Каложскі дыярыуш. 15.06-17.06.

Вітаю Вас, дарагія браты і сёстры!

Думка, з якой жыў гэтыя дні - жыццё і  адносіны з людзьмі даражэйшыя за ўсе нашыя неадкладныя справы. Заўважыў, што людзі неяк саромеюцца заняць адзін у аднаго больш часу на размову, чым гэтага патрабуе абмяркаванне нейкай справы. Здаецца, мы пачынаем адвыкаць ад таго, што можна пагутарыць, як кажуць, “па душах” ці проста пра нейкія ўражанні, перажыванні… Асабліва небяспечная гэтая тэндэнцыя ў стасунках паміж хрысціянамі. Мы - сям’я дзяцей Божых і жыць мы павінны не толькі нашымі паўсядзённымі справамі, але,  як і ў кожнай нармальнай сям’і, патрэбна дзяліцца адно з адным тым, што на сэрцы. Разам радавацца і разам сумаваць.

Якімі былі гэтыя дні?

Субота 15.06. Адправілі Літургію. У гэты дзень да нашай святой Царквы праз Таінства Хрышчэння далучыліся шэсць новых воінаў Хрыстовых. Пасля хрышчэнняў я накіраваўся ў Жыровічы. Тут адбыўся выпуск студэнтаў пятага курсу. Я быў у іх на працягу пяці гадоў курсавым настаўнікам. Многае разам перажылі… Вечарам з нагоды выпуску на старой сядзібе Солтанаў зладзілі святочную вячэру. Колькі ж вясёлых успамінаў. Многа цікавага даведаўся і пра сябе, і пра іншых калег выкладчыкаў. Ад студэнтаў нічога нельга схаваць, усё заўважаць і з усяго пажартуюць. На тое яны і студэнты.

Нядзеля 16.06. У гэты дзень а. Ігар адзін служыў у Каложы. Я ж у гэты дзень быў на асвячэнні новай царквы у Ваўкавыску, якую збудаваў мой аднакурснік па семінарыі і акадэміі а. Аляксандр Юзва – брат нашага айца дыякана Уладзіміра. Гэта ўжо шостая царква, збудаваная маімі аднакурснікамі. На падыходзе яшчэ некалькі. За 12 гадоў пасля выпуску гэта, лічу, нядрэнны паказчык.

Было сапраўднае свята. Прыгожае і ўдахнавёнае набажэнства, якое ўзначаліў наш Уладыка Арцемій. Агульная радасць усіх прыхаджан. Плённая праца стварыла новы дом Божы на нашай зямлі.

Панядзелак 17.06. Адбылася чарговая сустрэча ў школе экскурсаводаў для выпускнікоў нашай нядзельнай школы. Здаецца, уражанні ў нашых “без пяці хвілін” экскурсаводаў пазітыўныя і матывацыя на належным узроўні. Пасля ўрока з іх выкладчыцай Кацярынай Віктараўнай абмяркоўвалі, як лепей зарганізаваць экскурсіі па Каложы, каб гэта было і цікава, і болей інфарматыўна.

Пачаў перачытваць “Споведзь” блажэннага Аўгусціна. Цвярозіць і натхняе на духоўную працу. Раю, дарэчы, усім гэтую кнігу.

Сардэчна Ваш, протаіерэй Георгій Рой