10.05.2013 Каложскі дыярыўш. Светлы тыдзень. Госці з Растова. Вечныя пытанні ад гандбалістак

Хрыстос уваскрос!

Заканчваецца Светлы тыдзень, але пасхальныя матывы будуць гучаць яшчэ да Увазнясення Хрыстова. Дзякуй Богу, адсвяткавалі радасна. Літургіі, сустрэчы з сябрамі і роднымі, святочныя трапезы… Усё як мае быць. Сёння пасля Пасхі быў першы па-сапраўднаму працоўны дзень. Пад’ём а 6.00. Летам падымацца лёгка і, нават, прыемна. Арганізм абуджаецца разам з сонейкам. У 7 быў у Каложы. Хоць тыдзень і святочны, але спраў назбіралася шмат. Далейшае святкаванне ўсё болей выклікала непакой наконт гэтага вораху спраў. Вось сёння і паспрабаваў разабраць хоць частку ад таго, што патрэбна. Праца была пладатворнай.

Учора ўвечары да нас прыехалі госці з Растова-на-Доне – прадстаўнікі моладзевага брацтва. Арганізавалі для іх экскурсію па гораду і начавалі яны ў нашым прыхадскім доме. Сёння пагутарыў з імі, падвёз да вакзалу. Прыемныя хлопцы і дзяўчаты, нашыя браты і сёстры. Робім адну Хрыстову справу. Хрыстос пасярод нас!

Увечары зайшоў у Каложу і дзве гадзіны не мог выйсці. Людзі і пытанні. Асабліва здзівіла група маладых дзяўчат-гандбалістак з Мінску. Мноства глыбокіх і сур’ёзных пытанняў. Хто кажа, што цяперашняя моладзь абыякавая да вечных пытанняў? Яны іх вельмі і вельмі хвалююць. Многія, праўда, хаваюцца ад іх за сучасным геданізмам і паказной абыякавасцю. Але, воляй-няволяй, пытанні гэтыя вырываюцца. Падыходзяць яны да іх своеасабліва, ставяць па-асобаму, але ўсё сапраўдна. Дай Бог пазнаць ім Хрыста як Шлях, і Ісціну, і Жыццё!

Протаіерэй Георгій Рой