2-3 красавіка. Дзе сёння пакутуе Хрыстос? Чалавек Андрэй. Хрысціце мяне! Павячэр'е і бутэрброды з авакада. Мае дарогі і вясновы снег.

Сардэчна вітаю вас, дарагія браты і сёстры!

Ад мноства вялікіх і малых справаў і ад некае стомленасці не было сіл у апошнія дні пісаць у наш прыхадскі дзённік. Але сёння сітуацыя іншая. Я прыехаў да сваёй сям’і у Жыровічы (пакуль у Гродна пераехаў толькі я). Адпачыў, прывёў думкі/пачуцці ў парадак, і натхненне вярнулася да мяне… Тым больш, што распавесці ёсць аб чым. І параіцца таксама трэба. (Цікава, слова “параіцца” ці не ад майго прозвішча паходзіць :) ).

Аўторак. 2. 04.

Дзень пачаўся досыць рана. У 8 гадзін мы: я, а. Ігар, дыякан а. Уладзімір і наш братчык Вячаслаў былі ўжо ў доме-інтэрнаце ў Пышках. На папярэдняй сустрэчы дамовіліся, што ў гэты дзень прыедзем паспавядаць і прычасціць жадаючых. Такіх аказалася не мала – каля 40 чалавек. Гэта болей чым палова ўсіх жыхароў інтэрнату. А. Ігар спавядаў і прычашчаў хадзячых, а я з а. Уладзімірам і Славай пайшлі па пакоях да тых, хто ня можа падняцца. Многія людзі доўгія ўжо гады прыкаваны да сваіх ложкаў. Адзінокія і прыкаваныя… Але свабода душы ў многіх бадай большая, чым у тых здаровых, якія як мінімум раз у год бываюць на розных курортах… Тут з пакутуючымі пакутуе Сам Хрыстос. Тут прадаўжэнне Галгофы… Не пакідаюць думкі пра тое, што б мы як абшчына маглі б зрабіць для гэтых людзей, каб жыццё іх стала крыху святлейшым, каб зменшыць іх пакуты… Паразмаўляў з доктарам і дырэктарам інтэрнату. Самае першае: патрэбны памперсы і сродкі для мыцця. Ёсць некаторы недахоп гэтых рэчаў. Спадзяюся, што мы здолеем гэты недахоп папоўніць. Але гэтага мала. Вось думаю, што трэба падключаць маіх сяброў немцаў. У Германіі вялізарнейшы вопыт дапамогі такім людзям. Дырэктар казаў пра тое, што, на жаль, маладыя людзі, якія трапляюць у інтэрнат знаходзяцца ў сацыяльнай ізаляцыі і закрытыя ў чатырох сценах. Было б добра перыядычна запрашаць іх і прапанаваць нейкія паездкі. Пасля споведзей і прычасця ўсе мы адчувалі нейкі духоўны пад’ём. Усё ж такі дакрануліся да пакут Хрыстовых, якія доўжацца і ў наш час, а гэта ацаляе, дапамагае адолець гардыню і навучае змірэнню.

Вярнуўшыся да Каложы, папілі разам гарбаткі. Паразмаўлялі. Пажартавалі. І разбегліся па пільных справах. Слава зарганізаваў расчыстку снегу нейкаю хітраю машынай, якая паглынае снег і адкідвае яго на досыць доўгую адлегласць. Потым да гэтае справы падключыўся Андрэй. Ён нядаўна з турмы. Работы здабыць не можа. Дроў у хату, дзе жыве, набыць таксама няма за што. Паесці – як прыдзецца. Ходзіць у стоптаных турэмных ботах. Чалавек з інтузіязмам, можна сказаць, узяў на сябе справу дворніка. І нам добра і чалавеку капейка і падтрымка.

Цягам дня справы. Тэлефонныя размовы. Сустрэчы.

Серада. 3.04.

Ранкам Літургія Ранейасвячоных Дароў. Людзей было зусім мала. Але, не ад колькасці малітоўнікаў залежыць якасць малітвы. Чарговая, але сапраўды радасная сустрэча з Госпадам Іісусам. На жаль, нашыя браты і сёстры, што працуюць у будзень, не маюць магчымасці бываць на гэтай прыгожай службе. Хачу папрасіць благаславення ўлыдыкі Арцемія, каб хоць аднойчы адслужыць гэтую Літургію вечарам, што і адпавядае пачатковаму царкоўнаму Уставу адносна гэтага набажэнства.

Пасля Літургіі доўгая размова з Нінай Мікалаеўнай, нашым казначэем. Вы ведалі, што яна з казакаў? Гэты факт біяграфіі растлумачыў мне многае ў гэтай на дзіва энэргічнай і плённай для свайго ўзросту жанчыне. Канешне, размова больш тычылася бягучых справаў.

Прыйшоў Андрэй, папрацаваў са снегам. Запрасіў яго на імправізаваны абед на дваіх: аўсянка хуткага прыгатавання, гарбата, пячэнне, сухафрукты. Таксама ў чалавека біяграфія… Сірата, выхаванец дзіцячага дому і далей лёс прывёў да турмы… 39 гадоў, а перспектывы вельмі туманныя.

Пасля абеду патрэбна было зайсці ў Каложу. І не дарма! Вось бывае так, што Гасподзь прыводзіць цябе ў пэўнае месца і ў пэўны час. Я адчыніў храм, прыклаўся да іконаў, зайшоў у алтар, чую, адчыняюцца дзверы, і нехта заходзіць. Выходжу. Жанчына гадоў 45. Элегантна апранутая. Узрушаная.

Я вырашыла прыняць хрышчэнне! Хрысціце мяне!

Гэтыя яе словы і тое, як яна іх вымаўляла, не магло не ўзрушыць і мяне. Нешта вялікае адбылося ў яе душы і ў яе жыцці. Чалавек прагне быць разам са Хрыстом. Такі парыў кранае да глыбінь душы. Дамовіліся пра сустрэчу. Яна засталася на некалькі хвілін у храме памаліцца ў цішыні. Калі выходзіла, падараваў ёй Евангелле. Барані яе Божа!

Вячэрняе набажэнства. Вялікае павячэр’е. Сам ўсё чытаў. На службе тры жанчыны і я. Памаліліся. Глыбокія тэксты псалмоў і малітваў. І адчуванне прысутнасці Хрыста. Літаральна: “Дзе двое, ці трое… там і Я пасярод іх”. Таямніца.

Кароткая казанне пасля службы, і запрасіў маіх сумалітоўніц на гарбату. Паколькі днём з Андрэем мы пад’елі асноўны харчовы запас, трапеза была не багатай, але, можна сказаць, арыгінальнай. Да гарбаты я запрапанаваў бутэрброды з авакада. Аказалася, што ніхто да гэтага моманту на такі фрукт, як авакада, увагі не звяртаў. Бутэрброды, здаецца, спадабаліся маім госцям. Прынамсі, так казалі :).

Пасля такой вячэры размова з хроснымі бацькамі. Сучасныя людзі сярэдняга ўзросту з пачуццём гумару.

І зноў, калі мне патрэбна ехаць, разгулялася стыхія. Мяцеліца і заваленая снегам дарога. Шлях у 150 км. да Жыровіц доўжыўся каля 3 гадзін. Але якой была мэта?! Сустрэча з сям’ёй. Ціхая радасць сустрэчы.

Сардэчна ваш,

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)