Цяжкі красавіковы снег. Малітва пра абуджэнне і ацаленне. Запрашэнне на выставу. Зарыцкія сустрэчы

Сардэчныя прывітанні, браты і сёстры! Спадзяюся, справы вашыя і настрой у парадку. Надвор'е і сырасць навіваюць канешне смутак, але не патрэбна паддавацца такому няпостнаму настрою. Хрыстос вучыць нас, што ў пост патрэбна мець пазітыўны настрой. Апостал Павел заклікае “радавацца, бесперапынна маліцца і за ўсё дзякаваць”.  

Мой сённяшні дзень пачаўся з расчысткі снегу. І справа гэтая аказалася нялёгкай. Снег мокры і цяжкі. Гэта не той белы пух, які падае на зямлю ў студзені, напрыклад. Красавіковы снег цяжэйшы ва ўсіх сэнсах… Але малітва дапамагала ў такім змаганні са стыхіяй. Падчас такой работы падышоў мужчына з просьбаю паставіць свечку ў царкве. Аказалася, што дачка яго пасля звычайнай аперацыі ад наркозу ўпала ў кому. Бацька вельмі смуткуе. Пайшлі мы ў царкву разам, памаліліся, а потым ён застаўся адзін на адзін з Богам. Па ўсім відаць было, што малітва яго была сапраўды моцная. Я ж накіраваўся далей змагацца са снегам. Выйшаў той чалавек і папрасіў яшчэ адну лапату. Так вось разам памаліліся і папрацавалі… Памаліцеся і вы, браты і сёстры, за Юлію – гэта дачка таго чалавека. Папрасіце Нябеснага Айца абудзіць яе ад цяжкага сну.

Пазней пад'ехаў наш братчык Слава і таксама ўключыўся ў змаганне са снегам. Але ўсё роўна снегу на тэрыторыі нашага комплекса засталося яшчэ шмат. Акрамя работы знайшлі са Славаю хвілінку для гарбаткі і размовы.

Потым была сустрэча ў аддзеле культуры гарвыканкама. Аформілі ахоўнае абавязацельства ў дачыненні да нашае Каложы. Вельмі ж пазітыўныя і сапраўды вясёлыя там супрацоўніцы. Пажартавалі і пасмяяліся. Атрымаў запрашэнне на выставу літоўскіх мастакоў на сераду. Мерапрыемства адбудзецца ў выставачнай зале на Ажэшка. Схажу. Далучайцеся. Адкрыццё а 17-й гадзіне.

Каля Каложы было сёння спакойна. З-за снегу людзей там было няшмат.

Да вечару займаўся бягучымі справамі. А 19-й гадзіне адбылася сустрэча з моладзевым брацтвам у Зарыцы. Цудоўная атмасфера! Вельмі цікавыя і адкрытыя маладыя людзі. Гаварылі пра недастатковае разуменне намі нашага праваслаўнага набажэнства. Расказваў пра гісторыю Літургіі. Потым пытанні. Потым жарты і байкі семінарскага жыцця.

На заўтра наведванне дому-інтэрнату для састарэлых і адзінокіх. Будзем спавядаць і прычашчаць.

Такі быў наш дзень…

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)