Каложскі дыярыуш. 21-22 красавіка. Прадчуванне светлага ўваскрасення. Служэнне ці спажыванне? Маладая хрысціянка Марыя. Дзень дробных справаў. Куды падацца пасля турмы? Размовы з рэдактарам.

Светлае ўваскрасенне. На мінулай нядзельнай Літургіі з’явілася прадчуванне Пасхі. Пры дзвярах, блізка, светла, радасна. Мабыць, пачуцці гэтыя ад таго сонечнага святла, які падчас служэння заліваў алтар, сляпіў вочы, ствараў містэрыю спалучэння святла, дыму, залатога ззяння ўбранняў і начыння. Не перастаю дзякаваць Богу за тое, што маю магчымасць служыць у Каложы!

Евангельскае чытанне. Заклік Хрыста да вучняў мець прынцыпова іншую логіку суадносін паміж сабою: “Хто хоча быць першым – будзь іншым слугою…” Дай Бог нам сапраўды паслужыць адзін аднаму. Логіка, ідэалогія, светапогляд грамадства спажывання пранікае паўсюль: у нашыя душы, сем’і, царкоўныя абшчыны. Які важны напамін дае Хрыстос сучасным хрысціянам. Нашыя стасункі павінны быць скіраваны на ўзаемнае служэнне, а не на спажыванне.

Пасля літургіі сустрэча з брацтвам. Потым абед і шпацыр па Гародні з маёй госцяй – Марыяй. Маладая дзяўчына, хрысціянка. Вывучае англійскую філалогію ў Лінгвістычным універсітэце ў Мінску. Прыхаджанка таго прыходу, дзе я служыў раней. Размовы пра рознае: і духоўнае, і жыццёвае.

Вечарам размовы з маладымі парамі, якія рыхтуюцца да вянчання. Тры пары жаніхоў і нявест. Усе вельмі розныя, але, дзякуй Богу, з адкрытымі душамі і шчырымі вачыма.

Панядзелак - дзень мноства дробных справаў. Падлічыў. За дзень 65 (!) тэлефонных размоваў. Ад усяго гэтага адчуванне адсутнасці целаснасці. Распыляюся па дробязях.

Звярнуўся яшчэ адзін чалавек, які толькі-толькі вызваліўся з турмы. Тая ж сітуацыя. Жыць няма дзе. Есці купіць і адзецца няма за што. Просіць хоць нейкую працу і хоць якія пару тысяч грошай. Сапраўды, праблема з гэтымі людзьмі. Не маюць куды падзецца і таму вымушаны ісці туды, дзе зноў п’янкі і крадзеж. Потым заблукаў алкаголік Уладзімір. П’яны. Просіць паспавядаць. Тлумачу яму, што ён хворы і патрэбна лячыцца. Але не. Нажаль, чалавек упэўнены, што можа кінуць піць. Тыпічна для людзей з такою хваробаю.

Вечарам сустрэча з рэдактарам нашага сайту. (Карыстаючыся, як кажуць, выпадкам, яшчэ раз вітаю спадара рэдактара!) Верагодна, у бліжэйшы час наш прыхадскі партал будзе набываць іншы выгляд і напаўненне.

Такім быў наш дзень.

Протаіерэй Георгій Рой