На жаль не мог гаварыць з імі непасрэдна. Мае веды ў ангельскай, на жаль, не багатыя.

Вячэрняя служба. Евангелле пра сустрэчу ўваскрослага Хрыста з вучнямі на беразе Галілейскага возера. Вучні ловяць мярэжамі рыбу цэлую ноч і нічога злавіць не змаглі. “Кіньце па правы бок”, - кажа ім з берагу Хрыстос. І мярэжа запоўнілася вялікаю колькасцю рыб. Вось і мы так у жыцці часта выбіваемся з сілаў, нешта ловім нашымі сеткамі, клапоцімся… А можа патрэбна паслухаць, што кажа нам Хрыстос… Мабыць Ён лепей ведае, дзе мы знойдзем тое, што шукаем. Можа з Яго дапамогаю нашыя жыццёвыя пошукі будуць больш плённымі?

І яшчэ на старонках гэтага евангельскага апавядання звяртаюць на сябе ўвагу Іаан і Пётр. Кожны з іх горача любіць Хрыста. Гарачае ад такой любові сэрца Іанна падказвае яму: чалавек, які стаіць на беразе - Гасподзь Іісус. Пачуўшы гэта, Пётр не разважаючы кідаецца ў ваду, каб хучэй дасягнуць ЯГО. Хоць бы крыху мець ад іх вялікай любові да Хрыста.

Пасля вячэрняга набажэнства размова з парамі, якія рыхтуюцца да вянчання. На пытанне пра іх веру ў Бога, хлопцы засумняваліся. Якая ж тады ў іх матывацыя да вянчання?... Але нічога, пагаварылі, многа тлумачыў, паказваў на канкрэтных прыкладах. Здаецца, усё ж такі нешта яны зразумелі. Канец рабочага дня а 20.30. Сілы амаль што на зыходзе. Але ж староначку да нашага дзённіка дадам.

Да сустрэчы ў Каложы!

Сардэчна Ваш,

Протаіерэй Георгій Рой