Каложскі дыярыуш. 14.11.2013

Вітаю, шаноўнае спадарства!

Як бычыце, Каложскі дыярыуш не знік! Ён прадаўжае жыць… Старонкі нашага жыцця перагортвае подых часу, і яго імклівасць падчас не пакідае сілы, каб зрабіць нейкі адбіткі ўражанняў і думак.

У мінулы аўторак былі ў доме-інтэрнаце ў Пышках, наведвалі і прычашчалі нашых братоў і сясцёр. Памёрла раба Божая Таццяна – бабулечка, якая пры апошняй нашай сустрэчы сказала пра тое, што бачымся апошні раз. Кожны раз яна прычашчалася, заўсёды прасіла памаліцца за спачылых сваіх сваякоў і вось цяпер і сама ў ліку іх. Упакой яе Гасподзь! Прашу і я вашых малітваў за спачылую сястру нашу.

Уразіў і яшчэ адзін выпадак. З’явіўся там малады хлопец Сяргей. Пасля кантузіі. Неадэкватны. Падыходжу і пытаю: “Хочаш прычасціцца”? Нешта зусім незразумелае адказвае, і паводзіны дзіўныя. Вырашыў рызыкнуць і ўсё ж такі прычасціць яго. На дзіва ён спакойна прыняў прычасце і адразу як быццам бы прыйшоў да розуму. Спакойна падзякаваў нам і вельмі прасіў, каб часцей наведвалі яго.

Але больш за ўсё аўторак адзначыўся як дзень лекцый. Раніцай чытаў даклад на семінары намеснікаў дырэктараў школ па выхаванню на тэму Хрышчэння Русі. Паспрабаваў абвергнуць некаторыя стэрыятыпы. З тэкстам даклада можна азнаёміцца тут http://kalozha.by/be/publikatsyi/244-protoierej-georgij-roj-kreshchenie-rusi-aktualnye-voprosy

 А ў вечары чытаў лекцыю на катэхізічных курсах Уладзімірскай царквы на тэму: "Еўхарыстыя ў першым стагоддзі". Аўдыторыя мне вельмі спадабалася. Я думаў, што будуць бабулькі, а аказалася, што ўсе прысутныя – людзі сярэдняга ўзросту і дастакова дасведчанныя ў багаслоўі і царкоўнай гісторыі. Вельмі прыемнай была сустрэча і лекцыі прайшлі на адным дыханні.

У сераду была Літургія. Дзякуй Богу і ўсім братам і сёстрам, хто маліўся разам, духоўны настрой быў узнёслы. Пасля Літургіі сустрэча і размова з жанчынай, якая рыхтуецца прыняць святое Хрышчэнне. Хрыстос крануў яе сэрца, душу і розум.

У вечары быў бацькоўскі сход у школе, дзе навучаецца мой сын першакласнік. Разумею цяпер, што давядзецца вучыцца разам з сынам. І гэта толькі пачатак першага класа! Што ж будзе далей, калі і цяпер я ўжо не ўсё адразу разумею з іхняй праграмы?

Чацвер адзначыўся наступнымі падзеямі. Па інтэрнэт рэсурсах праляцела навіна пра пазбаўленне сана святара Навагрудскай епархіі Уладзіміра Каледы, а нашыя журналісты, якіх вучылі ж правяраць інфармацыю, распаўсюдзілі фотаздымак зусім іншага святара - Уладзіміра Каляды. Прыйшлося звяртаць увагу журналістаў на іхнюю блытаніну.

Потым была сустрэча з людзьмі сталага узросту, якія аб’ядналіся ў клуб і павышаюць свае веды ў розных напрамках. Захацелі сустрэцца са святаром. Рассказаў ім пра гісторыю і сімволіку іканапісу. Дамовіліся, што будзем сустракацца кожны месяц. Здзівіла інтэлегентнасць маіх слухачоў.

Гэтым і многім іншым жыў гэтыя дні…

Святар Георгій Рой