12-13 красавіка

Вітаю вас, шаноўныя чытачы каложскага дыярыушу! Прапаную вам апавяданне за два апошнія дні.

12 красавіка. Пятніца.

Дзень мой пачаўся у Жыровічах. Выкладанне ў акадэміі і семінарыі. Цікавай і для мяне і для студэнтаў атрымалася лекцыя на чацвёртым курсе семінарыі, дзе мы разглядалі гісторыю літургічнага фарміравання Таінства пакаяння, якое ў нас цяпер часцей за ўсё асацыіруецца са споведзью перад святаром. Але раней таінства пакаяння разумелася значна шырэй. Яно ажыццяўлялася праз усё жыццё хрысціяніна, а споведзь была толькі адным з важных пакаянных этапаў. Пакаянне – гэта не проста пералік грахоў у прысутнасці святара. Пакаянне гэта штодзённая праца чалавека.

Потым хуткія сборы і дарога ад Жыровіц да Гродна. Як жа імкліва наступіла вясна. Калі ехаў з Гродна да Жыровіц ўсе палі былі завалены яшчэ снегам, а цяпер толькі рэштачкі снежных гурбаў і паўсюль хуткія бурлівыя ручаі. Дзякуй Богу, зіма скончылася!

Паспеў да пачатку споведзі перад Таінствам саборавання. Вялікі цяжар скінулі з сябе браты і сёстры. І, ачысціўшыся пакаяннем, прынялі Таінства саборавання. Глыбокія па свайму сэнсу малітвы, чытанні з Новага Запавету, памазванне святым ялеем, супольная малітва, стома ад доўгага малітвеннага стаяння і радасць.

13 красавіка. Суббота.

Для мяне сённяшні дзень выдаўся хрысцільным. Прыехалі з а. Ігарам як мага раней, каб паспець усё прыгатаваць да Літургіі і да Таінства хрышчэння. Айцец Ігар пачаў служыць, а я хрысціў рабу Божую Іаанну, цяпер ужо сястру нашу ў Госпадзе. Яна вырашыла хрысціцца ў сталым узросце, крок да Хрыста быў глыбока асэнсаваны, гарачае імкненне ўз’яднацца з Госпадам. Упершыню хрысцілі ў купелі для дарослых, праўда чамусьці цёплая вада спачатку пацякла, а потым пайшла халодная. Таму і купель атрымалася досыць халоднай, але Іаанна вытрымала. У вачах яе былі радасць і слёзы, у позірку прасвечвала нейкае ўнутранае святло. Пасля хрышчэння ўвайшлі ў царкву да нашых братоў і сясцёр. Сям’я нашай царквы папоўнілася яшчэ адным воінам, у хрысцільнай купелі нарадзілася яшчэ адна сястра наша ўлюблёная. Супольная малітва новахрышчанай з братамі і сёстрамі. Першае прычашчэнне Цела і Крыві Хрыстовых. Нашае сястрынска-братэрскае віншаванне і Многая лета!!!

Сёння, дарэчы, увесь храм прычашчаўся. Вось гэта і ёсць наша еднасць у Хрысце Іісусе. Па нашых венах цячэ Кроў Хрыстова і мы сапараўды становімся кроўнымі братамі і сёстрамі. Віншую ўсіх прычаснікаў!

Пасля службы папілі з Іааннай чаю, адсвяткавалі такім чынам хрысціянскі дзень нараджэння. Размовы, сустрэчы, развітанні. Зайшоў у нядзельную школу да дзяўчынак. Якія ж яны светлыя. Расказаў ім пра таінствы, але ўрок адбыўся не ў класе, а ў хрысцільні. Дзяўчынкі былі на службе і бачылі, што мы віншавалі Іаанну. Ім было цікава паглядзець на купель, запоўненую вадою, убачыць хрысцільную скрынку, купельку для дзяцей. Паразмаўлялі пра Дары Духа, якія даюцца праз Таінства мірапамазання. Дзяўчынкі пачалі разважаць, якія яны атрымалі дары ад Бога. Адным словам было вельмі цікава, месцамі смешна.

Потым былі справы і сустрэчы.

Вечарам размовы. Дарослыя мужчыны хочуць прыняць хрышчэнне. Спачатку гаварылі з Максімам. Матывацыя глыбокая, але ведаў пра хрысціянства не многа. Падчас размовы, калі гаварылі пра Хрыста, пра веру, пра царкоўнае брацтва, у чалавека загарэліся вочы. Дамовіліся, што наступная наша сустрэча адбудзецца пасля таго, як прачытае Евангелле.

З Аляксандрам размова была складаней. Чалавек яшчэ не ўпэўнены ў тым, ці хоча ён сапраўды стаць хрысціянінам, ці падзяляе ён нашую веру. Таксама гаварылі пра Бога, пра Сына Божага, пра Евангелле, пра царкву… Не ведаю, ці адбудзецца наша наступная сустрэча, але вельмі спадзяюся на гэта. Прашу і вашых малітваў за Аляксандра, каб ён усё ж сустрэўся са Хрыстом, каб адбылося яго нараджэнне ў жыццё вечнае.

Такім быў наш дзень.

Сардэчна ваш,

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)