Каложскі дыярыуш. 18.06-19.06. Давід і Матфей. Разведка на Аўгустоўскі канал. Елізавета і Яўгеній. Беларус-японец. Супрацьпаветраная абарона ў Каложы. Хрыстос - нашае святло.

Аўторак быў звычайным, але выключна плённым рабочым днём. Пасля доўгага перапынку зноў узяўся за старажытнагрэчаскую мову. Задавальненне. Рыхтуюся да паступлення ў агульнацаркоўную дактарантуру. Далей - цякучыя справы па прыходзе. Падрыхтоўка да біблейскіх чытанняў. Напісанне новых праграм для магістратуры Мінскай духоўнай акадэміі.

У гэты дзень а. Ігар пахрысціў двух блізнятак, народжаных сямімесячнымі. І адзін, і другі ў рэанімацыі. Цяжкі стан. Памаліцеся за немаўлятак Давіда і Матфея.

Вечарам разам з Мікалаем - паважаным рэдактарам нашага сайта і з прыхаджанкай Нікай адправіліся ў разведку на Аўгустоўскі канал, куды збіраемся пайсці з юнакамі і дзяўчатамі нашага прыхода. Там я быў упершыню. Уражаны. Асабліва спадабаліся Кавеня і Яндрэня – лясныя азёры. Вельмі спадабаўся Сапоцкін. Увогуле ў гэтым куточку нейкая іншая Беларусь.

Серада. Літургію ў гэты дзень служыў а. Ігар. Паснедаць я не паспеў, таму пасля гадзіны вывучэння мовы заняўся ў нашым прыхадскім доме прыгатаваннем сняданку для сябе і для бліжняга – а. Ігара. Паехаў у краму набываць прадукты і пра тое, што гэта была серада і посны дзень, успомніў толькі тады, калі ўжо выходзіў з крамы. Але нічога, атрымалася нядрэнная салата з памідораў і агуркоў. За сняданкам цікавая размова…

Паспрабаваў заняцца інтэлектуальнай работай. Тэлефанаванне. Памірае бабуля, патрэбна паспавядаць і прычасціць. Выпадак складаны. Жанчына, Елізавета яе імя, толькі зрэдку прыходзіць у свядомасць. У яе спазм мышцаў, таму немагчыма адкрыць вусны, а гэта неабходна для прычасця. Еду са спадзяваннем, што ўсё ж такі атрымаецца яе прычасціць. Бабулька апрытомнела на хвілінку, згадзілася на прычасце, пакаялася. Патрэбна хуценька прычасціць яе. Лыжкай з цяжкасцю прыадкрылі ёй вусны. Але ад часціцы прычасця ў рот трапіла толькі маленькая крошка. Паўстала праблема, што рабіць з астатняй часткай. Паклаў яе ў чашу і павёз у царкву з той думкай, што на бліжэйшай літургіі апушчу гэтую часціцу ў агульную чашу. На падыходзе да Каложы сустрэў узрушаную жанчыну. Кажа, бацька ў вельмі цяжкім стане. Хутка памрэ. Просіць паспавядаць і прычасціць. Так, лічу невыпадкова, спатрэбілася і часціца Святога Прычасця, якая засталася.

Едзем у шпіталь. У мужчыны, Яугеній яго імя, раптоўна адняліся ногі. Закупорка венаў. Ампутацыя ўжо не мае сэнсу. Цяжкі крыж давядзецца панесці Яўгенію. Чалавек ніколі не спавядаўся і не прычашчаўся. Але Хрыстова падтрымка яму вельмі і вельмі неабходная, а таксама і нашыя малітвы. Чалавек на цяжкім крыжовым шляху. Пасля доўга размаўляем з дачкою. Сілы і цярпення патрэбны і хвораму, і яго блізкім.

Калі прыехаў у Каложу, сустрэў нашага беларуса-гарадзенца, які ўжо больш як 10 гадоў працуе ў Японіі. Праваслаўны. Наведвае сабор Нікалай-До, збудаваны святым Мікалаем Японскім.

Бліжэй да вечара сустракаў групу ваенных ракетчыкаў. Ваенная непасрэднасць, прамата, але і глыбокія думкі пра сэнс жыцця, пра духоўнае.

Вечарам чытанні. Мы, вучні Хрыстовы, – святло свету. Нашае святло павінна свяціць так, каб людзі бачачы нашыя добрыя справы, славілі Нябеснага Айца. Далей разважанні над тым, якое значэнне мае для нас Стары Запавет і Новыя запаведзі Хрыстовы. Як па мне, дык размова адбылася вельмі цікавая і насычаная.

Такімі былі гэтая дні, падораныя нам Богам.

Сардэчна ваш,

Святар Георгій Рой


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)