Каложскі дыярыуш. 16.11 - 18.11.2013

Самыя напружаныя, але, мабыць, і найбольш радасныя для святароў дні – субота і нядзеля.

Субота. У нашым прыходзе субота – дзень хрышчэнняў. Спачатку Літургія, на якой спавядаюцца і прычашчаюцца хросныя бацькі, а пасля Літургіі – хрышчэнні. Яшчэ адна асаблівасць суботняй Літургіі ў каложскім прыходзе тое, што яна кожную нядзелю служыцца па-беларуску. У мінулую суботу служба скончылася неяк хучэй, чым звычайна. Да хрышчэнняў, якія мы прызначаем на 11.00 заставалася амаль гадзіна часу. Каб хросныя не сумавалі, прапанавалі ім чай, а да чаю, як кажуць, што Бог паслаў: сушкі, пячэнькі і іншыя даброты ад паніхіднага стала. За чаем крыху паразмаўлялі і пажартавалі.

Хрышчэнні прайшлі спакойна. Дзеці моцна не плакалі. Гэта як Божы падарунак. Вельмі цяжка бывае маліцца, калі нехта з дзетак так завядзецца плакаць, што пры чытанні малітваў сам сябе не чуеш. А яшчэ да таго, у храме акустыка такая, што падаецца пранізлівы голас дзіцяткі ўзмацняецца ўдвая. Так што, вялікі дзякуй новаахрышчаным у мінулую суботу дзеткам за іх стрыманасць…

У дзень было асвячэнне кватэры. Памаліліся, а потым разгаварыліся з гаспадыняй кватэры. У чалавека гора ад таго, што любімы сын трапіў у нейкую секту. І ўсе адносіны змяніліся. Бізнэс перапісаў на сектантаў, з мамай не размаўляе, ледзьве не страціў кватэру, з сябрамі парваў… Цяпер, здаецца, пачынае разумець ненармальнасць сітуацыі, але выбрацца вельмі цяжка. Дапамажы ім Божа!

Увечары нядзельнае ўсяночнае трыванне. Я быў на споведзі. Вельмі ўдзячныя мы, каложскія святары, за тое, што ўсё больш і больш нашых пастаянных прыхажанаў пачынаюць спавядацца вечарам. Гэта дазваляе нам у нядзелю спакойна служыць Літургію не адрываючыся на споведзі. Літургія павінна быць Літургіяй, а не споведдзю.

Нядзеля. Па крысе ўсталёўваецца новая зімовая традыцыя прыхода - служыць дзве Літургіі. Ранняя - у новай дамовай царкве, і позняя – у старажытнай Каложы. Як аказалася, запатрабаваныя абедзве Літургіі. Ранішняя – пераважна сем’і з дзецьмі, дзеці нядзельнай школы і іх бацькі і тыя, каму здароўе не дазваляе маліцца ў халодным храме. Позняя Літургія для тых калажан, якія дзеля сваёй Каложы гатовыя цярпець і холад, і голад. Чаму голад? Вядома, перад Літургіяй не прынята есці, а позняя пачынаецца ў 10 гадзін, а заканчваецца недзе калі 12 гадзін. Гэта амаль што час абеду. Для самых самых малодшых на ранняй літургіі ў дамовым храме расцялілі ў пакойчыку, які прымыкае да царквы, два дываны, каб дзеткі не віселі ўвесь час на бацькоўскіх руках. Дзеткі могуць пагуляцца, а бацькі тым часам памаліцца.

Перад Літургіяй адбылася яшчэ адна значная падзея. Да нашае абшчыны жадае прыяднацца сястра Хрысціна. Яна вырашыла прыняць Таінства святога Хрышчэння, і перад ранняй Літургіяй я прачытаў над ёй старажытную малітву, якая ўводзіць чалавека ў лік аглашэнных народа Божага. Такім чынам, у нас цяпер дзве сястры, якія праходзяць аглашэнне і рыхтуюцца да духоўнага адраджэння ў хрышчальнай купелі.

Яшчэ адна новая традыцыя прыходу. Пасля ранняй Літургіі прапануем дзецям снеданне. Гэтым разам была аўсянка. На дзіва ўсе талерачкі былі чыстымі.

Пасля поздняй Літургіі – традыцыйны чай. Здзіўляе тое, што кожны раз прыхажанкі нашыя прыносяць такія прысмакі да чаю, што пальчыкі абліжаш. Але самае галоўнае тое, што а. Александр Шмеман называў Літургіяй пасля Літургіі. Грэх, калі мы пасля агульнай малітвы і пасля адзінай Чашы Хрыстовай не знаходзім часу, каб сустрэцца і паразмаўляць адзін з адным.

Адпачыўшы крыху пасля Літургій, адправіліся з сям’ёй па гарадзенскім кніжным крамам. Набыў адну кнігу сучаснага аўтара на беларускай мове. Пачаў чытаць. Пра ўражанні крыху пазней.

Увечары, пасля вячэрняга акафіста, завіталі без папярэджання з а. Ігарам у госці да настаяцеля – а. Аляксандра. Сямейная вячэра і цеплая размова.

Панядзелак. Сёння была саборная Літургія ў царкве на Дзевятоўцы, дзе служыць мой сябар і аднакурснік па семінарыі і акадэміі а.Уладзімір. Сабраліся святары гарадзенскіх цэркваў. Радаснае пачуццё саборнасці і на Літургі,і і пасля ее за святочным абедам. Дай Бог сілаў і а.Уладзіміру, і прыхажанам у вельмі і вельмі складанай справе будаўніцтва галоўнай царквы. Праект вельмі прыгожы, але і здейсніць яго няпроста.

Астатняя частка дня бягучыя справы і крыху адпачынку. За мноствам спраў засумаваўся па кнігах. Хочацца чытаць… Гэтаму і будзе прысвечаны вечар панядзелка.

З Богам!

Протаіерэй Георгій Рой