Каложскі дыярыуш. 14-20 красавіка

Ад апошняга запісу ў дыярыушу праляцеў цэлы тыдзень… Аж не верыцца. Для выбраных час скароціцца – гаворыць Пісанне. Сапраўды так і здараецца. Страшэнны дэфіцыт часу і ён вельмі насычаны. Прашу прабачэння дарагія мае браты і сёстры, чытачы каложскага дзённіка! Паспрабую усё ж такі захоўваць рэгулярнасць запісаў. Выбіла з каляі падрыхтоўка дакладу на канферэнцыю на філфаку ГрГУ “Дыялог хрысціянства, культуры, літаратуры”, што адбылася на мінулым тыдні ў чацвер-пятніцу. Патрэбна было многа пісаць і многа чытаць. Пакуль пісаў і чытаў назбіралася мноства самых неадкладных справаў. Тым больш, што на мінулым тыдні ў Гародні была і мая сям’я. Я не мог не ўдзяліць часу і ўвагі маім родным і любімым…

Дык якімі ж былі мінулыя дн? Канспектыўна:

Нядзеля 14 красавіка. Прачнуўся з галаўным болем. З такім дрэнным самаадчуваннем давялося і служыць. Але ў Каложы здаецца ўсе хваробы адыходзяць на другі план. Маліцца, негледзячы на боль, было лёгка. Значна цяжэй было пасля літургіі. Дарэчы, на літургіі разам з намі маліліся дзеці-сіраты, выхаванцы Дзятлаўскага дзіцячага дому. Прывезлі іх у Гародню мае студэнты з Жыровіч. Запрасілі нашых гасцей на абед у адно з гарадзенскіх кафе. Здаецца, дзецям спадабалася і ў Каложы, і на абедзе. Да вечара адлежваўся. Потым пасія. Малітвы, чытанне страснога евангелля паводле Лукі. На пропаведзь не было ні сіл, ні натхнення…

Панядзелак 15 красавіка. Справы, справы, справы… Непакой ад таго, што патрэбна пісаць даклад, а я так і не змог сесці да камп’ютара за цэлы дзень.

Аўторак 16 красавіка. Падрыхтоўка дакладу. Днём у Каложы да мяне прыйшлі ў госці мая матушка і дзеткі. Прайшлі разам па беразе Нёмана. Паабедалі і развіталіся да вечара. Падрыхтоўка дакладу.

Серада 17 красавіка. Перайшлі служыць у Каложу. Першая за гэты пост літургія Ранейасвячоных дароў у старажытным храме. Як заўсёды ў Каложы служыцца лёгка. Лекцыя на гістарычным факультэце: “Хрысціянскі погляд на сям’ю і шлюб”. Студэнты – людзі дарослыя. Шчырая і адкрытая размова. Пасля рабочая сустрэча за абедам. І зноў праца над дакладам. Даклад напісаны, але трэба, як кажуць, з тэкстам пераначаваць.

Чацвер 18 красавіка. Пераначаваў з дакладам. Раніцай не спадабаўся мне пачатак. За паўтары гадзіны ўсё патрэбна змяніць. Спяшаюся. Тэлефанаванне. Тэрмінова патрэбна быць ля прыхадскога комплексу. Едзе камісія з начальнікаў розных рангаў, якая будзе разглядаць дэфекты будаўніцтва і прымаць рашэнні па іх выпраўленню. Архіважная сустрэча! Але чаму не папярэдзілі загадзя? Калізія. Сустрэліся. Размова складаная і не кароткая. Але патрэбна спяшацца на адкрыццё канферэнцыі. Мой даклад у пленарнай сессіі. Спазняцца нельга. На канферэнцыі былі з а. Ігарам. Паспелі. Адкрыццё. Мой даклад трэці. Здаецца, мае думкі знайшлі водгук. Дыскуссія ў зале і на перапынку. Ізноў спазняемся. Лекцыя на юрыдычным факультэце: “Хрысціянскі погляд на практыку прававога рэгулявання біамедыцыны”. Дамовіліся, што будуць і наступныя сустрэчы па дадзенай тэматыцы. Абед з а. Ігарам. За абедам атрымоўваю тэлефанаванне з Каложы. Аварыя. Выйшаў са строю кабель і Каложа засталася без электрычнасці. Патрэбна падключаць новы кабель. Тэлефанаванні, перамовы, просьбы. Дамовіліся. Чакаем брыгаду электрыкаў. Ужо позна і ў храм заходзяць людзі. Дзяўчына. Узяла свечкі стала перад іконаю. Шчыра моліцца, выцірае слёзы… Мабыць метавіта дзеля гэтай малітвы храм апынуўся адчыненым, у той час калі ён звычайна ўжо закрыты? Позна вечарам едзем з сям’ёй у Жыровічы.

Пятніца 19 красавіка. Жыровічы. Лекцыі. Падчас лекцый прыемная нечаканасць. Атрымаў пасылку з Швейцарыі. Там кніга швейцарскага багаслова з маёй прадмовай. Пасля лекцый тры гадзіны сну. Вечарам госці – мае сябры і калегі. Весела і прыемна.

Субота 20 красавіка. Ранні пад’ём. Дарога Жыровічы – Гродна. Літургія. Споведзі. Рабочыя сустрэчы. Фестываль экскурсаводаў. Ля Каложы сабралося каля 30 чалавек. Экскурсію праводзіў а. Ігар. Гасцям падарылі маленькія сувеніры. Вячэрня. Некаторыя з экскурсантаў засталіся памаліцца. Пасля вячэрні размовы за кубачкам кавы з маладажонамі. Цікавая і насычаная сустрэча. Спадзяюся, што мяне пачулі і зразумелі.

Сардэчна ваш,

Протаіерэй Георгій Рой