Каложскі дыярыуш. 23-28 красавіка.

Цяжка ўжо і ўспомніць, што было напачатку тыдня…  З памяці знік цэлы дзень жыцця – аўторак. Патрэбна, патрэбна прымушаць сябе і рабіць запісы ў наш прыхадскі дыярыуш…. Колькі ж дзён жыцця можа так сцерціся? Успамінаецца толькі падрыхтоўка да біблейскіх чытанняў… і больш ніводнага ўспаміну…

Серада. Літургія Ранейасвячоных Дароў. Малітва ў Каложы, як заўсёды, лёгкая і радасная. На пропаведзі звярнуў увагу на словы малітвы прп. Яфрэма: “дай мне Божа бачыць мае праграшэнні…”. Адэкватная самаацэнка, мажлівасць бачыць свае памылкі – сапраўды, дар Божы. Усе мы схільныя думаць пра сябе лепш, чым мы ёсць на самой справе.

На агароджы Каложскай царквы з боку алтарнай часткі заўважыў надпісы сатаністаў. Стандартны набор: перавернутыя крыжы, зоркі… Хучэй за ўсё, неразумныя падлеткі, але ўсё ж такі непакой. Набліжаецца пасхальная ноч. Каб чаго не вытварылі… Звярнуў на гэта ўвагу праваахоўных органаў і мужчын нашага прыходу. Будзем пільнымі.

 

Увечары біблейскія чытанні. Тэкст, які мы разглядалі, для мяне асабіста стаў адкрыццём і моцным штуршком для пераасэнсавання некаторых важных рэчаў у маім жыцці. Глыбокія заўвагі і цікавыя меркаванні. Падчас разбору евангельскага тэксту звярталіся да старажытнагрэчаскага тэксту, царкоўнаславянскага, беларускага, рускага, нямецкага. Кожны пераклад даваў свае адценні сэнсу. Не ведаю, як успрынялі гэта астатнія ўдзельнікі, але я атрымаў вялізарнае задавальненне. Потым дарога да Жыровіч.

Чацвер. Пераначаваўшы дома ў Жыровічах, ранкам з сям’ёй накіраваліся ў Маларыцкі раён, дзе жыве мая родная сястра. Хрысціў яе сына – Кірыла. Забыў трэбнік. Давялося малітвы чытаць са свайго тэлефону… Нічога не скажаш – сучасны бацюшка… Цікава, калі ставіў пытанні пра адрачэнне ад сатаны і з’яднанне са Хрыстом, пяцімесячны хлапчук вельмі жыва рэагаваў і спрабаваў на сваёй птушынай мове адказваць мне. Усміхаўся на ўвесь бяззубы рот.

Дарэчы, на поўдні Беларусі вясна куды больш прыкметная, чым у Гародні.

Пятніца. Выкладанне ў акадэміі і семінарыі. Захварэла дачушка. Хваляванне.

Субота. Ранні пад’ем. А 8 гадзіне быў ужо ля Каложы. Споведзі. Людзей значна больш у параўнанні з папярэднімі тыднямі. Адразу пасля Літургіі пачалося генеральнае прыбіранне Каложы. Выказваю сваю самую сардэчную ўдзячнасць братам і сёстрам за дапамогу. Цяпер я сапраўды ўбачыў, як калажане шануюць свой храм. Работы было сапраўды шмат.

За дзень Каложу наведалі больш як дзесяць экскурсійных груп. На нашых гасцей таксама патрэбна было звярнуць увагу. Многім распавядаў пра Каложу, паказваў адметнасці, адказваў на пытанні.

Вячэрняе набажэнства. Сілы пакінулі мяне. Падчас вячэрні пайшоў у прыхадскі дом. У храме саставіў дзве лавы, пад галаву падлажыў кнігі і хвілін дваццаць паспаў. Падняўся, як кажуць, іншым чалавекам. У Каложу вярнуўся пад заканчэнне вячэрні. Прачытаў шэстапсалміе. Паліялей. Асвячэнне вербаў. Памазанне. Вітанні з братамі і сёстрамі.

Пасля набажэнства размова з парамі, якія рыхтуюцца да вянчання. На гэты раз пар было ажно сем. Размаўлялі каля палутара гадзін. А палавіне дзясятай быў дома.

Вербная нядзеля. Ранні пад’ем. Малітоўнае правіла да прычасця. Кароткая падрыхтоўка да пропаведзі. А 7:45 быў ужо ля Каложы. Дзень абяцаў быць насычаным. Так і атрымалася. Вербная нядзеля – адзін з тых дзён, калі адбываецца найбольшы наплыў людзей у царкву. Перад Літругіяй дапамог а. Ігару ў споведзі. Потым служыў. Сёння быў цікавы апостальскі тэкст: “Радуйцеся, - заклікае апостал Павел, - і яшчэ раз кажу, радуйцеся!”. Хрысціянін не мае права не радавацца.

Пасля службы застаўся ў царкве да палавіны чацвёртай. Асвячаў вербы. Сотні людзей. Пасля кожнага асвячэння пытаўся, ці былі людзі падчас посту ў споведзі. 95 працэнтаў не былі… Тлумачыў, што асвячэнне вярбы без асвячэння душы не мае аніякага сэнсу. Запрашаў людзей да споведзі і прычасця, да ачышчэння душы перад Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем. Большасць адклікаліся на мае словы з разуменнем і пыталіся пра тое, калі б яны маглі прыйсці на Літургію. Лепшы для гэтага дзень – 1 мая.

У Каложы сёння была вялікая група з Польшчы. Жыва цікавіліся храмам і асабліва іконаю царскай сям’і. Мноства пытанняў. Па польску я разумею, але размаўляць, нажаль, вельмі і вельмі складана.

Заўтра пачынаецца Страсны тыдзень. Строгі пост. Інтэнсіўная падрыхтоўка да Пасхі.

Усім жадаю духоўных і жыццёвых поспехаў!

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)