Каложскі дыярыуш. Узнясенне. Вільня-Жыровічы-Гродна. Школа экскурсаводаў. Крадзеж.

Вітаю Вас, шаноўныя браты і сёстры! Са святам Узнясення Госпада нашага Іісуса Хрыста!

Нашу чалавечую прыроду Хрыстос увазнёс на прастол УСЯВЫШНЯГА. Гэта і ёсць першааснова сапраўднага гуманізму. Мы ня проста адзін з выпадковых біялагічных відаў. Наша прырода ў Хрысце ўз'яднана з Творцам Сусвету. Таму і шануем мы асобу чалавека, яго духоўна-цялесны склад, яго жыццё і свабоду. Хрыстос увазнёсся дзеля таго, каб на чалавечую прыроду сышоў Святы Дух як новы пачатак жыцця людскога роду. Ён увазнёсся, але прыбывае неадступным ад нас, як і спяваем мы у святочным трапары.

Сёння адбыліся чарговыя чытанні. Няпростыя, але ў нейкім сэнсе натхнёныя. Не рыхтаваліся, але, як вядома, Слова Гасподне жыватворнае.

Сёння ранкам быў яшчэ ў Вільні. Ездзілі сям’ёй да радні нашае. Дык вось, ранкам Вільня, потым на Жыровічы, а каля гадзіны дня быў ужо ў Гародні.

На тыдні. Сустрэча з выпускнікамі нашай васкрэснай школы ля вогнішча з гітарай. Чытанне з імі Слова Божага. Памаліўшыся, вырашыў адкрыць выпадковы тэкст з Евангелля. І трапіўся тэкст пра прызванне вучняў. Невыпадкова. У суботу гулялі з хлопцамі ў футбол. Дык пасля гэтай гульні да сяго дня ні ног, ні спіны не адчуваю. Для моладзі нашай пачала працаваць школа экскурсаводаў. Ідэя такая. Большасць наведвальнікаў нашага храма прыходзяць малымі групамі без экскурсавода. А распавесці пра гісторыю Каложы далёка не заўсёды ёсць каму. Вось такімі экскурсаводамі і могуць быць нашыя маладыя калажане-школьнікі пад час сваіх вакацыяў. Працуе з імі прафесіянал – наша прыхаджанка Кацярына. А пад канец месяца пойдзем з моладдзю ў паход на Аўгустоўскі канал. Хто жадае далучайцеся!

Было на тыдні і непрыемнае… Працаваў у нас Андрэй, які зімою выйшаў з турмы. Калі быў снег – чысціў снег, потым падмятаў тэрыторыю, перакопваў клумбы і іншыя нескладаныя справы выконваў. За гэтую працу грошы атрымоўваю і іншую падтрымку. Але чалавеку цяжка выправіцца. Паклікалі яго старыя грахі. Учыніў ён крадзёж навюткай бензакасы, будаўнічых матэрялаў і прылад. Доўга разважаў, заяўляць на яго ў міліцыю ці не. Вырашыў, што не буду. Але, здаецца, усё роўна ў бліжэйшы час турмы яму не мінуць. Памаліцеся за яго…

Заўтра святкуем. А ў пятніцу цалюткі дзень вянчаем. У суботу хрысцім. Вось так і жывем.

Сардэчна Ваш,

Протаіерэй Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)