Блакіт нябёсаў і пачатак Евангелля. Беларуская малітва. Здраднік Іуда. Запрашаем на біблейскія чытанні. Дзяўчыны з чэшскага Брно

Са святам Дабравещання, дарагія браты і сёстры!

Люблю гэты дзень. Галоўная асацыацыя - блакіт нябёсаў. Пачуцці – ціхая радасць, шчырая пашана да Дзевы Марыі, удзячнасць, жывое адчуванне святога. Хаця  сёння мы шануем таксама Пачэсны Крыж Хрыстоў, але асабіста мяне неяк болей кранула падзея Дабравешчання. Падумаць толькі,  змірэнныя  словы Дзевы Марыі перавярнулі ўсю гісторыю чалавецтва! “Хай жа будзе мне па слову твайму” – і Творца універсуму, стаў адным з нас. Колькі ганарлівых словаў вымаўлялі цары, імператары і палкаводцы?! Але ніводнае з тых словаў ня мела той сілы, якую мелі словы Дзевы Марыі. Яна была Той адзінай, якая магла так адказаць Богу; Той адзінай, якая была дастойнаю стаць Маці для Збавіцеля чалавецтва; Той адзінаю, што магла ўмясціць у сябе  Прадвечнае Слова. Яна стала тымі дзвярыма, праз якія ў наш свет прыйшоў Збаўца. Таму мы і шануем Прасвятую Дзеву Марыю, выказваем Ёй нашу самую сардэчную падзяку, нашу любоў да Яе. “Радуйся, абрадаванная! Гасподзь з Табою!”.

Дарэчы па грэчаскі Дабравешчанне гучыць як “эвангелісмос”, што з’яўляецца аднакарэнным са словам Евангелле. Такім чынам, гэты дзень – пачатак Евангелля.

Служба сёння правілася у нашым храме па-беларуску. Я ўпершыню быў на беларускай літургіі. Уражанне вельмі добрае. У наступны раз паспрабую сам узначаліць набажэнства. А сёння вялікі дзякуй айцу Ігару. Вельмі мне спадабалася яго казанне. Глыбокія думкі, ідучыя ад асабістага духоўнага дасведчання. На жаль, не падрыхтаваліся загаддзя, каб запісаць яго пропаведзь…

Я падчас Літургіі спавядаў. Сёння ў нас было болей за 40 прычастнікаў. Пасля службы мяне запрасілі ў Нядзельную школу. Па праграме адзін з класаў вывучаў тэму Тайнай вечары і здрадніцтва Іуды. Сказаць па праўдзе, я заўсёды пабайваюся дзіцячай аўдыторыі, хаця з дарослымі адчуваю сябе амаль заўсёды спакойна і ўпэўненна. Няёмка адчуваў сябе і сёння. Але, дзякуй Богу, здаецца, ўсё прайшло добра. Адкрытыя і чыстыя дзіцячыя вочы і сэрцы.

Потым была сустрэча брацтва. Дамовіліся сустракацца па серадах увечары а 18-й гадзіне для сумеснага чытання і разважання над тэкстамі Новага Запавету. Так што ўсіх жадаючых сардэчна запрашаем!

Пасля брацкай сустрэчы вырашыў на пяць хвілінак заглянуць у Каложу і застаўся там на паўтары гадзіны.

Дзіўныя каложскія сустрэчы.

Школьнікі з Брэсту. Смелыя. З мноствам пытанняў. Нядрэнна арыентуюцца ў гісторыі.

Дарослыя людзі з Мінску. Інтэлігенты. Ачараванне Каложаю і яе гісторыяй. Пошукі духоўнасці.

Курсант. Малады хлопец у форме. Правёў у храме каля гадзіны часу. Падоўгу стаяў ля іконаў. Маліўся. Здалёку слухаў мае размовы з людзьмі. Выходзячы, падыйшоў да мяне і падзякаваў. Відаць нешта пачуў і для сябе важнае.

Дзяўчыны з Брно (Чэхія). Вывучаюць у Мінску рускую мову. Вырашылі наведаць Гродна. Правёў ім экскурсію. Расказаў пра асаблівасці праваслаўнай традыцыі, пра сімвалізм іканапісу. Шмат пытанняў. Кажуць, што многа падарожнічаюць па Еўропе і такіх добрых і адкрытых людзей, як у Беларусі, нідзе не сустракалі. Прыемна такое чуць пра свой народ…

Потым адпачынак.

Такім быў наш дзень,

Сардэчна ваш,

Пратаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)