10 красавіка. Упершыню ў алтары. Каложскія біблейскія чытанні. Анекдоты ад бацюшак.

Вітаю вас, чытачы дыярыуша.

Айцец Георгій у гэты час едзе да сям’і ў Жыровіцы. Таму ён даручыў мне, прыхаджаніну Каложы Мікалаю, напісаць пра сённяшні дзень.

Сёння я з вялікім задавальненнем нарэшце пасля вялікага перапынку ў некалькі тыдняў зноў наведаў наш прыход і актыўна, як на мой погляд, паўдзельнічаў у ягоным жыцці. Дзякую за гэта Богу і айцу Георгію.

Такім чынам, сёння раніцою я наведаў царкву, каб прыняць удзел у Літургіі Ранейасвячоных Дароў. Не паспеўшы падысці да абразоў, я быў запрошаны айцом Георгіем маліцца ў алтар. Гэта было нечакана. Для мяне алтар быў заўсёды такім сакраментальным месцам, што страшна было падумаць, што туды можна проста так трапіць. Маліцца каля Прастолу, дзе адбываецца Пралажэнне Святых Дароў было незвычайна і крыху страшна. Я пастараўся “скарыстацца сітуацыяй”, каб малітвенна падзякаваць Богу за нядаўняе вылячэнне маёй сужэніцы (дзякую а.Уладзіміру, а.Георгію, а.Ігару і ўсім, якія спачувалі, за Вашыя малітвы). Назіраць за дзеяннямі свяшчэннаслужыцелей у алтары было цікава. Я здзівіўся карычневаму колеру ніжняй часткі Агнца, які выкарыстоўваецца для Прычашчэння (увечары я дазнаўся, што падчас загатаўлення Святых Дароў для Літургіі Ранейасвячоных Дароў Агнец апускаецца ў Кроў Хрыстову, таму і мае такую афарбоўку). Здзівіла таксама чытанне малітваў а.Георгія на грэчаскай мове (я, грэшым чынам, падумаў спачатку, што гэта латынь).

Пасля літургіі ўсе служыцелі выйшлі з алтару, каб адпраўляць паніхіду. А я не ведаў, як мне і выходзіць. Падазраваў, што ёсць рытуал на выхад, як і на ўваход. Сапраўды, калі поўнасцю пакідаеш алтар, трэба зрабіць тры зямныя паклоны перад Прастолам, як і пры заходзе. Цікава было назіраць сустрэчу бацюшак у алтары пасля службы. Зайшоў святар - сябар а. Георгія, здаецца з Карэлічаў, потым зайшоў былы настаяцель Каложы а. Анатоль. Ніколі не бачыў бытавой размовы святароў ужывую – аказваецца, звычайныя людзі :).

Потым у нас з а. Георгіем за кубкам кавы адбылася бяседа. Абмяркоўвалі працу каложскага сайта, адміністратарам якога я з’яўляюся. Планаў шмат. Будзем з Божай дапамогай спрабаваць “заваёўваць” гродзенскую інтэрнэт-аўдыторыю з місіянерскай мэтай. Калі ў вас, дарагія чытачы, ёсць прапановы ці заўвагі наконт працы сайта, калі ласка, пішыце іх у раздзел “Пытанні святару” ці ў аднайменнае абмеркаванне ў групе Укантакце.

Першыя Каложскія біблейскія чытанніПершыя Каложскія біблейскія чытанніВечарам прыехаў у храм на вячэрняе богаслужэнне і на першыя Каложскія біблейскія чытанні. На службе, што праўда, пабыць не давялося – дапамагаў а.Георгію рыхтаваць Трапезную залу да чытанняў. Выгляд у бацюшкі быў загнаны. Казаў, сёння суцэльныя выпрабаванні, забегаўся. А. Георгій закупіў для чытанняў кнігі Свяшчэннага Пісання розных фарматаў і на розных мовах .

Забягаючы наперад, скажу, што, на мой погляд, першыя Каложскія чытанні ўдаліся. Як і было анансавана, абмяркоўвалі 27-38-я вершы 8-га раздзела Евангелля паводле Марка. Зачыталі ўрывак па-царкоўна-славянску, па-беларуску і па-руску. Для тлумачэння аднаго месца ў Евангеллі, а менавіта пра словы “адыдзі ад Мяне, сатана” (Мк. 8,33), якія ў царкоўна-славянскім варыянце гучаць, як “иди за мною, сатано”, было выкарыстана грэчаскамоўнае Евангелле. Аказалася, што царкоўна-славянскі пераклад няслушны. Самыя доўгія абмеркаванні выклікаў 34-ты верш “І, паклі́каўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе.” Прысутныя спрабавалі адказаць на пытанне, што такое Крыж, пра які гаворыць Гасподзь. Былі меркаванні, што Крыж – гэта лёс, з якім трэба пагадзіцца, бо ён прадвызначаны, што гэта барацьба з варожым злом, што гэта прыманне Волі Божай.

На словы Евангелля “Альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?” (Мк. 8,37) а.Ігар распавёў анекдот з мараллю:

Памёр новы рускі і трапіў у ад, бо яму паказалі на ягоныя шматлікія грахі – пралюбадзеіў, краў і да т.п. Абураецца, маўляў, на мае ж грошы тры храма пабудавалі, у дзіцячыя дамы сколькі грошай пералічыў! А яму адказваюць: Пайшлі, пашлі, а грошы мы табе ўсе вернем.

Увогуле, гэты час прысутныя правялі з цікавасцю і карысцю для сябе.

Пасля чытанняў адбылася бяседа з гарбаткай і ласункамі, на якой мы змаглі паразмаўляць на розныя тэмы. Запоўніўся аповед а.Георгія пра выпадак з ім у Жыровіцкім манастыры:

Некаторыя неспакушаныя наведвальнікі манастыроў лічаць усякага, каго ўбачаць у чорным убранні манахам. І вось, аднойчы, трэ было забегчы а.Георгію да сабе ў пакой, дзе жыў са сваёй сям’ёй, на хвілінку. А на парозе сустрэў жонку з тазам выпранага дзіцячага адзення, якая і папрасіла яго развесіць усё сушыцца. А месца, дзе мае сохнуць бялізна, каля таго ўчастка, дзе паломнікі бываюць. Дык вось, займаецца а.Георгій развешваннем дзіцячых рэчаў і раптам чуе за сабой голас жанчыны: “Іра, паглядзі, манах пялёнкі развешвае!”

Такім быў мой і наш дзень.

Прыхаджанін Мікалай.