Каложскі дыярыуш. Вяртанне.

Вітаю вас, шаноўныя браты і сёстры, чытачы  каложскага дыярыуша! Даўно ўжо мы не адгортвалі старонак нашага дзённіка. Атрымалася тое, што звычайна бывае з дзённікамі. Хто спрабаваў іх весці, ведае пра гэта дакладна. Цяжка бывае трымацца рэгулярнасці запісаў то з-за недахопу часу, то з-за стомленасці, але, праўду кажучы, галоўная прычына – недахоп самадысцыпліны. Пост - найлепшы час, каб заняцца самавыхаваннем. Ды і думкі падчас посту неяк прасвятляюцца. Даўно ўжо заўважыў, што калі пашчуся, павялічваецца працаздольнасць і плённасць тых справаў, за якія бяруся.

Вялікі перапынак атрымаўся з часу апошняга майго запісу (19 чэрвеня). Патрэбна хаця б з большага ўсталяваць пераемнасць падзей.

Што было?

Быў нядзельны адпачынак. З сям’ёй былі на Балтыцы. Адпачывалі ў мястэчку Каркле, што паміж Клайпедай і Палангай. У мяне было вельмі скептычнае стаўленне да Балтыйскага мора як месца прыгоднага для летняга адпачынку. Але і мясціны вельмі цікавыя, і з надвор'ем пашанцавала. Акрамя ўсяго тыповага для адпачынку на моры, адбылося яшчэ і пагружэнне ў гісторыю. Я ўпершыню трапіў на тэрыторыю былой Усходняй Прусіі. Клайпеда – былы Мемель - дапамагла зразумець, што адбывалася на гэтых тэрыторыях стагоддзямі і як гэта ўсё адбівалася на Беларусі. Жартуючы кажу, што пасля гэтай паездкі ў мяне склаўся нейкі гістарычны пазл. Я пабываў там, адкуль крыжаносцы-тэўтоны хадзілі на заваяванне Гародні. Гэта стала нейкім імпульсам для ўзнікнення вялікага інтэрэсу да гісторыі ВКЛ у цэлым і Гародні ў прыватнасці. Вось з таго часу чытаю розныя кнігі па гісторыі Княства (А. Краўцэвіч, М. Ярмаловіч і інш.). Цяпер узяўся за вывучэнне гісторыі Праваслаўнай царквы за часамі Вітаўта. Здзіўляюць некаторыя высновы нашых гісторыкаў адносна рэлігійнага жыцця ў ВКЛ. Адразу відаць, што погляд іх на царкву, касцёл, язычніцтва, так бы мовіць, павярхоўны. Каб зразумець, патрэбна ведаць не толькі факты, але браць пад увагу і ўнутранныя рэлігійныя матывы, і своеасаблівасць рэлігійнага, хрысціянскага, царкоўнага светапогляду. А гісторыкі глядзяць на гэтыя падзеі неяк збоку, таму і інтэрпрэтацыя тых ці іншых падзей, звязаных з рэлігійным жыццём, на мой погляд, не адлюстроўвае рэчаіснасці.

З важных падзеяў адзначу таксама наша прастольнае свята – дзень памяці святых Барыса і Глеба. У мяне асаблівае і асабістае стаўленне да іх. Лічу, што яны моцна паўплывалі на маё жыццё. Падрыхтоўка была цяжкай, але свята падарыла адпаведны святочны настрой і радасць.

Быў артыкул пра папоў-алігархаў, якія, як сцвярджалі журналісты, набудавалі сабе ў Каложскім парку катэджаў за паўмільёна доаляраў кожны. І быў мой адказ, а потым дыскусія на S13 – нашым гарадзенскім інтэрнэт-партале. Многа неапраўданага нічым негатыву ў адрас святароў, царквы і хрысціянства ўвогуле. Спачатку я засмуціўся. А потым падумалася, што нічога новага тут няма. Так было заўсёды. Вось былі, напрыклад, антычныя філосафы, якія смяяліся і кпілі з хрысціян, як з нейкіх недаумкаў, і здавалася ім, што іх філасофія будзе вечнай, а хрысціянства загіне ў бліжэйшы час. І дзе цяпер тая філософія, і хто памятае імёны тых мудрацоў? А хрысціяне як былі, так і ёсць. Былі вялікія дзеячы Адраджэння і людзі, якія верылі ў тэхнічны прагрэс і здавалася ім, што вось-вось адбудзецца тэхнічная і культурная рэвалюцыя, якая адкрые новую светлую старонку ў гісторыі чалавецтва, і ў тым новым грамадстве не будзе болей месца хрысціянству. Але ідэі гэтыя, як аказалася, страцілі папулярнасць, а дасягненні тэхнічнага прагрэсу прынеслі не толькі дабро, але і многа зла – сотні мільёнаў ахвяр. І дзе цяпер тыя энтузіясты і іх ідэі? А хрысціянства як было, так і існуе. Былі камуністы і камсамольцы. І здавалася ім, што яны самыя перадавыя людзі ва ўсім свеце, і папоў і цэрквы яны вынішчаць. І дзе цяпер тыя камуністы і камсамольцы? А папы як былі, так і ёсць. Пройдзе час, і пабачым, што будзе з сучаснай прагрэсіўнасцю…

У астатнім, было звычайнае напаўненне святарскага жыцця: многа вянчанняў, хрысцін, споведзей, сустрэч, размоваў, людскіх радасцяў і горасцяў. З адметнага. Адна пара была беларуска-нямецкая: дзяўчына-беларуска і яе муж- немец. Малітвы чытаў на чатырох мовах, таму і вянчанне атрымалася чатырохмоўным - славянска-нямецка-беларуска-рускім.

З апошняга. Учора святкавалі т. зв. Мядовы Спас, а па афіцыйным царкоўным календары – дзень Вынясення Пачэснага Крыжа Хрыстовага. Лічу гэты дзень сваім сямейным святам. Згадзіцеся, для чалавека з прозвішчам Рой дзень Мядовага Спасу асаблівы.

На мінулым тыдні наведвалі дом-інтэрнат для старых і адзінокіх у Пышках. Цяжка было глядзець, як ляжачым хворым было цяжка вытрываць спякоту і духату. На гэтым тыдні былі з а. Ігарам у 1-й бальніцы. Каля сямідзесяці чалавек папрасілі аб споведзі і прычасці. І як заўсёды, асаблівыя ўражанні ад хворых з інсультам. Знянацку выхапленныя хваробаю са звыклага жыццёвага ходу, разгубленныя, часта неадэкватныя… Дапамажы ім Божа!

Таксама прашу малітваў за Валянціну. Маці трох дзяцей. Жанчыне 35. Пагроза смерці.

Вельмі ўзрушаны навінамі з Егіпту. За апошнія суткі знішчана 20 хрысціянскіх храмаў. Гінуць нашыя браты і сёстры. Мой сябар і калега па выкладанню ў семінарыі айцец Віктар Кулага быў нядаўна прызначаны настаяцелем рускай царквы ў Каіры. Цяпер ён там, у эпіцэнтры жахлівых падзей…

На наступным тыдні, вельмі спадзяюся, у Гродна пераедзе ўжо і мая сям’я. Заканчваем рамонт кватэры. І, як заўсёды, з будаўніцтвам шмат недаробак і праблем. Але што гэта за праблемы ў параўнанні з тым, што церпяць цяпер хрысціяне ў Егіпце...

Сардэчна ваш,

Протаіерэй Георгій Рой.


Расклад богаслужэнняў

Увайсці

Аўтарызацыя

Імя карыстальніка *
Пароль *
Запомніць мяне

Падпіска на вершы Л.Геніюш

Каложа 360°

Навіны Гродзенскай епархіі

Уваход

Д/ф "Каложа" (2007 г.)