Падарожжа на Аўгустоў

Паважаны чытач, з радасцю дзялюся з  Вамі сваімі ўражаннямі ад нашага агульнага падарожжа на Аўгустоў… А ўсё пачыналася так… Айцец Георгій прапанаваў нарнійцам здзейсніць невялічкі паход на Аўгустоў разам з калажанамі – дзяўчынкамі і хлапчукамі, якія вучацца ў васкрэснай школе пры Каложскай царкве. Мы з дзецьмі адразу ж згадзіліся! І не пашкадавалі!

Дамова сустрэцца 26 чэрвеня, у сераду, а 12 каля Каложы… Прыходзім з дзяўчынкамі і знаёмімся адразу з Дашай і Юрай… Усміхаемся…

Гэта наша першае сур’ёзнае падарожжа…  І мы хвалюемся, незаўважна для  ўсіх!

12.00: нашыя рэчы і палаткі спакаваныя ў машыны, молімся… І едзем…

Надвор’е цудоўнае: прахладны дзянёк, воблачкі плаваюць па небе, трошкі крапае дожджык.. І нам усё падабаецца!

І вось… Мы на месцы, адсюль нам трэба прайсці 10 кіламетраў пешшу да нашага лагера. Усё ж такі ў нас паход

А. Георгій кіруе паходным працэсам! Паказвае нам абарончыя будынкі часоў другой сусветнай вайны - мы пад вялікім уражаннем ад убачанага...

 Ідзем прыгожым лесам, паўсюль адна суніца, збіраем яе і частуемся – вельмі смачна!

Любуемся хараством нашай беларускай прыроды, яе цудоўнымі зялёнымі куточкамі…

Невялічкі прыпынак на берагу Аўгустова… Сядаем, падсілкоўваемся, размаўляем, а я … Я ўвесь час фатаграфую: і лес, і сцежкі, і кветачкі, і дзяцей… і дарослых…

Апошнія пяць кіламетраў мы ішлі па аўтамабільная трасе… Цяжкавата, але ж у нас сапраўдны паход!

І вось мы на месцы, падыходзім - і бачым вогнішча, кацялок з абедам, некалькі палатак…. Адпачываем ..

Малітва, наш першы паходны абед… І мы ідзем рыхтаваць  начлег: ставім палаткі, разносім рэчы, збіраем дровы…

Увечары да нас прыязджае а. Ігар! Мы вельмі радыя!

Увесь час гуляем у валейбол, у казакоў-разбойнікаў, збіраем ягады: чарніцы і суніцы.. Усё робім разам: і дзеці, і дарослыя.

Запомнілася нам таксама сустрэча з добрым сябрам а. Георгія – Вячаславам, які нам увесь час дапамагаў..

Хочацца нагадаць нашую вячэрнюю сустрэчу з чытаннем Евангелія, таго кавалачку, калі Гасподзь суцішае на моры вецер.. А. Георгій сказаў, што паводле меркаванняў сіноптыкаў сёння павінен быць моцны вецер, навальніца, дождж..Але, вось дзіва – вечар быў ціхі-ціхі, сонечны і цёплы..

А пасля Вячаслаў паказаў нам розныя сродкі абароны ад нядобрых людзей. Будзем спадзявацца, што такіх на нашым жыццёвым шляху будзе няшмат, і ўсіх, каго нам дасылае Гасподзь, мы будзем сустракаць радаснай усмешкай і цёплымі абдымкамі!

Хлапчукі і некалькі дзяўчынак паспелі яшчэ і пакупацца ў чыстым і цёплым возеры! Астатнія дзяўчаты былі нераўнадушнымі гледачамі!

Заснулі мы вельмі позна, сядзелі ўвесь час ля вогнішца, спявалі песні, а. Геогій распавядаў нам цікавыя і вельмі смешныя байкі, дзеці смажылі хлеб на агні…

 Прыгожы вечар, цудоўнае надвор’е, добры настрой..

Раніца была прахладная, без сонца, але, дзякуй Богу, і без дажджу…

Праснуліся а восьмай, памыліся і пайшлі снедаць. Нам абавязкова трэба было добра падсілкавацца, бо пасля нас чакаў экалагічны дэсант: на жаль, паўсюль было вельмі шмат смецця. І такое прыгожае месца губляла частку свайго хараства. І вось усё тое, што пакінулі пасля сябе і свайго некультурнага адпачынку нявыхаваныя людзі, мы сабралі ў пакеты для смецця.

Нашая палянка адразу стала яшчэ больш прыгожай і, здаецца, пачала нам усміхацца!

Астатні час мы бавілі ізноў каля вогнішча, размаўлялі.. і нам было трошкі сумна, бо мы ўсе ведалі, што нам давядзецца развітвацца.

Дзіўна і радасна, што нарнійцы і калажане без аніякіх цяжкасцяў знайшлі агульную мову, посябравалі і ўвесь час бавілі только разам!

Вось такім было нашае незвычайнае падарожжа: сонечным, прыгожым, вельмі цёплым і сардэчным…

Я шчаслівая, што мне  і маім нарнійцам давялося пазнаёміцца з добрымі людзьмі. І ізноў я адчула, што мы - адна сям’я, што ёсць штосьці большае, чым кроўная  роднасць..

Гэта – Любоў ва Хрысце Іісусе… І дзякуючы, менавіта ёй, людзі, якія сустрэліся першы раз, сталі роднымі і блізкімі… Бо ў гэтай Любові няма ніякіх абмежаванняў, і гэта мы ўсе адчулі!

Шчаслівы кіраўнік дзіцячага праваслаўнага клуба “Нарнія”
Кароткая Воля

Фота: Інга Сакута 


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)