Каложскі дыярыуш. Наведванне архіпастыра. Новы дыякан-калажанін. Барыса-Глебскае паломніцтва. Першы досвед беларускай літургіі. Ларыса Геніюш – беларускі Салжаніцын.

За мінулы з апошняга запісу час жыццё нашага прыходу было даволі такі насычанным. Па-першае, наш прыход наведаў наш архіпастыр уладыка Арцемій і пад час літургіі адбылася хіратонія ў дыяканы выхаванца нашага прыходу Дзмітрыя Паўлюкевіча. У той жа вечар адбыўся чарговы выпуск нашай васкрэснай школы. Дамовіліся з выпускнікамі рэгулярна сустракацца.

Другой важнай падзеяй можна назваць паломніцтва з вучнямі васкрэснай школы па Барыса-Глебскім храмам Панямоння. Адправіліся мы ад нашага храма і спачатку наведалі старажытны Барыса-Глебскі храм у вёсцы Накрышкі Дзятлаўскага раёну. У гэтай царкве я служыў прыхадскім святаром амаль 5 гадоў. За гэты час даследваў багатую і цікавую гісторыю гэтага храма і ўсяе мясцовасці. Здаецца, найбольшую радасць у дзяцей выклікала мажлівасць паспрабаваць сябе як званароў на накрышскай званіцы. Усе жадаючыя падымаліся да званоў і выбівалі свае перазвоны і благавесты. З Накрышак накіраваліся да Барыса-Глебскай царквы у Наваградку, якая стаіць, дарэчы на падмурку 12 стагоддзя. Тут адслужылі малебен да нашых нябесных пакравіцеляў святых князёў Барыса і Глеба. Наведалі Наваградскае замчышча. Уявілі з дзецьмі, што мы абаронцы замку і на нас і на наш замак ідуць грамады ворагаў. Адным словам было цікава. Навагрудак спадабаўся. З Навагрудку накіраваліся у Лаўрышава там чакаў нас мой аднакурснік па Семінарыі айцец Еўсевій – намеснік манастыра. Малітва, трапеза, экскурсія па манастыру, купанне ў купелі, прыгожае наваколле і атмасфера сапраўднага манастырскага жыцця. Накупіўшы манастырскага хлебу накіраваліся да Гародні.

У мінулую нядзелю ўпершыню служыў літургію на беларускай мове. Радасны і цікавы досвед. Вельмі хваляваўся за казанне. Адна справа прамаўляць запісаныя па-беларуску малітвы, і зусім іншая – казанне. Але Гасподзь дапамог. Асобы настрой на гэтую літургію, на малітву па беларуску стварыла маё знаёмства з біяграфіяй і творчасцю Ларысы Геніюш. Я пад вялікім уражаннем ад моцы яе духу, ад яе непахіснай веры, ад сапраўднай і такой глыбокай любові да Беларусі. Я наступным чынам вызначыў для сябе яе месца ў беларускай літаратуры: Ларыса Геніюш - беларускі Салжаніцын. Яна сапраўдны класік нашае літаратуры, але, нажаль, да сяго дня не рэабілітаваны і не прызнаны афіціяльна. Такі талент і такая моц духу стварае сапраўдную і непадкупную класіку. Далёка не ўсе афіцыяльныя класікі могуць параўнацца з талентам і непахіснасцю Ларысы Геніюш. Упакой Госпадзі яе душу!

У сераду 5 чэрвеня адбыліся нашыя біблейскія чытанні. Анонс гэтай сустрэчы з’явіўся за дзень да саміх чытанняў, але, дзякуй Богу, ахвотнікі да пагружэння ў глыбіны духоўнага сэнсу Свяшчэннага Пісання знайшліся і сустрэча была па-сапраўднаму цікавай. Разбіралі запаведзі блажэнстваў. З гэтай серады чытанні будуць рэгулярнымі – кожную сераду у 18.00.

З сардэчнымі прывітаннямі,

Ваш протаіерэй Георгій Рой