8-9 красавіка. Багаслоў і літаратар. Метафізічныя размовы. Сірата. Цяжкія ўражанні. Слёзы бабулі. Каложа і Польшча. Каложскія ўрокі нямецкай мовы

Вітаю, браты і сёстры!

Праляцелі два першыя дні тыдня. Панядзелак прайшоў неяк спакойна. Справы, размовы, тэлефон. Крышку займаўся старажытна-грэчаскай мовай. Папілі кавы з Аляксандрам Бабуком . Багаслоў-святар і літаратуравед-філолаг. Зразумела, такая сустрэча не магла абысціся без разважанняў аб літаратуры і багаслоўі. Потым была цікавая сустрэча з настаяцелем царквы ў Каробчыцах айцом Сергіем і ягонаю матушкай Аняй. Пра што звычайна размаўляюць паміж сабою святары? Звычайна гэта абмеркаванне сітуацый на прыходах, нейкіх выпадкаў з пастырскай практыкі. Такі своеасаблівы абмен вопытам. Але айцец Сергій чалавек філасофскага складу. Таму і размова набыла характар хучэй багаслоўска-метафізічны, чым практычны. І гэта цікава.

Прыйшоў хлопец-сірата. Няма за што заплаціць за жыллё, няма за што купіць паесці. Уладкаваўся на працу, але зарплата яшчэ не хутка. Звяртаецца ўжо не першы раз. Запісаў імя, спытаў дзе жыве. Патэлефанаваў да загадчыцы інтэрнату, дзе, як сказаў гэты хлопец, ён жыве. Сапраўды сірата, не пьяніца, не наркаман. І гэта ужо добра. Але з размовы аказалася, што хлопец хітруе. Але што хацець ад чалавека, якога кінулі бацькі? Дапамагчы трэба было. Даў лапату і запрасіў прыбіраць снег з тэрыторыі. Малады, здаровы. Хай папрацуе крыху, каб усё ж такі не прызвычаіўся прасіць і атрымоўваць задарма. Прыходзіў і ўчора, і сёння.

Два дарослых мужчыны, незалежна адзін ад аднаго вырашылі хрысціцца. Абодвум за 40. У суботу будзем размаўляць. Як паказвае досвед, часта матывацыя ў такіх выпадках можа быць вельмі павярхоўнай. Але будзем бачыць.

Аўторак пачаўся досыць рана. Ужо а 6.30 мы з а. Ігарам накіраваліся на маім аўто да Каложы. Дамовіліся на сёння паспавядаць і прычасціць хворых у першай бальніцы. Там было шмат пацыентаў пасля інсульту. Цяжкая хвароба, цяжкія наступствы, цяжкія ўражанні…Вялікі дзякуй братчыкам Анатолю і Вячаславу за дапамогу і арганізацыю споведзі і прычасця!

Апошняй прычашчалася бабулька, якая трапіла ў бальніцу ад таго, што ў краме ў яе скралі два мільёны грошай, якія яна доўгі час збірала сабе на новыя зубы і яна расхвалявалася так, што сэрца дало збой. І вось нехта ж зрабіў такі ўчынак? Ці думаў ён, што амаль не загубіў жыццё чалавеку? Ці думаў, як цяжка той бабулі было назбіраць гэтыя грошы? Паісій Святагорац недзе пісаў, што слёзы паскарджаных слабых людзей, цяжкай караю стануць для тых, хто іх паскардзіў. Гэта сапраўды так. А бабулечка як сапраўдная хрысціянка моліцца за гэтага чалавека. Можа яе малітвамі і ўратуецца і стане чалавекам тая пачвара.

Пасля была сустрэча з консулам Польшчы панам Хадкевічам. Размаўлялі пра тое, каб зрабіць нашую Каложу больш вядомай для польскіх турыстаў. Пан консул гісторык не толькі па адукацыі, але і па сваёй сутнасці. Яго вельмі займае пытанне пра ўзнікненне старажытнага Гродна. Тут не праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, не было тут нейкага багацця, але, тым не менш, чамусьці ўзнікае і імкліва развіваецца горад з высокім узроўнем культуры, прыкладам чаму і служыць Каложа і іншыя забудовы 12 стагоддзя. Чым было ўсё гэта абумоўлена? Вельмі насычаная і цікавая адбылася размова.

З Каложскіх сустрэч адзначу пару з нямецкага Франкфурту. Дзяўчына – беларуска па паходжанню, але ўжо доўгія годы жыве ў Нямеччыне, і яе муж – карэнны немец. З задавальненнем паразмаўляў з імі па-нямецку. Складаецца ўражанне, што ў Каложы я буду перыядычна мець мажлівасць практыкавацца ў нямецкай мове. І гэта цудоўна!

Хвалююся за чытанні, якія запланаваны на заўтра. Вельмі б хацелася, каб гэтае пачынанне не стала першым комам. Прашу вашых малітваў!

Сардэчна ваш,
протаіярэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)